Анатоля Шалковіча, які стварыў мэм пра любоў да памідораў, трэці раз асудзілі на 15 дзён арышту


65-гадовы інжынер у няволі з 11 лістапада. Сумарна яму прысудзілі ўжо 45 дзён арышту.

Пра новы прысуд Анатолю Шалковічу ягоныя сваякі паведамілі «Медыязоне». Па-ранейшаму невядома, паводле якога артыкулу яго судзілі. Паводле МУС, яго «віна» ў тым, што ён удома шыў бел-чырвона-белыя сцягі, якія «закідваў на дрэвы».

«Пакаяннае відэа» з удзелам спадара Анатоля зрабілася мэмам: мужчына тлумачыў, што любіць спалучэнне белага з чырвоным, бо любіць памідоры са смятанай, а ягоная жонка рудая, гэта таксама белы з чырвоным.

Знаёмыя спадара Шалковіча пісалі ў сацсетках, што мужчыну варта ведаць не толькі праз пачуццё гумару. Адна жанчына расказвала, што ён уратаваў ёй жыццё ў гарах. Сын казаў, што ягоны бацька займаецца альпінізмам больш за 40 гадоў. А таксама адзначыў, што жарту пра любоў да памідораў і каханне да жонкі ўжо 25 гадоў.

Словы Анатоля Шалковіча ў «пакаянным відэа» выліліся ў флэш-моб з памідорамі і смятанай у форме нацыянальнай сімволікі.

АА belsat.eu

Стужка навінаў