«Росатом» прызнаўся ў дапамозе ў захопе Запарожскай і Чарнобыльскай АЭС


Генеральны дырэктар МАгАтЭ Рафаэль Гроссі са спасылкай на размову з генеральным дырэктарам карпарацыі Аляксеем Ліхачовым паведамляе, што расейскі «Росатом» датычны да захопу Чарнобыльскай і Запарожскай атамных станцыяў.

Запарожская атамная электрастанцыя. Запарожская вобласць, Украіна.
Фота: wikipedia.org

Афіцыйна «Росатом» спрабуе трансляваць уласную трактоўку суўдзелу ў захопе АЭС: маўляў, некалькі працаўнікоў карпарацыі толькі кансультуюць украінскі персанал, упраўленне на сябе «Росатом» браць не збіраецца.

Кіраўнік украінскага «Енергоатому» Пятро Коцін заявіў, што каля 400 расейскіх вайскоўцаў «поўны працоўны дзень застаюцца на месцы», і пацвердзіў, што Запарожская АЭС цяпер пад кантролем расейскіх вайскоўцаў.

4 сакавіка расейскія ўзброеныя сілы захапілі найбуйнейшую атамную электрастанцыю Украіны – Запарожскую АЭС, дзе ёсць шэсць рэактараў. Штатныя супрацоўнікі станцыі працягваюць эксплуатацыю АЭС і выкананне паўсядзённай працы, а яе кіраўніцтва застаецца пад кантролем камандавання расейскіх войскаў.

24 лютага расейскія войскі ўсталявалі кантроль над яшчэ адным ядравым аб’ектам ва Украіне, Чарнобыльскай АЭС. Фактычна, персанал абедзвюх станцыяў зрабіўся закладнікамі.

Hавiны
«Укренерго» заяўляе, што расейскія войскі зноў пашкодзілі лінію сілкавання Чарнобыльскай АЭС
2022.03.14 14:58

Падчас тэлефоннай размовы з генеральным дырэктарам МАгАтЭ Рафаэлем Гроссі (Rafael Grossi), якая адбылася 12 сакавіка, генеральны дырэктар «Росатому» Аляксей Ліхачоў пацвердзіў, што невялікая колькасць спецыялістаў расейскай кампаніі цяпер на Запарожскай АЭС, пры гэтым ён абверг, што «Росатом» узяў на сябе эксплуатацыйны кантроль або мае намер уключыць станцыю ў «сістэму кіравання» «Росатома».

Таксама Расейская Федэрацыя афіцыйна паведаміла МАгАтЭ, што «кіраванне і эксплуатацыя Запарожскай АЭС і Чарнобыльскай АЭС ажыццяўляецца сіламі ўкраінскага персаналу, але група з некалькіх расейскіх спецыялістаў надае кансультацыйную дапамогу. У межах тэхнічнага падтрымання вызначаюцца першачарговыя патрэбы станцыяў дзеля гарантавання бяспечнай і ўстойлівай працы атамных энергаблокаў. Гэтак, у прыватнасці, ажыццяўляецца аднаўленне энергазабеспячэння Чарнобыльскай АЭС і сістэмы фізічнай абароны Запарожскай АЭС».

Удзел «Росатома» ў сілавым захопе ўкраінскіх АЭС можа пацягнуць сурʼёзныя санкцыі супраць карпарацыі і ўсёй галіны.

Hавiны
Гульня з ядравым агнём: як Расея ператвараецца ў дзяржаву-тэрарыста
2022.03.10 21:25

АУ belsat.eu

Стужка навінаў