«Зялёная мяжа» Агнешкі Голянд – некамфортнае, але такое важнае кіно

Сяброўка сказала, што да выбару сеансу для прагляду «Зялёнай мяжы» трэба паставіцца сур’ёзна. Калі раніцаю паглядзець – гэта, вядома, танней, але потым цэлы дзень будзеш пракручваць у галаве жорсткія карцінкі з фільму і працаваць толкам не здолееш. Калі ўвечары паглядзець – ёсць імавернасць, што не заснеш спакойна. Я абрала сеанс пасярод дня. «Магчыма, будзеш там плакаць, будзь гатовая», – сказала мне сяброўка ў якасці зычэння.

«Зялёная мяжа» – свежы фільм польскай рэжысёркі Агнешкі Голянд, які атрымаў спецыяльную ўзнагароду Венецыянскага кінафестывалю. Фільм апавядае пра сітуацыю на беларуска-польскай мяжы, дзе сотні мігрантаў з Блізкага Усходу і Афрыкі спрабуюць трапіць у Еўропу ў пошуках свабоды і бяспекі. Еўропе, аднак, і Польшчы ў прыватнасці, гэтыя мігранты не вельмі патрэбныя. Уласна, як і афіцыйнай Беларусі, якая выкарыстоўвае гэтых людзей у якасці гібрыднай зброі. Гэтак, памежныя работнікі абедзвюх краінаў гуляюць жывымі, а часам і мёртвымі людзьмі, у своеасаблівы пінг-понг, перакідваючы іх з адной мяжы на другую. Пушбэк – гэтак называецца гэтая з’ява ў прэсе і палітыцы. Пушбэкі не фантазія рэжысёркі, а рэальная практыка. За апошнія чатыры месяцы задакументаваныя больш за 6000 пушбэкаў па ўсёй мяжы ЕЗ.

Мигранты у деревни Гжибовщизна в Подляском воеводстве в Польше, миграционный кризис
Мігранты на беларуска-польскай мяжы. 20 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Фільм Голянд чорна-белы і не дазваляе адпачываць ні воку, ні вуху – гэта зусім не «Барбі». На фоне дыялогаў галоўных герояў увесь час плачуць дзеці, і гэты плач вельмі хочацца вымкнуць – упэўненая, нават тым з нас, у каго ёсць дзеці. Па першай гадзіне нарэшце надыходзіць доўгачаканая цішыня, і я трошкі выдыхаю ад радасці. Дарма: адна з гераінь улучае відэа на тэлефоне, дзе зноў гучыць гэты плач. Ад яго не схавацца.

Сваёй працаю Голянд крытыкуе дзеянні польскіх памежнікаў, якія, згодна з міжнароднымі дамовамі, абавязаныя прымаць звароты людзей пра прытулак у вуснай форме, аднак не робяць гэтага. Нягледзячы на крытыку дзяржаўных інстытутаў, фільм усё роўна ідзе ў кінатэатрах. Здаецца, гэта называецца дэмакратыяй і свабодай выказвання?

Агнешка Голянд знаходзіць фінансавае падтрыманне для сваіх працаў у еўрапейскіх краінах, напрыклад, у Францыі. Гэта, дарэчы, вельмі заўважна ў апошняй сцэне фільму (увага: спойлер), дзе польскія падлеткі разам з падлеткамі з былой французскай калоніі ў Афрыцы чытаюць рэп па-французску. Свята Еўропы? Перамагло сяброўства? Моладзь заўсёды знойдзе агульную мову і за ёю будучыня? А калі б гэтыя падлеткі размаўлялі па-арабску, хто б з імі рэп пачытаў?

Зрэшты, рэжысёрка сама выдатна ведае ўсе гэтыя праблемы і закранае ў сваёй працы яшчэ адну складаную тэму, а менавіта – еўрапейскага расізму ў кантэксце міграцыйнай палітыкі. Розніца паміж прыняццем белых украінцаў і нябелых сірыйцаў, нігерыйцаў ды іранцаў каласальная. Калі адным памежнік падасць руку ў аўтобусе і пачастуе дзіця цукеркай (адгадай, каго), то іншым даводзіцца прабірацца балотамі і замярзаць у зімовых лясах.

«Толькі не ў Беларусь, толькі не ў Беларусь», – крычаць персанажы фільму, і я, здаецца, бязгучна крычу разам з імі, бо вельмі добра разумею, чаму яны не імкнуцца туды. Хочацца верыць, што аднойчы назва краіны, дзе ў мяне ўпершыню з’явіліся сябры і дзе я ўпершыню закахалася, будзе ўжывацца ў іншым кантэксце. Але гэтага яшчэ давядзецца пачакаць, а пакуль чакаем – паглядзім «некамфортнае» кіно Агнешкі Голянд.

Віка Біран / Авер belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў