Ці будзе Польшча паліць масты?

У медаля толькі два бакі, а ў міжнароднай палітыцы іх нашмат больш, і чырвоных межаў краіны ЕЗ не гатовыя пераступаць.

Падавалася, што пасля арышту Анджэя Пачобута і Анджэлікі Борыс, якіх ведае ўся Польшча, ды іншых дзеячаў польскай меншасці ў Беларусі рэжым Лукашэнкі пераступіў ужо ўсе чырвоныя лініі ў дачыненнях з Варшаваю. Шмат якія польскія палітыкі, грамадскія дзеячы, журналісты і публіцысты чакалі, што польскі ўрад зробіць моцныя крокі ў адказ. Аднак выглядае на тое, што стандартны набор дыпламатычных рэакцыяў, якія не нясуць непрадказальнай рызыкі і якія можна было б ужыць у такім выпадку, у Польшчы ўжо вычарпаўся.

Консульскі аддзел амбасады Польшчы ў Горадні.
Фота: Белсат

Тэарэтычна Варшава магла б выслаць з краіны чарговых беларускіх дыпламатаў, але ж пасля дыпламатычнай вайны апошніх месяцаў высылаць ужо амаль няма каго. У Беларусі ж засталіся крыху больш за 10 польскіх консулаў, і гэта ўжо крытычна. Чарговы крок – поўнае замарожванне стасункаў і вялізны арганізацыйны калапс. Бо ў Польшчы добра разумеюць: для Лукашэнкі сотні тысяч беларусаў, якія працуюць, вучацца ці прыязджаюць штогод у турыстычных мэтах у Польшчу, не аргумент. І тым больш для яго не аргумент тысячы ахвотных атрымаць карту паляка. Калі пытанне стане рубам, дыктатар не завагаецца – вышле ўсіх польскіх дыпламатаў, пакідаючы аднаго ці двух для камунікацыі. А гэта азначае, што беларусам у такім выпадку давядзецца ездзіць па візы ў Кіеў, Львоў, Луцк ці Маскву. Чарговым крокам было б толькі поўнае прыпыненне дыпламатычных стасункаў, але для Варшавы гэта таксама не варыянт, бо камунікаваць з Менскам прыйшлося б праз трэцюю краіну, і не складана здагадацца якую.

Што ж застаецца? Эканоміка. Бо краіны гандлююць, нават калі не маюць дыпламатычных стасункаў. Як у выпадку Расеі і Грузіі або Расеі і Украіны, якія дэ-факта ўжо сем гадоў застаюцца ў стане вайны. Але гандлююць. Таму ўвагу шмат каго прыцягнулі словы кіраўніка польскага ўраду Матэўша Маравецкага, які 25 сакавіка пасля затрымання дзеячаў польскай меншасці сказаў, што Польшча запрапануе Літве і Латвіі ўвесці абмежаванні на перамяшчэнне тавараў з Беларусі. Падобнае прагучала і падчас відэасаміту ЕЗ 26 сакавіка: маўляў, абмежаванні будуць, калі ўлады ў Менску не спыняць рэпрэсіяў. Улады рэпрэсіяў не спынілі, але абмежаванняў на мяжы дасюль няма. Польшча, як і ўся Еўропа, жыве трэцяю хваляю пандэміі, і беларуская тэма адышла ўжо на другі або нават на трэці план.

Каля МЗС Польшчы журналісты чакаюць выхаду дарадцу-пасланніка амбасады Беларусі ў Польшчы Аляксандра Часноўскага. Варшава, Польшча. 23 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Пра эканамічныя санкцыі лёгка казаць, але вельмі не лёгка іх уводзіць. Менавіта таму ЕЗ пакуль абмежаваў доступ на свой рынак толькі для тых беларускіх прадпрыемстваў, што амаль не прысутнічаюць на еўрапейскім рынку. У Беларусі ж сёння дзеяць 345 фірмаў з польскім капіталам, а тавараабарот летась склаў $ 2,49 мільярда. Наўпроставых польскіх інвестыцыяў там не шмат, але яны ёсць, іх вартасць складае больш за $ 140 мільёнаў. Звычайна гэтыя фірмы дзеяць у Беларусі на лепшых варунках, чымся беларускія фірмы: такую палітыку Лукашэнка праводзіў шмат гадоў. Менавіта таму мае сваіх лабістаў у еўрапейскіх краінах, у прыватнасці ў Польшчы. І ўжо сёння тут гучаць асцярожныя галасы, што Беларусь прыцягвае інвестараў.

Польскі ўрад не можа прыватнаму бізнесоўцу забараніць гандляваць ці інвеставаць у Беларусі. Бо гэта дэмакратыя, і кожныя дзеянні ўладаў, якія абмяжоўваюць правы ці эканамічныя свабоды, кончацца ў судах – не толькі польскіх, але і еўрапейскіх.

Хто будзе аплочваць страты польскіх прадпрымальнікаў ці інвестараў, якія супрацоўнічаюць з РБ? Пагатоў еўрапейскіх сектаральных санкцыяў, якія б абмяжоўвалі супрацу ў канкрэтных галінах, няма.

Аднак балючыя санкцыі надыходзяць з ЗША напрыканцы красавіка і закрануць між іншым нафтаперапрацоўчы сектар РБ. Будуць праблемы з разлікамі ў доларах, але не толькі. Сёння ў еўрапейскіх сталіцах ёсць філіялы беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў, такая фірма ёсць і ў Варшаве. Як паўплываюць на яе дзейнасць амерыканскія санкцыі, застаецца вялікім пытаннем. Як і тое, як у такіх варунках беларускае паліва будуць набываць украінцы. «Не забывайце, што ёсць яшчэ афшоры», – тлумачыў мне нядаўна адзін украінскі банкір.

Артыкулы
«У іх заўсёды ўва ўсім палякі вінаватыя». Што кажуць гарадзенцы пра антыпольскую кампанію
2021.03.26 11:05
Артыкулы
Яна кіруецца прынцыпам «калі не я, то хто». Хто такая Анджэліка Борыс – старшыня Саюзу палякаў у Беларусі
2021.04.09 09:15
Артыкулы
Хто такая Ірэна Бярнацкая, кіраўніца лідскага аддзялення Саюзу палякаў, якой пагражае 12 гадоў зняволення
2021.04.16 08:20

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў