Былога міліцыянта з Берасця затрымалі на мяжы, калі ён вяртаўся ў Беларусь


Берасцейца Кірыла Гняздзілава затрымалі на мяжы, калі ён ехаў у Беларусь пабачыцца з сям’ёй. Яго абвінавацілі ў сувязях з «Чорнай кнігай Беларусі», за што былому міліцыянту прысудзілі 8 гадоў калоніі, паведамляюць праваабаронцы.

Кірыл Гняздзілаў. Крыніца: brestspring.org

Кірыла Гняздзілава затрымалі 19 лютага 2023 года проста на мяжы. Ён паўгода жыў у Польшчы, але прыязджаў наведаць жонку і малое дзіця, якія жывуць у Берасці.

Суд над Кірылам праходзіў у закрытым рэжыме, таму пра крымінальную справу вядома няшмат. Праваабаронцы паведамляюць, што справа была звязаная з «Чорнай кнігай Беларусі» (гэты тэлеграм-канал займаўся пошукам імёнаў і фотаздымкаў асобаў, адказных за пераслед і рэпрэсіі ў Беларусі). Мужчыну абвінавацілі паводле двух крымінальных артыкулаў: нібыта ў спрыянні распальванню варожасці (ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 130 КК) і ў незаконных дзеяннях у дачыненні інфармацыі аб прыватным жыцці (ч. 3 арт. 203-1 КК).

У выніку Кірыла Гняздзілава асудзілі на восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама абавязалі выплаціць маральную кампенсацыю двум пацярпелым: 2000 і 1000 рублёў адпаведна. Акрамя гэтага ў зняволенага канфіскавалі тэлефон «як сродак злачынства».

Справу разглядаў Берасцейскі абласны суд цягам шасці паседжанняў. Суддзём у справе выступаў Андрэй Лешчанка.

Гняздзілаў з 2007 года служыў у міліцыі аператыўным упаўнаважаным, але звольніўся падчас пратэстаў у жніўні 2020 года і перайшоў працаваць у IT. Пасля суда Кірыла пазбавілі капітанскага звання.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў