«Пра тое, як вярнуцца ў сваю краіну». У Варшаве прэзентавалі кнігу палітвязня Уладзіміра Мацкевіча


У Варшаве прэзентавалі кнігу палітвязня і філосафа Уладзіміра Мацкевіча «Уводзіны ў філасофію», выдадзеную ў студзені 2024 года выдавецтвам «Янушкевіч». Імпрэза адбылася ў прасторы «Вітрына Усходнееўрапейскага дому» («Witryna Domu Wschodniego»), дзе штотыдзень ладзяцца «беларускія аўторкі». «Белсат» пабываў на прэзентацыі.

Новая кніга Уладзіміра Мацкевіча «Уводзіны ў філасофію». Асновай для кнігі паслужылі лекцыі Уладзіміра Мацкевіча, прачытаныя ў рамках менскага метадалагічнага семінара 2008-09 гг. Кніга выйшла ў выдавецтве «Янушкевіч». Сам Уладзімір Мацкевіч на момант выдання знаходзіцца за кратамі. Варшава, Польшча. 13 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

«Уводзіны ў філасофію» – гэта ўжо трэцяя кніга Уладзіміра Мацкевіча, выдадзеная за час знаходжання метадолага за кратамі лукашэнкаўскага рэжыму. У 2021 годзе выйшлі «Нататкі філосафа са шкодным характарам», у 2022-м – «Свабода і мысленне».

Філасофія як размова

Метадолаг і вучань Мацкевіча Андрэй Ягораў, знаёмячы прысутных з «Уводзінамі ў філасофію», распавёў, што кніга складаецца з 17 лекцыяў, прачытаных філосафам у 2008 – 2009 гадах на метадалагічным семінары ў Менску. Цэнтральныя паняцці кнігі – індывідуальнасць і мысленне. Але філосаф разважае пра іх у вельмі своеасаблівых, «мацкевіцкіх», катэгорыях, зазначыў Ягораў.

Філосаф Павел Баркоўскі, метадолагі Святлана Мацкевіч і Андрэй Ягораў выступаюць на прэзентацыі кнігі Уладзіміра Мацкевіча «Уводзіны ў філасофію» у прасторы «Witryna Domu Wschodniego».
Фота: Белсат

«Мысленне для Мацкевіча – нейкая знешняя субстанцыя, у якую не так проста ўвайсці і стацца чалавекам мыслення. А індывідуальнасць для яго – інтэрсуб’ектыўная катэгорыя, пэўная калектыўная сутнасць узаемадзеяння чалавека з чалавекам. І ў гэтым сэнсе нацыя для Мацкевіча – частка гэтай калектыўнай індывідуальнасці», – тлумачыў Андрэй Ягораў.

«Філасофія Мацкевіча», паводле Ягорава, разгортваецца як размова, і да гэтай размовы «мы можам падключыцца, чытаючы гэтую кнігу, палемізуючы з ідэямі філосафа і развіваючы іх».

Андрэй Ягораў падкрэсліў, што «Уводзіны ў філасофію» Уладзіміра Мацкевіча не зʼяўляецца падручнікам па гісторыі філасофіі ці гісторыі філасофскіх ідэяў.

«Гэта ўводзіны ў філасофскую размову. Праз размову з Мацкевічам мы можам дайсці да межаў таго, што мы ведаем», – падсумаваў Андрэй Ягораў.

Метадолаг Андрэй Ягораў выступае на прэзентацыі кнігі Уладзіміра Мацкевіча «Уводзіны ў філасофію» у прасторы «Witryna Domu Wschodniego».
Фота: Белсат

Што да ведаў, Мацкевіч пісаў, што філосаф павінен навучыцца абыходзіцца і без іх.

«Філосаф павінен вучыцца абыходзіцца без ведаў, без мудрасці, без розуму і здаровага сэнсу. Калі гэтаму навучыцца – атрымае доступ да мыслення.

Але давядзецца змірыцца з тым, што людзі, якія перабываюць у ілюзіі ведаў, мудрацы і прыхільнікі мудрасці, тыя, хто мысліць цвяроза і здарова, будуць ставіцца да яго як да варʼята…» – піша Уладзімір Мацкевіч ва «Уводзінах у філасофію».

«Кніга пра тое, як развязваць беларускія праблемы»

Навукоўца і былая жонка філосафа Святлана Мацкевіч увяла прысутных на імпрэзе ў сацыяльна-гістарычны кантэкст, у якім Мацкевіч прыходзіў да ідэі стварэння новага беларускага ўніверсітэту (у будучым – Лятучы ўніверсітэт) і да тэзісаў, агучаных у лекцыях на метадалагічным семінары ў 2008 і 2009 гадах.

Паводле спадарыні Святланы, гэтаму папярэднічалі падзеі 2006 года, калі Беларусь таксама перажывала «рэвалюцыйны ўсплёск», а сам Мацкевіч браў удзел у галадоўцы пратэсту, якую трымалі тады вернікі царквы «Новае жыццё».

«І гэта паставіла філосафа перад экзістэнцыйным выбарам: што рабіць далей? Працягваць змагацца такім жа чынам і ісці шляхам таго самага беларускага трагічнага сцэнара ці, з пазіцыі інтэлектуала, паспрабаваць павярнуць Беларусь у іншы кірунак – у кірунак развіцця?» – тлумачыла Святлана Мацкевіч.

Філосаф Павел Баркоўскі і метадолаг Святлана Мацкевіч на прэзентацыі кнігі Уладзіміра Мацкевіча «Уводзіны ў філасофію» у прасторы «Witryna Domu Wschodniego».
Фота: Белсат

На яе думку, стварэнне Лятучага ўніверсітэту і была для Мацкевіча спробаю «выйсця з сітуацыі паўтаральных сцэнароў». «Навучыць мысленню кожнага» – і тады інструмент мыслення, як яго разумеў Мацкевіч, стане асноўным спосабам выхаду Беларусі з той сітуацыі, у якую яна трапляе раз за разам.

«Калі адказваць на пытанне, пра што гэтая кніга, то яна пра тое, як мы павінны развязваць нашыя нестандартныя беларускія праблемы і як маем выйсці на іншы сцэнар. Як мусім выйсці на іншы ўзровень, – разважаючы адзін з адным, размаўляючы і робячыся індывідуальнасцямі», – падводзіла рысу Святлана Мацкевіч.

«Гэта кніга пра тое, як, напрыклад, нам зараз зладзіць свой протапарламент. Як арганізаваць ужо не лятучы, а іншы беларускі нацыянальны ўніверсітэт. Гэта кніга пра тое, як і пры якіх умовах мы можам вярнуцца ў сваю краіну. Вярнуцца і зрабіць яе сваёй. Зрабіць яе індывідуальнай, не падобнай да іншых.

Зрабіць яе еўрапейскай краінай», – падагульніла Мацкевіч.

«Важна, што ў Беларусі ёсць свой Сакрат»

Пра новую кнігу філосафа і палітвязня распавядала таксама на сустрэчы доктарка філасофіі Таццяна Шчытцова. Яна назвала «Уводзіны ў філасофію» Уладзіміра Мацкевіча «кнігай разнапланавай, дыскусійнай і дыялагічнай», кнігай, якая дазволіць «зрабіць паўзу і перавесці дух, пераключыцца ў іншую сістэму каардынатаў і мыслення».

Шчытцова сцвердзіла, што тэзіс «ідэальнага плану», які ўводзіць у сваіх тэкстах Мацкевіч, набыў зараз новую гістарычную актуальнасць, і звярнула ўвагу на практычны характар філасофіі Уладзіміра Мацкевіча. Для яго месца, дзе жыве філасофія, – гэта сёння.

Філосаф Таццяна Шчытцова выступае праз Zoom на прэзентацыі кнігі Уладзіміра Мацкевіча «Уводзіны ў філасофію» у прасторы «Witryna Domu Wschodniego».
Фота: Белсат

«У кнізе гэтае слова «сёння» мае дачыненне да таго часу, калі пісаліся гэтыя лекцыі, то бок – да іншага перыяду гісторыі незалежнай Беларусі. Але ён, безумоўна, звязаны з нашым перыядам і нашым «сёння». Тут ёсць абсалютна жывая пераемнасць. І гэта дазваляе нам сёння гаварыць пра новую актуальнасць генеральных лініяў кнігі Мацкевіча ў новым кантэксце, у якім мы зараз знаходзімся. І пра Уладзіміра, які знаходзіцца ў турме. Філосаф у турме – гэта таксама частка нашага кантэксту», – заўважыла Таццяна Шчытцова.

Філосаф Павел Баркоўскі параўнаў у сваёй прамове палітвязня і філосафа Уладзіміра Мацкевіча з Сакратам, які таксама сядзеў у турме. Але турма – ненатуральнае месца для філосафа, бо філасофія патрабуе свабоды, заўважыў Баркоўскі.

«Тым не менш, мне падаецца, вельмі важна, што ў Беларусі ёсць свой Сакрат, свой парушальнік спакою, чалавек з актыўным мысленнем, які спрабуе пераўтвараць гэты свет, які нават з-за кратаў звяртаецца да нас сёння праз кнігу, якая пабачыла свет дзякуючы яго паплечнікам і сябрам.

Праз кнігу, якая падорыць і інтэлектуальную асалоду чытачам, і дасць адказы на сапраўды важныя пытанні, якія стаяць перад кожным з нас», – адзначыў Павел Баркоўскі.

Кнігу Уладзіміра Мацкевіча «Уводзіны ў філасофію» ў студзені 2024 года надрукавала беларускае выдавецтва «Янушкевіч». Яе можна замовіць онлайн (магчымая дастаўка) або набыць у кнігарні «Кнігаўка», якая на мінулым тыдні адкрылася ў Варшаве.

Журналіст «Белсату» Яраслаў Сцешык задае пытанне спікерам на прэзентацыі кнігі Уладзіміра Мацкевіча «Уводзіны ў філасофію» у прасторы «Witryna Domu Wschodniego».
Фота: Белсат

«Мацкевіч – побач!»

Удзельнікі прэзентацыі мелі магчымасць выказацца ці задаць пытанні спікерам. Адна з наведніц імпрэзы прызналася, што для яе Мацкевіч найперш – вядоўца праграмы «Размова» на «Белсаце», бо менавіта там ён праяўляў сябе як філосаф-практык, як «філосаф у дзеянні».

«Як высвятляецца, Мацкевіч – побач. Вось ён тут! Я яму задаю пытанне наконт канцэпцыі будучай сістэмы вышэйшай адукацыі – і ён мне адказвае. І тут вось гэта кніга. Я разважаю разам з ім віртуальна, хоць ён сядзіць у турме. Размаўляю з ім, чытаючы ягоную кнігу. Вось гэта і ёсць жывая адукацыя – тут і цяпер», – адзначыла напрыканцы сустрэчы Святлана Мацкевіч.

Рэпартаж
«Гэтае месца стане магнітам для беларусаў». У Варшаве адкрылася кнігарня «Кнігаўка» выдавецтва «Янушкевіч»
2024.02.07 10:11

Прэзентацыю «Уводзінаў у філасофію» ў Варшаве наведала шмат вядомых асобаў. Мы заўважылі публіцыста, пісьменніка і галоўнага рэдактара выдання «Gazeta Wyborcza» Адама Міхніка, галоўную рэдактарку парталу «Хартыяʼ97» Наталлю Радзіну, былога супрацоўніка Генпракуратуры і арганізацыі «ByPol» Алега Талерчыка, кіраўніка руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка, каталіцкага святара Вячаслава Барка і шмат каго яшчэ.

  • Уладзімір Мацкевіч – беларускі метадолаг, філосаф, журналіст, грамадскі і палітычны дзеяч. Нарадзіўся 14 траўня 1956 года ў Чарамхове Іркуцкай вобласці ў сямʼі беларускіх ссыльных. У 1960-х гадах сямʼя вярнулася ў Горадню.
  • Мацкевіч скончыў факультэт псіхалогіі Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэту. У 1994 годзе арганізаваў у Менску Агенцтва гуманітарных тэхналогіяў. Абвясціў уласную праграму інтэлектуальнага пераўтварэння Беларусі, у межах якой стварыў Лятучы ўніверсітэт «як платформы сучаснага мыслення і адукацыі». Быў пазней вядоўцам праграмы «Размова» на «Белсаце».
  • Уладзімір Мацкевіч быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 4 жніўня 2021 года. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. У лютым 2022-га палітзняволены трымаў сухое галадаванне. 23 чэрвеня 2022 года Менскі абласны суд прысудзіў філосафу 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы «вінаватым» у стварэнні экстрэмісцкага фармавання, удзеле ў масавых закалотах і ў знявазе Лукашэнкі.
  • У лютым 2023 года Мацкевіча перавялі з калоніі на турэмны рэжым (магілёўская турма № 4).

Уладзімір Мацкевічу знаходзіцца ў няволі больш за 900 дзён.

Артыкулы
«Падабалася клапаціцца пра яго». Святлана Мацкевіч – пра былога мужа, філосафа, журналіста і палітвязня
2022.06.09 08:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў