«Чым даўжэй чалавек на чужыне, тым меней шанцаў, што ён вернецца». Пра эміграцыю з Беларусі раней і цяпер


Адно з самых балючых і няпростых пытанняў для беларусаў, якія з’ехалі пасля 2020 года: ці вернуцца яны дамоў і калі? Некаторыя жывуць у чаканні і гатовыя ехаць на радзіму хоць заўтра, калі адбудуцца перамены. Іншыя ўжо будуюць жыццё ў новых краінах і гэтак адназначна ў вяртанні не ўпэўненыя. Адначасова тыя, хто з’ехаў, перасцерагаюць ад паездак у Беларусь цяпер, а таксама заклікаюць з’язджаць тых, хто застаецца ў краіне ў сітуацыі рызыкі. А як было раней, бо гэта ж не першы масавы ад’езд у беларускай гісторыі? Пагутарылі з гісторыкам Наталляю Гардзіенкай, якая спецыялізуецца на вывучэнні гісторыі беларускіх дыяспараў, пра асаблівасці цяперашняй хвалі эміграцыі з Беларусі і папярэдніх, што адбываліся цягам ХХ стагоддзя.

Ілюстрацыйны здымак. Аўтавакзал «Варшава Заходняя». 7 сакавіка 2022 года.
Фота: КК / Белсат

«Бронюсь, куды ты ідзеш?»

Папярэднія буйныя хвалі палітычнай эміграцыі з Беларусі адбываліся пасля войнаў – Першай сусветнай і Другой. Сітуацыя ў нашай краіне ў тыя часы моцна адрознівалася ад той, што мы маем цяпер, зазначае Наталля Гардзіенка. У міжваенны час было вельмі праблематычна выехаць з БССР, адначасова ішла агітацыя з боку савецкай Беларусі, каб беларусы з Прагі, Вільні, Рыгі, Берліну ды іншых еўрапейскіх гарадоў вярталіся на радзіму.

«Працэсы беларусізацыі выглядалі звонку вельмі прывабна, што і справакавала шмат якіх беларускіх дзеячаў на вяртанне. Сумныя вынікі гэтага вядомыя», – кажа гісторык.

Цягам апошніх гадоў мы назіраем абвастрэнне спрэчак паміж беларусамі, якія выехалі, і тымі, хто застаўся. Першыя імкнуцца пераканаць другіх, хто заставацца ў Беларусі небяспечна і трэба з’язджаць, а калі ўжо з’ехалі, то ні ў якім выпадку не вяртацца. У 1930-я гады, паводле спадарыні Наталлі, не было каналаў і магчымасцяў пераконваць людзей эміграваць, дый выехаць было немагчыма. Але рызыкі, якія нясе з сабою вяртанне ў камуністычную Беларусь, людзі разумелі.

«Хрэстаматыйны прыклад словаў Францішка Аляхновіча да Браніслава Тарашкевіча ў часе абмену палітвязнямі ў 1929-м «Бронюсь, куды ты ідзеш?» – адно з нешматлікіх сведчанняў-перасцярог ад вяртання», – апавядае гісторык.

Вяртацца ці з’язджаць – хто каго агітаваў і як?

Пасля Другой сусветнай вайны даволі хутка апусцілася жалезная заслона, магчымасцяў заклікаць некага з’язджаць стала яшчэ менш, дый агулам выезды з савецкай краіны былі па-ранейшаму надзвычай складаныя. Толькі адзінкам удавалася вырвацца ў 1970-х – 1980-х гадах.

«Галасы з Захаду пра тое, што варта з’язджаць ад небяспекі, у Беларусі сталі з’яўляцца цягам апошніх двух дзесяцігоддзяў, недзе пасля 1996-га. У інтэрнэце пачаліся спрэчкі паміж тымі, хто з’ехаў, і тымі, хто заставаўся ў Беларусі. Але найбольш актывізавалася гэта пасля падзеяў 2020 года і хвалі цяперашняй эміграцыі. Так што можна сказаць, што ў такім аб’ёме, як цяпер, гэта з’ява менавіта сённяшняя», – адзначае спадарыня Наталля.

Нягледзячы на тое, што ўзаемадзеянне паміж палітычнымі эмігрантамі і жыхарамі ў Беларусі пасля Другой сусветнай наўпрост было немагчымае, кантактаў з суродзічамі на радзіме ўцекачы ўсё ж шукалі і даволі часта наладжвалі, зазначае гісторык. Праўда, пераважна на ўзроўні сваяцкіх сувязяў.

«Ліставаліся, дасылалі пасылкі. Прыкладам, Ларыса Геніюш ліставалася са знаёмымі на Захадзе: Валянцінаю Пашкевіч з Канады, Вітаўтам Тумашам з ЗША. Ёй дасылалі лекі і рэчы, яна дасылала, сярод іншага, свае вершы, – кажа суразмоўца. – Праўда, улічвалі, што пошта кантралявалася ўладамі, таму ніякай агітацыі з боку эмігрантаў да суродзічаў, як правіла, не было. А вось у адваротны бок агітаваць маглі, асабліва пад уздзеяннем спецслужбаў, якія часам намагаліся ўмешвацца ў сваяцкае ліставанне».

Ілюстрацыйны здымак. Варшава, Польшча. 22 студзеня 2022 года.
Фота: ВО / Белсат

Галасы эмігрантаў траплялі ў Беларусь праз радыё

Нягледзячы на складанасці, эмігранты шукалі шлях уплыву на грамадства ў Беларусі, і часам гэта было магчыма, зазначае гісторык. Напрыклад, праз радыё. У Беларусі людзі часам маглі лавіць радыё «Вызваленне/Свабода» альбо беларускія перадачы Іспанскага радыё. Да навукоўцаў часам траплялі выдадзеныя на Захадзе кнігі і перыёдыка. Праўда, захоўваліся яны ў найчасцей у спецфондах, у адкрыты доступ трапілі ўжо ў 1990-я гады.

Эмігранты намагаліся адсочваць і пры магчымасці падтрымоўваць усе праявы іншадумства ў БССР, дапамагалі тым нешматлікім суродзічам, якія рознымі шляхамі траплялі на Захад, у 1980-я гады друкавалі беларускі самвыдат.

«У 1970-я – 1980-я гады ў розных краінах беларусамі была разгорнутая шырокая кампанія для падтрымання беларускага дысідэнта Міхася Кукабакі. А ўжо ў 1990-х пачалася наўпроставая падтрымка беларускімі эмігрантамі адраджэння на Бацькаўшчыне, палітычных дзеячаў, незалежніцкіх арганізацый, СМІ і гэтак далей», – зазначае спадарыня Наталля.

Што адбывалася з тымі, хто вяртаўся ў савецкую Беларусь?

Шмат хто з беларусаў, якія эмігравалі, дасюль жыве чаканнямі вяртання дамоў, людзі мараць, што, калі адбудуцца перамены, на мяжы ўтворацца коркі з тых, хто будзе ехаць на радзіму. Але ці сапраўды так адбудзецца і ці былі падобныя прыклады ў нашай гісторыі?

Масавыя вяртанні з эміграцыі сапраўды былі, кажа Наталля Гардзіенка. Аднак яны датычылі хутчэй эканамічных эмігрантаў і адбываліся пад вялікім уздзеяннем савецкай прапаганды.

«Апошняя ў паваенны час актыўна разгортвала кампанію «за вяртанне на Радзіму», дзеяў адмысловы камітэт і аднайменная газета выдавалася, – зазначае  гісторык. – Найбольш вядомая хваля рээміграцыі беларусаў ішла з Аргентыны ў другой палове 1950-х. Гэты былі тыя, хто выехаў з Заходняй Беларусі ў міжваенны час, яны дагэтуль не жылі пры савецкай уладзе і мелі вялікія сантыменты ў дачыненні СССР дзякуючы актыўнай працы савецкіх дыпламатаў у Буэнас-Айрэсе. У 1950-х пачалася актыўная прапагандысцкая кампанія для вяртання аргентынскіх беларусаў на радзіму, людзі яшчэ ў Аргентыне атрымоўвалі савецкае грамадзянства, кідалі ўсё і вярталіся».

Выстава былой палітзняволенай Асі Булыбенкі «Пазнака» адкрылася ў Цэнтры беларускай супольнасці і культуры ў Вільні, Літва. 17 кастрычніка 2023 года.
Фота: Белсат

Эмігрантаў, якія тады вярнуліся ў Беларусь, у турмы не саджалі, але даволі часта рэчаіснасць аказвалася зусім не такой, як малявалася здалёк. А вярнуцца назад у Аргентыну потым было праблематычна. Падобная сітуацыя крыху раней была і з беларусамі Францыі, якія на заклік савецкай прапаганды пасля Другой сусветнай сталі вяртацца на радзіму. На мяжы яны гублялі пашпарты, грошы і магчымасці вярнуцца зноў у Францыю. Трагічныя гісторыі такіх эмігрантаў добра апісаныя ў кнізе Валера Каліноўскага, зазначае спадарыня Наталля.

«Спадзяванні аказаліся марнымі»

Што датычыць палітычных эмігрантаў, то сярод іх масавага добраахвотнага вяртання не было, кажа нашая суразмоўца:

«Былі паасобныя выпадкі. Прыкладам, пісьменнік Тодар Лебяда, які ў 1944-м выехаў у Нямеччыну, бо баяўся рэпрэсіяў за працу ў газеце ў часе акупацыі. У 1945-м ён усё ж вырашыў вярнуцца на радзіму, у 1947-м быў арыштаваны і атрымаў 25 гадоў лагераў. Вызвалены па амністыі ў 1956 годзе. Аналагічна пісьменніца Вольга Таполя з Нямеччыны ў 1948-м вярнулася ў Беларусь і пайшла шляхам Лебяды. Гэтыя прыклады не былі адзіныя. Але заканчваліся ўсе пераважна аднолькава, зняволеннем».

Безумоўна, уцекачы часоў Другой сусветнай вайны, гэтак жа, як і цяперашняй хвалі эміграцыі, вельмі хацелі вярнуцца ў Беларусь, спадзяваліся, што будзе вайна ЗША з СССР, дзе апошні прайграе і разваліцца. Таму шмат хто з беларусаў не хацеў прымаць грамадзянства тых краінаў, дзе яны апынуліся, каб мець магчымасць хутчэй вярнуцца. Але спадзяванні аказаліся марнымі, кажа спадарыня Наталля:

«У пераважнай большасці тых, хто дажыў, магчымасць нават проста наведаць сваякоў у Беларусі з’явілася толькі ў 1990-я гады. Пытанне пра вяртанне тады для іх ужо, як правіла, не стаяла, хоць падзеямі ў Беларусі яны актыўна цікавіліся і намагаліся дапамагаць суродзічам, чым маглі. Зрэшты, былі прыклады, калі эмігранты вельмі хацелі вярнуцца ў Беларусь у 1990-х. Грамадскія дзеячы, бібліятэкары, даследнікі Вітаўт і Зора Кіпелі. Аднак радзіма не была гатовая іх прыняць ізноў на сталае жыццё, бо немагчыма было ні жытло набыць, ні працаўладкавацца».

У той жа час у суседняй Літве эмігрантаў актыўна прымалі на радзіму, кажа экспертка і выказвае меркаванне, што, магчыма, у гэтай акалічнасці палягаюць падставы тае розніцы ў жыцці дзвюх краінаў, што назіраецца цяпер.

«Ці будзе гэткая ж сітуацыя працяглага невяртання эмігрантаў на Бацькаўшчыну ў нашым выпадку – паглядзім. Адзінае, што чым даўжэй чалавек застаецца на чужыне, тым меней шанцаў, што ён вернецца. Гэта добра вядома», – рэзюмуе гісторык.

Аналітыка
«Напішы на паперцы «дурні» і спалі яе». Разбіраемся ў спрэчках эмігрантаў і тых, хто застаўся ў Беларусі
2024.01.13 07:20

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў