На волю выйшаў старшыня «Прыёрбанку» Сяргей Касцючэнка, якому летась прысудзілі 3,5 года калоніі


Менскі гарадскі суд у жніўні 2022 года прысудзіў Сяргею Касцючэнку 3,5 года калоніі паводле арт. 243 КК («Ухіленне ад выплаты падаткаў»). Аднак крыху больш як праз паўгода ён апынуўся на волі. Пра гэта паведамляе Павел Латушка.

Сяргей Касцючэнка.
Фота: priorbank.by

Паводле інфармацыі Паўла Латушкі, усе абвінавачанні з Сяргея Касцючэнкі знятыя. Латушка лічыць, што бізнесовец заплаціў выкуп за сваё вызваленне. Памеры выкупу ён ацэньвае так:

«Мне вядома, што раней сумы выкупу, якія плацілі бізнесмены дыктатару Лукашэнку, даходзілі да 37 млн долараў або еўраў».



Тады разам з Сяргеем Касцючэнкам асудзілі яшчэ двух бізнесоўцаў: яны атрымалі 3 гады пазбаўлення волі кожны, такі ж штраф 96 тысяч рублёў і такое ж пазбаўленне права займацца пэўнай дзейнасцю. Афіцыйнае абвінавачанне палічыла, што фігуранты справы не сплацілі падаткі ў асабліва буйным памеры – з сумы 1,5 мільёна рублёў.

Таксама наконт арышту Касцючэнкі хадзілі чуткі, што незадоўга да затрымання ён адмовіў фаварыту Лукашэнкі, хакейнаму трэнеру Дзмітрыю Баскаву, у просьбе фінансаваць хакейную каманду «Дынама».

Дэталі выхаду Касцючэнкі пакуль не вядомыя.

У розныя гады рэйтынг «Ежедневника» ставіў Касцючэнку ў лік дваццаці самых уплывовых бізнесоўцаў краіны. Касцючэнка стварыў «Прыёрбанк» у 1989 годзе, і банк стаў адным з лідараў банкаўскай сферы Беларусі, долю ў ім выкупіў аўстрыйскі «Райфайзэн». Касцючэнка – ганаровы консул Аўстрыі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў