Фільм «Барбі» як нара ў поп-фемінізм

Вы ўжо схадзілі на фільм «Барбі»? Я схадзіла проста на прэм’еру – сядзела ў першым шэрагу збоку і доўга абвыкала да нязвыклага ракурсу. Дзеля «Барбі» можна і патрываць трошкі! Не таму, што гэта нейкі геніяльны фільм – абсалютна не, папса страшная! Але хаця б для таго, каб разумець усе мэмы пра Барбі і Кена, якімі ўжо поўніцца інтэрнэт – і будзе поўніцца яшчэ некалькі месяцаў. У мэмах зашытыя культурныя коды. Праз мэмы можна зразумець гэты свет – ці, прынамсі, атрымаць уяўленне, як іншыя разумеюць гэты свет.

Наведнікі «Malibu Barbie Cafe», Чыкага, ЗША, 5 чэрвеня 2023 года.
Фота: TNS/ABACA/ Abaca Press/Forum

У кінатэатр я пайшла з сяброўкамі, вялікім папкорнам і півам. Калі ўбачыла святочна ўбраны натоўп – расхвалявалася, што не сцяміла сама таксама ўбрацца. Патрэбнае свята! Пасярод дарослага жыцця з усімі яго падаткамі, відамі на жыхарства і купляй лямпачак так патрэбна свята! Папулярныя фільмы кшталту«Барбі» могуць нам гэтае свята забяспечыць. Прапаную іх не цурацца, бо яны – партал у казку, вароты ў шчасце, тунэль ва ўтопію, і ад іх звычайна нават не баліць галава і не развіваецца залежнасць.

Для тых, хто супраціўляецца папулярным фільмам, вось кароткі змест (увага, спойлеры). Барбі жыве ў сваім ідэальным пластыкавым свеце, але аднойчы з ёй здараецца экзістэнцыйны крызіс, і яна разумее, што свет больш жорсткі. У ім ёсць беднасць, пакута і несправядлівасць, а таксама іншыя Барбі, якіх называюць «дзіўнымі», бо ў іх знявечаныя твары і адрэзаныя валасы. Галоўны залётнік Барбі Кен раптам таксама перастае быць прадказальным і згодлівым і вырашае адціснуць у Барбі хату. Як змірыцца з несправядлівасцю і зноў стаць шчаслівай? На гэтыя пытанні Барбі трэба знайсці адказ, і ў гэтым ёй дапамогуць сяброўкі.

Калі глядзіш «Барбі», можна на імгненне паверыць, што фемінізм ужо перамог. Яго ідэі адпаліраваныя да бляску, пазбаўленыя шурпатасцяў і разнастайных «але», яны пастулююцца і не маюць патрэбы ў доказах. Кен нарцысічны і сузалежны, але Барбі, мабыць, ужо прапампаваная тэрапіяй, лёгка гэта распазнае і не паддаецца на хітрыкі. Запаветы Вірджыньі Ўулф таксама пачутыя, і ў жанчыны Барбі ёсць не тое што свой пакой, але нават свой дом і нават свой раён! Абсалютнае анарха-фемінісцкае сепаратысцкае селішча, хіба не? Роля хатняй гаспадыні і ўладальніцы агменю засталася даступнай для тых, хто сапраўды яе выбірае, але большасць усё ж аддае перавагу ролі прафесарак, машыністак цягнікоў або дактарак. Нават прэзідэнтка там – чорная жанчына! Ну няўжо гэты свет наступіў? Час купляць новую ружовую сукенку, брэндаваную кепку і спампаваць альбом са стрымінгавага сэрвісу. Пакуль эфект радасці не распусціўся і мы не выявілі, што ружовы – гэта манеўр для адцягнення ўвагі, і капіталізм па-ранейшаму хораша засвойвае ўсё, нават нашы імкненні да роўнасці. Пражуе і не задушыцца, павернецца барбі-галаграмай – і мы паверым, бо хочам верыць.

Рэклама галівудскага фільму «Барбі» ў Шанхаі, Кітай, 26 ліпеня 2023 г.
Фота: CFOTO / ddp images / Forum

Вы таксама заўважылі нябачную руку менеджара ў справе разнастайнасці? Кожная паважная кампанія абавязаная яго мець. Так на экране з’яўляюцца людзі ў інвалідных вазках, людзі іншых, акрамя белага, колераў скуры, людзі з неідэальнай постаццю… З’яўляюцца, дзесьці ставіцца галачка, – і наша ўвага зноў вяртаецца да галоўных персанажаў, якія нам добра знаёмыя, бо мы іх бачым прыкладна ўсюды. Так галоўная Барбі зноў застаецца белай, худой і заўсёды роўна нафарбаванай, і Кен таксама белым, з ідэальным прэсам і скурай, якая свеціцца. Пагулялі ў разнастайнасць – і хопіць. Тут прадаць трэба, і разнастайнасць – частка продажаў, а не каштоўнасць.

Лесбійскіх любоўных ліній таксама хацелася, мне заўсёды іх хочацца. Гейскіх было б займець таксама нядрэнна, але прыйшлося, як звычайна, задавальняцца гетэрасэксуальнымі. Нават галоўная «няправільная» Барбі, якую грае Кейт МакКінан, адкрытая лесбіянка, у адным з эпізодаў услых цікавіцца тым, што ў Кена ў штанах. Цяжкая працы акторкі, мы спачуваем табе, Кейт. Кўірбэйтынг (інакш кажучы, намёкі на гомасэксуальнасць) ледзь-ледзь праяўляецца, але, падобна, гэта зноў хітрыя інтрыгі менеджара разнастайнасці.

Добра, хоць, рэжысёр – жанчына. Інакш ужо зусім бы падроблены фемінізм выйшаў, а так нічога, трымае твар. Але вось ейнае імя прамільгнула хутка ў тытрах – і следам за ім бясконцай паласой пад вясёлую музыку рухаецца чарада мужчынскіх імёнаў, якія зарабілі тоны сімвалічнага (і не толькі) капіталу з гэтай карцінай, якая, дарэчы, б’е сусветныя рэкорды пракату. Ну і хай, я не буду капрызіць. Поп-фемінізм – у кожны дом! Давайце дзве гадзіны парадуемся, і мамы нашыя з татамі таксама. Ненадоўга надзенем ружовыя акуляры, забудзем пра турму і вайну, а потым вернемся ў рэальнасць. Заскочым у партал, тунэль, вароты – нам трэба туды часам.

Меркаванні
Опэнгаймэр не служыць сістэме – ён яе знішчае
2023.07.31 14:28

Віка Біран belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў