Прыёрбанк прыпыніў аперацыі з каштоўнымі паперамі. Яго, магчыма, хочуць абмяняць


Прыёрбанк паведаміў 16 сакавіка, што ў сувязі з рашэннем брокера ў аўстрыйскім Raiffeisen Bank International, якому належыць беларускі банк, часова прыпыненыя аперацыі ў рамках дамоваў давернага кіравання грашыма.

Прыёрбанк. Менск, Беларусь, 5 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

«Прыёрбанк актыўна працуе над аднаўленнем гандлю каштоўнымі паперамі», – заявілі ў банку.

Напярэдадні газета Der Standard са спасылкай на звесткі парталу Falter паведаміла, што Raiffeisen Bank International абмяркоўвае магчымы абмен сваіх актываў у Беларусі і Расеі, уключаючы Прыёрбанк, на еўрапейскія актывы расейскага «Сбербанку» і адначасовае набыццё аўстрыйскай кампаніяй актываў Sberbank Europe.

«Па сутнасці, гэта схаваны бартар», – піша аўстрыйская газета.

Прычынай такой здзелкі называюцца ўвядзенне Расеяй абмежавання на вывад валюты за мяжу, а таксама еўрапейскія санкцыі.

Hавiны
На волю выйшаў старшыня «Прыёрбанку» Сяргей Касцючэнка, якому летась прысудзілі 3,5 года калоніі
2023.01.27 13:50

У сакавіку 2022 года стала вядома, што быў затрыманы старшыня кіравання Прыёрбанку і ганаровы консул Аўстрыі ў Беларусі Сяргей Касцючэнка, які заснаваў банк яшчэ напрыканцы БССР. Менскі гарадскі суд у жніўні 2022 года прысудзіў яму 3,5 года калоніі паводле арт. 243 КК («Ухіленне ад выплаты падаткаў»). Аднак крыху больш як праз паўгода ён апынуўся на волі.

Паводле інфармацыі Паўла Латушкі, усе абвінавачанні з Сяргея Касцючэнкі знятыя. Латушка лічыць, што бізнесовец заплаціў выкуп за сваё вызваленне.

Наконт арышту Касцючэнкі хадзілі чуткі, што незадоўга да затрымання ён адмовіў фаварыту Лукашэнкі, хакейнаму трэнеру Дзмітрыю Баскаву, у просьбе фінансаваць хакейную каманду «Дынама».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў