Жыхара Ліды па вяртанні ў Беларусь з Польшчы асудзілі на паўтара года калоніі за абразу Лукашэнкі


У судзе Лідскага раёну агучылі вырак палітычнаму вязню Валерыю Тумілевічу, якога вінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). Прычым «абражаў» яго не на тэрыторыі Беларусі. Прысуд – паўтара года калоніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».

Вырак агучыў суддзя Аляксандр Мішуроў.

Палітычнага вязня Валерыя Тумілевіча затрымалі 17 ліпеня 2022 года на польска-беларускай мяжы, калі мужчына вяртаўся ў Беларусь. Валерыю прызначылі спачатку 10 содняў адміністратыўнага арышту, а потым пачалі супраць яго крымінальную справу за абразу Лукашэнкі, запісалі «пакаяннае» відэа.

Паводле матэрыялаў справы, Валеры Тумілевіч, «перабываючы ў неўстаноўленым месцы, у мэсэнджары Telegram, дзе быў актыўным удзельнікам чатаў «Гордые лидчане чат» і «Чат 97 % ДКЖ», размясціў некалькі паведамленняў з непрыстойнымі паводле формы і зневажальнымі паводле скіраванасці словамі, якія даюць негатыўную ацэнку Лукашэнку, зневажаюць ягоныя гонар і годнасць».

Падсудны прызнаў сваю віну цалкам. 27 верасня яму прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Апеляцыйная скарга палітвязня засталася без задавальнення.

Да суда мужчыну ўтрымлівалі ў гарадзенскай турме № 1.

На дзень 15 лістапада ў Беларусі прызналі  палітычнымі вязнямі 1421 асобу. Паводле ініцыятывы «Dissidentby», у Беларусі – 1706 палітычных зняволеных, у тым ліку 205 жанчын і 7 няпоўнагадовых.

Каментар
Праваабаронца: Няма захадаў, каб пазбегнуць затрымання па вяртанні з-за мяжы, да гэтага можна толькі падрыхтавацца
2022.10.02 09:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў