ЕАБР: Інфляцыя ў Беларусі знізіцца ўжо вясной, але потым можа паскорыцца


Еўразійскі банк развіцця прагназуе зніжэнне інфляцыі ў Беларусі ўжо вясной. Пра гэта гаворыцца ў штотыднёвым аглядзе, апублікаваным банкам.

Коммунальные услуги, счётчики, кошелёк, коммуналка, деньги, рубли, беларусский рубль, цены, стоимость, калькулятор
ЕАБР прагназуе зніжэнне інфляцыі ў Беларусі. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Аналітыкі ЕАБР 16 студзеня апублікавалі штотыднёвы макраагляд, з якога вынікае, што вясной у Беларусі працягнецца зніжэнне інфляцыі.

«Увесну чакаецца рэзкае паніжэнне гадавой інфляцыі, а ўлетку яе ўзровень можа часова апусціцца <4 % г/г. Да канца года рост цэнаў можа паскорыцца праз паслабленне дэзінфляцыйнага ўплыву ўнутранага попыту і цэнавага рэгулявання», – гаворыцца ў аглядзе.

Паведамляецца, што гадавая інфляцыя ў Беларусі ў выніку 2022 года склала 12,8 %, што ніжэй за прагнозы. Але калі ў кастрычніку і лістападзе цэны пад уплывам дзеянняў ураду зніжаліся, то ў снежні спажывецкія цэны выраслі на 0,4 % да папярэдняга месяца «са здыманнем сезоннасці». Аналітыкі банку адзначаюць, што «так перапынілася двухмесячнае зніжэнне цэнаў, выкліканае ўвядзеннем новай сістэмы рэгулявання цэнаў».

Прагназуецца, што ў пачатку 2023 года гадавая інфляцыя ў Беларусі працягне зніжацца «ў сілу захаваных эфектаў кантролю за цэнамі, стрыманага спажывецкага попыту і карэкцыйнага ўмацавання беларускага рубля да расейскага».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў