У карцішкі няма брацішкі

Працэсы, якія сталі ўсё часцей адбывацца ў стасунках паміж беларускім і расейскім спортам, задэклараванаму збліжэнню пакутнікаў ад санкцый аніяк не садзейнічаюць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Заўзятары трымаюць плакат на Кубку Першага каналу (хакей) паміж камандамі «Расея 25» і Беларусь у Лядовым палацы спорту ў Санкт-Пецярбургу, Расея. 16 снежня 2023 года.
Фота: Maksim Konstantinov / Russian Look / Forum

Выраз, вынесены ў загаловак, яскравы ўспамін майго дзяцінства. Калі мы прыязджалі да дзядулі ў Асіповічы, то станавіліся сведкамі гарачых картачных баталіяў наўпрост у двары перад хатаю. Гэта, канешне, не былі шляхетныя брыдж, альбо прэферанс. Гулялі ў звычайнага «дурня» з правіламі, якія лёгка разумелі ўсе: ад школьнікаў да дзядкоў сталага веку. Не было аніякіх пераводных, альбо падкідных «дурняў». 36 карт – самы рэальны і распаўсюджаны варыянт, універсальнасць якога адлюстроўвалася ў тым, што падыходзіла як для двух удзельнікаў, гэтак і для вялікай кампаніі.

Справа была вельмі займальная і мой дзядуля Аляксандр часта, скінуўшы апошнюю карту, альбо вешаючы «пагоны» суперніку, не мінаў магчымасці сказаць: «У карцішкі – няма брацішкі». То бок, якім бы ты вялікім сябрам ні быў, альбо, нават, найбліжэйшым сваяком, а ў гульні – усе роўныя. І гэта не значыць, што хтосьці камусьці штосьці вінен.

Раней, калі межы, умоўна кажучы, былі адкрытыя, канцэнтрацыя ўнутраных стасункаў паміж расейскімі і беларускімі атлетамі не была такой відавочнай. І не выглядала надта напружанай. То бок не насіла вымушаны і безвыходны характар. Пазней ужо прыходзілася спаборнічаць адно з адным часцей, і беларусы захацелі прымазацца да значна больш заможных спартовых арганізацыяў суседняй дзяржавы. Там хацелі зарабляць, выступаючы ў іх спаборніцтвах. Але высветлілася, што свет ужо не той, і  прымаць там нашых суайчыннікаў, як сваіх, ніхто не збіраецца. Ну альбо, хіба толькі на словах.

Больш за год таму ўзніклі пытанні з выступам беларускіх біятланістаў у Кубку Расеі. Высветлілася, што ўдзел беларусаў ва ўнутраных спаборніцтвах «брацкай краіны» не прадугледжаны ў расейскіх нарматыўных дакументах міністэрства спорту Расеі. Можаце, канешне, далучыцца, але на птушыных правах: без грашовага ўзнагароджання, месца на п’едэстале, агульнакамандавага заліку. Максімум, што можам прапанаваць – гэта кветкі (пастаяць збоку, як удзельнікі цырымоніі ўзнагароджання), альбо сертыфікат (грамату).

Не змянілася сітуацыя і зараз. Ды і, справядлівасці дзеля, варта прызнаць, што не павінна быць увогуле пастаноўкі такога пытання. З якой нагоды расейцы мусяць не толькі даваць беларусам доступ да спаборніцтваў, але і аплочваць поспехі канкурэнтаў? Калі адбываўся такі форум, як нядаўняя ІІ Усерасейская спартакіяда наймацнейшых, якая была задуманая як спаборніцтва паміж суб’ектамі Расейскай федэрацыі, то прадстаўнікам іншых краінаў не забаранялася прыехаць паглядзець. Але акрамя беларусаў ніхто так не прыніжаўся і не напрошваўся непасрэдна на ўдзел. У сітуацыі з біятлонам, нагадаю, гісторыя цягнулася больш як паўгода, а вырашылася ўсё за тыдзень да старту.

А што, уласна, могуць самыя беларусы? Ці зладзілі яны на сваёй тэрыторыі нейкія буйныя турніры з далучэннем салідных спонсараў? Кубак Саюзу біятланістаў Расеі арганізоўваюць гаспадары, Кубак Садружнасці па біятлоне фінансуецца з бюджэту гэтага самага СНД. Дзе выключна беларусамі збудаваны ад самага пачатку і да канца (узнагароджання годнымі прызамі) такі форум?

Спорт – гэта бізнес перш за ўсё. Але яшчэ ад савецкіх часоў на тэрыторыі СССР была ўкаранёная ганебная практыка забяспечваць спартоўцаў за конт бюджэту ўсім гатовым. Пры тым, што яны ж нічога самі не вырабляюць. То бок, іх высілкі – не для манетызацыі бюджэту, а выключна спажыванне. Пры гэтым спартоўцы заўсёды жылі і жывуць значна лепей за тых, хто, уласна, вырабляе прадукцыю і рэалізоўвае яе.  Інстытуту спонсарства ўнутры спартовай галіны як не было ў СССР, так няма і ў Беларусі. Калі расейскія спартовыя федэрацыі маюць генеральных спонсараў, то беларускія – выключна генеральных партнёраў.

Спонсарства ў сённяшняй Беларусі ўвогуле немагчымае. І ніколі не будзе магчымае, пакуль на чале дзяржавы рэтраградная ўлада. Спорт мусіць быць вольным ад яе, каб нешта зарабляць і на сённяшні дзень, і на будучыню.

Але і гэта яшчэ не ўсё. У саміх спартовых арганізацыях павінныя працаваць пісьменныя па-сучаснаму менеджары, якія і будуць шукаць гэтых самых спонсараў, прапаноўваючы ім тое, што можа зацікавіць і будзе карысным для абодвух бакоў. Гэта таксама навука, якую трэба спасцігаць, а не губляць час на выпрошванне грошаў у міністэрства спорту і турызму. А нашыя спартоўцы ўжо звыкліся з гэтым і працягваюць спадзявацца выключна на бюджэтнае фінансаванне. Ад таго вымушаныя выконваць і ідэалагічныя патрабаванні, якія перад імі ставяцца.

Наколькі дылетантам выглядае ў футбольных справах старшыня Беларускай федэрацыі футболу Мікалай Шарснёў, але і ён, як былы кіраўнік некалькіх вытворчых арганізацыяў, абураецца такім становішчам справаў. Новы этап барацьбы за гэтак званую «дзяржпадтрымку» у спорце, здаецца, яго больш раздражняе, чым надае жадання ўключацца ў яе.

«Не ўяўляю, як можна выходзіць на працу 2-3 студзеня, калі няма гадавога бюджэту, – прамовіў на нядаўняй Канферэнцыі Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футболу» Шарснёў. – Я ўвесь час працаваў на вытворчасці, і мне, як вытворцы, гэта не зразумела. Неабгрунтаваная валакіта, па сутнасці, нівелюе дзяржаўную падтрымку спорту, значна зніжаючы ейную эфектыўнасць. Плодзіцца запазычанасць, расце сацыяльная напружанасць».

Агляд
Саюзная дзяржава для біятланістаў: беларусаў дапусцілі да расейскай Спартакіяды
2024.02.02 15:01

Канешне, пытанне годнага і незалежнага фінансавання беларускага спорту – тэма не сённяшняга дня.

А гэта правакуе раздражненне з далейшымі канфліктамі. Як, напрыклад, абураўся перад зімовай Спартакіядай народаў Расеі алімпійскі чэмпіён па біятлоне Дзмітрый Васільеў. Мы, маўляў, прадставілі беларусам пляцоўку да спаборніцтваў, дык яны яшчэ і грошы просяць. А ўзгадаем нядаўні канфлікт у юнацкім хакеі, калі расейцы пакінулі свае прызы на лёдзе наўпрост перад сенатарам Баскавым у знак нязгоды з суцэльна несправядлівым (паводле іх меркавання) судзействам у вырашальным матчы «Кубка развіцця»! За што былі няшчадна прыніжаныя. І найбольш – кім? Юрыем Файковым, які праз шматгадовую трэнерскую кар’еру мусіў бы навучыцца педагогіцы, а не выглядаць гопнікам з падваротні.

«Тры дэбілы, калі не сказаць, адмарозкі, выйшлі і паказалі нікому не патрэбгае «фе», паставіўшы свае крыўды вышэй за хакей».

Файкоў так, па-прасцецку, як у нас казалі, па-калгаснаму выказаўся не толькі пра прадстаўнікоў іншаземнай дзяржавы, але і ў адрас няпоўнагадовых дзяцей, абразіўшы і сябе, і Беларусь, куды, пасля гэтага лішні раз не будуць спяшацца ехаць.

Чарговыя міжсабойчыкі беларускай і расейскай мужчынскіх зборных па гандболе, якія назвалі Суперсерыяй і цяпер праводзяць у Расеі (13, 15, 17 сакавіка. Казань, Масква, Чэхаў) таксама не сталі «цёплымі». Фрагмент хвіліннага перапынку падчас першага, прагулянага беларусамі (28:31) двубою трапіў у трансляцыю з гукам:

«Не звяртайце ўвагу на гэты цырк! Ясна, што «забіваюць», – вымавіў у тайм-аўце галоўны трэнер зборнай Беларусі Юрый Шаўцоў.

Гутарка ішла пра судзейства, якое ў гандболе, звычайна, лёгка карэктуецца ў той бок, які трэба. Ясна, што будуць судзіць па-свойму, на карысць гаспадароў. Але ўсё роўна едуць і гуляюць. Таму што больш, па сутнасці, няма з кім. Што выразна праявілася на Гульнях краінаў СНД у Беларусі (жнівень, 2023 года), калі розніца ў класе і, адпаведна, у ліку паміж беларусамі, расейцамі і іншымі прадстаўнікамі СНД – зашкальвала.

Трэба ведаць, разумець і прызнаць: у спорце, як і агулам у жыцці, стасункі з Расеяй выгодныя толькі палітыкам, а калі больш дакладна, кіраўнікам дзяржаваў. У спорце «брацтва» толькі дэкларуецца заклікамі, якія не маюць пад сабою ніякага практычнага ўжывання. Сябруюць чыноўнікі на розных расейска-беларускіх паседжаннях. А ў дзейных спартоўцаў – канкурэнцыя: была, ёсць і будзе.

Беларусь, «дзякуючы» Лукашэнку, амаль на роўных церпіць з-за вайны ва Украіне. Але як скончыцца гэтае шаленства і санкцыі з часам будуць знятыя, расейцы, дзякуючы значна большым фінансавым рэсурсам і сістэме, выбудаванай для падтрымання спорту высокіх дасягненняў, вернуць сваё месца ў эліце планетарнага спорту значна хутчэй, чым на гады заціснутыя і адасобленыя ад усяго цывілізаванага свету дзяржаўнай сістэмай кіравання беларусы.

Меркаванні
Ці ўсё тое золата, што блішчыць?
2023.08.15 10:00

Алесь Пуціла belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў