У Браварах пад Кіевам упаў верталёт ратаўнікоў. Загінулі кіраўніцтва МУС і тры дзіцяці


Раніцай 18 студзеня жыхары Бравароў Кіеўскай вобласці паведамілі пра выбух у горадзе, а затым пачаўся маштабны пажар каля дзіцячага садка.

Месца падзення верталёту ДСНС ля дзіцячага садку ў Браварах, у якім ляцела кіраўніцтва МУС Украіны. Бравары, Кіеўская вобласць, Украіна. 18 студзеня 2023 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«Реальный Киев», спасылаючыся на словы відавочцаў, паведамляў, што ў Браварах упаў гелікоптар ці БПЛА. Вакол усё зацягнутае дымам і гарыць, былі чутныя крыкі, усе спецслужбы на месцы.

Затым з’явіўся каментар Офісу прэзідэнта Украіна пра тое, што на абʼект сацыяльнай інфраструктуры на Кіеўшчыне ўпаў лятальны апарат.

Аляксей Кулэба, кіраўнік Кіеўскай абласной ваеннай адміністрацыі, на месцы падзення верталёту ў Браварах, Кіеўская вобласць, Украіна. 18 студзеня 2023 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Як распавялі ў кіеўскай паліцыі, у Браварах паблізу дзіцячага садка ўпаў шрубалёт, успыхнуў пажар.

«Падчас трагедыі ў дзіцячым садку былі дзеці і працаўнікі ўстановы. Цяпер усіх эвакуявалі. На месцы падзення працуюць хуткія, паліцыя і пажарнікі», – удакладніў кіраўнік Кіеўскай вобласці Аляксей Кулэба.

Затым у паліцыі Украіны паведамілі, што ў Браварах разбіўся гелікоптар Дзяржаўнай службы надзвычайных сітуацыяў (ДСНС). У выніку авіякатастрофы загінула кіраўніцтва МУС: міністр Дзяніс Манастырскі, першы намеснік міністра Яўгеній Енін і дзяржсакратар міністэрства Юрый Лубковіч.

На гэты момант паведамлялася пра 16 загінулых, у тым ліку дваіх дзяцей. Дзевяць загінулых былі на борце шрубалёта. У шпіталях застаюцца 22 пацярпелыя, у тым ліку 10 дзяцей.

Што здарылася

Як паведаміў спікер камандавання ВПС Юрый Ігнат, гелікоптар, які ўпаў у Браварах, выконваў задачы Дзяржаўнай службы надзвычайных сітуацыяў.

Агароджаная тэрыторыя дзіцячага садку, ля якога ўпаў верталёт ДСНС. Бравары, Кіеўская вобласць, Украіна. 18 студзеня 2023 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат
Пацярпелыя стаяць ля машыны хуткай дапамогі ў Браварах, Кіеўская вобласць, Украіна. 18 студзеня 2023 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат
Паліцыя перапісвае паказанні сведак падзення верталёту ДСНС у Браварах, Кіеўская вобласць, Украіна. 18 студзеня 2023 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«На жаль, гэта здарылася са шрубалётам ДСНС, які выконваў задачы і здзяйсняў палёт. Ва Украіне цяпер ёсць пэўная колькасць такіх шрубалётаў, якія выконваюць задачы для абароны краіны», – заявіў Ігнат.

«Верталёт зрабіў тры колы над «Форай», вылецеў у цэнтр, пачаў рэзка зніжацца, ударыўся, загарэўся і ўсё», – распавёў браварчанін пра апошнія хвіліны перад авіякатастрофай.

У Офісе прэзідэнта Украіны паведамілі, што кіраўніцтва МУС паляцела на шрубалёце на заданне ў адну з гарачых кропак.

Паводле папярэдняй версіі следства, прычынай авіякатастрофы ў Браварах была памылка пілота.

Трагедыяй зоймецца СБУ

Як удакладніў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, загінулі 15 чалавек, у тым ліку трое дзяцей. Дакладная колькасць ахвяраў трагедыі высвятляецца. Траўмаваныя 25 асобаў, сярод іх – 10 дзяцей.

Жанчыны ўскладаюць кветкі ля стыхійнага мемарыялу ля дзіцячага сада. Бравары, Кіеўская вобласць, Украіна. 18 студзеня 2023 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат
Паліцыя праводзяць устанаўленне асобаў, загінулых у выніку падзення верталёта на тэрыторыі дзіцячага сада. Бравары, Кіеўская вобласць, Украіна. 18 студзеня 2023 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат
Супрацоўнікі паліцыі стаяць ля абломку верталёту, які ўпаў на тэрыторыі дзіцячага садку. Бравары, Кіеўская вобласць, Украіна. 18 студзеня 2023 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Зяленскі даручыў Службе бяспекі Украіны ва ўзаемадзеянні з Нацыянальнай паліцыяй Украіны і іншымі ўпаўнаважанымі органамі высветліць усе акалічнасці здарэння.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў