Свята-Елісавецінскі манастыр зладзіў канцэрт у падтрымку тых, хто ваюе на Данбасе


У менскім Свята-Елісавецінскім манастыры адбыўся канцэрт з праваеннай тэматыкай пад назвай «Сваіх не кідаем». Сцэна была «ўпрыгожана» выявамі ваенных злачынцаў з групоўкі «ДНР».

Напачатку імпрэзы протаіерэй Андрэй Лемяшонак заявіў, што канцэрт прысвечаны людзям, «якія цяпер пад абстрэлам, якія цяпер ваююць», і заклікаў падтрымаць іх. «Сваё стаўленне да таго, што адбываецца, мы павінны выказаць смела і рашуча, не хаваючыся», – падкрэсліў ён.

Telegram-канал «Хрысціянская візія» адзначае, што у першай афішы манастыр паведамляў пра збор сродкаў у гэтым дабрачынным канцэрце для расейскіх вайскоўцаў, выкарыстоўвалася там і літара «Z». Пасля агалоскі манастырскі цэнтр «Каўчэг» перавярстаў афішы: «Z» знікла, а грошы сталі збіраць на «закупку медабсталявання і лекавых сродкаў для шпіталяў Данбаса».

«Хрысціянская візія» звяртае ўвагу на тое, што праграма канцэрта была мілітарысцкай, у большасці песень гучала тэма «За Расею да канца». Прыезджыя валанцёры пастаянна са сцэны заклікалі «паскорыць перамогу».

Сцэна была «ўпрыгожана» выявамі дзейнага лідара групоўкі «ДНР» Дзяніса Пушыліна, а таксама забітых палявых камандзіраў Аляксандра Захарчанкі, Арсена Паўлава («Матарола») і Міхаіла Талстых («Гіві»).

«Гіві» і «Матарола» вядомыя расстрэламі, катаваннямі і здзекамі над украінскімі палоннымі. Праваахоўныя органы Украіны ў свой час завочна выставілі палявым камандзірам абвінавачванне ў ваенных злачынствах. Захарчанку і Пушыліна ва Украіне абвінавачваюць у кіраўніцтве тэрарыстычнай арганізацыяй.

Канцэрт у Свята-Елісавецінскім манастыры. На задніку ў левым ніжні вуглу відаць выявы «Гіві», «Матаролы», Аляксандра Захарчанкі і Дзяніса Пушыліна. Скрыншот з відэа Свято-Eлисаветинский монастырь / YouTube

Нагадаем, у жніўні 2022 года ў менскім Свята-Елісавецінскім манастыры з добраславення протаіерэя Андрэя Лемяшонка была створаная валанцёрская група «Дапамога братам» – яна падтрымлівае расейскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны.

Манашкі збіраюць для расейскіх жаўнераў грошы, медыкаменты, адзенне і абутак, а таксама лісты падтрымання (лісты падпісваюць «Дорогому солдату из Белой Руси» або «Дорогому солдату из Белоруссии»). Перадаюць яны ўсё гэта не наўпрост у войска, а расейскім валанцёрам, якія самі ўсё размяркоўваюць. Імаверна, сабраныя беларускімі манашкамі грошы ідуць у тым ліку на закупы вайсковай амуніцыі і рыштунку.

Аналітыка
Ад манашак да былога амапаўца. Якія ініцыятывы ў Беларусі дапамагаюць расейскай агрэсіі
2023.02.07 07:16

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў