У Свята-Елісавецінскім манастыры назвалі праведным гневам аплявуху ад манашкі барабаншчыку ў Віцебску


У Свята-Елісавецінскім манастыры пракаментавалі «Белсату» тузаніну ў Віцебску. Там назвалі праведным гневам аплявуху ад манашкі барабаншчыку. У манастыры заявілі, што яе справакавалі.

Інцыдэнт адбыўся ў Віцебску падчас вулічнага выступу барабаншчыкаў. На відэа чутно і бачна, як незадаволеныя манашкі крыкам выганялі музыкаў, а адзін з іх нават атрымаў удар па твары.

У сацсетках выказалі меркаванне, што барабаншчыкі і гледачы заміналі гандлю ў царкоўнай лаўцы, што працавала побач. У Свята-Елісавецінскім манастыры гэтую версію адмаўляюць:

«Учынілі танцы і шум на прыступках храму. І ніхто не рэагаваў на спакойныя просьбы: калі ласка, памяняйце месца размяшчэння выступу і танцаў. Сказалі, што мяняць не будуць. Ніхто – ні міліцыя, ні людзі побач – усе былі абыякавыя да таго, што адбываецца. Мабыць, лічаць, што гэта нармалёва».

У Свята-Елісавецінскім манастыры таксама заявілі, што барабаншчыкі сабралі натоўп, і там магла паўтарыцца трагедыя на Нямізе:

«Там пачалася цісканіна, і магла здарыцца такая ж трагедыя, як на Нямізе. Таму, каб пазбегчы трагедыі, давялося іх з гэтага месца папрасіць сысці».

Hавiны
Свята-Елісавецінскі манастыр зладзіў канцэрт у падтрымку тых, хто ваюе на Данбасе
2023.06.18 23:02

У манастыры сцвярджаюць, што манашку, якая ўдарыла хлопца-барабаншчыка, справакавалі:

«Натуральна, калі чалавек сказаў: я нікуды не пайду і буду далей тут усё гэта ладзіць, то гэта, вядома, выклікала такі праведны гнеў».

Зрэшты, учынак манашкі ўсё ж стане прычынаю ўнутранага правярання, сказаў суразмоўца «Белсату»: «Для гэтага маецца кіраўніцтва, усё правераць».

Манашка Свята-Елісавецінскага манастыра ўдарыла музыку ў Віцебску. Скрыншот відэа: «Хрысціянская візія» / Telegram

Свята-Елісавецінскі манастыр Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату не ўпершыню трапіў у скандал. Гэтая рэлігійная арганізацыя неаднаразова ладзіла імпрэзы, каб падтрымаць расейскую агрэсію ва Украіне, манашкі збіраюць для расейскіх жаўнераў грошы, медыкаменты, адзенне і абутак.

Аналітыка
Ад манашак да былога амапаўца. Якія ініцыятывы ў Беларусі дапамагаюць расейскай агрэсіі
2023.02.07 07:16

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў