news
Інтэрв'ю
Пісьменніца Ева Вежнавец – пра магчымасць шчасця і карысць алкаголю падчас шпацыраў па Варшаве
«І ў гэтым свеце можна – і трэба! – быць шчаслівым».
10.02.202407:30

«Мы жывём на краёчку чацвёртай сусветнай вайны», – казала на пачатку сустрэчы ў Варшаве беларуская пісьменніца Святлана Курс, якая піша пад псеўданімам Ева Вежнавец. Песімістка, сацыяпатка, «каралева тапаграфічных крэтынак» і аўтарка раману «Па што ідзеш, воўча?», які ў 2020 годзе быў уганараваны прэміяй імя Ежы Гедройця і перавыдадзены на днях, разважае, ці маем мы права на шчасце, калі іншыя пакутуюць у турмах, чаму Аляксандр Лукашэнка «не дацягвае да ваўка» і як пражываць бясснежныя варшаўскія зімы.

Пісьменніца Святлана Курс дае аўтографы на сустрэчы з чытачамі ў Варшаве, Польшча. 29 студзеня 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Ці маю я вам што сказаць? Я вам скажу, мілыя мае, што няма ў мяне такіх словаў, якія б маглі апісаць той час, у якім жывём, таму што мы знаходзімся на самым краёчку чацвёртай сусветнай вайны, і ўсе нашыя перажыванні, якія б вялікія ці малыя яны ні былі, трацяць усялякі сэнс…» – сказала Святлана Курс на пачатку сустрэчы ў варшаўскай прасторы «Witryna Domu Wschodniego», дзе штотыдзень ладзяцца «беларускія аўторкі».

Трэцяй сусветнай яна лічыць халодную вайну, якую выйграў Захад, таму цяпер насоўваецца ўжо чацвёртая.

Вісім цяпер, як ластаўчына гняздо на краёчку страхі: кожны можа прыйсці і спаліць, заўважае Святлана Курс.

«Будуць мець клубнічны румянец, абвіслыя твары і пару свіней у хляве»

Пісьменніца згадала адзін з вершаў Чэслава Мілаша, у якім лірычны герой назірае, як падчас Другой сусветнай з аднаго боку гарыць Варшаўскае гета, а з другога – людзі, нібы нічога не адбываецца, катаюцца на каруселі і ласуюцца марозівам. І на тое маюць маральнае права, сцвярджае Святлана Курс.

«Думаю, што мы вельмі мудра паступаем, калі сядзім на краі чацвёртай сусветнай вайны, весялімся і ядзім марозіва, нягледзячы на тое, што Зміцер Дашкевіч знаходзіцца ў халодным цэментавым мяшку і што гэтага маладога бацьку чатырох дзяцей і цудоўнага мужа Насты Палажанкі фактычна дабіваюць холадам і голадам. Такіх у нас тысячы! Але мы маем маральнае права, каб на гэтым краёчку насалоджвацца жыццём. Чаму? Таму што іншага жыцця ў нас не будзе», – мяркуе аўтарка раману «Па што ідзеш, воўча?».

Пісьменніца Святлана Курс выступае на сустрэчы з чытачамі ў Варшаве.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Чаму героі яе раману маюць такія нешчаслівыя лёсы, а сама кніга – нешчаслівы фінал, у якім аўтарка пералічвае сем смерцяў: ад алкаголю, самагубства, забойстваў і гэтак далей? Пісьменніца кажа, што фінал насамрэч быў выдатны, і што «ў людзей вельмі розныя шчасці, і не трэба нікога шкадаваць», нават алкаголікаў.

«Вы ніколі не думалі, што спіцца – гэта адна з самых прыўкрасных біяграфіяў? А гэта так, інакш бы не было на свеце соцень мільёнаў алкаголікаў, якія выбіраюць сабе вось такі шлях. А што датычыць Рыны і Алоўнікава [героі апошняга раману Евы Вежнавец. – Заўв. «Белсату»], то яны будуць співацца да 66 ці 70 гадоў, будуць мець клубнічны румянец, абвіслыя твары і пару свіней. Яны ніколі не будуць прасыхаць, але ніколі не будуць і напівацца. Разумееце?..» – кажа Святлана Курс.

Hавiны
«У цёмныя часы ты прыходзіш у гэты свет». «Сабакі Еўропы» Бахарэвіча выйшлі ў перакладзе на нямецкую
2024.01.31 15:54

«І ў гэтым свеце можна – і трэба! – быць шчаслівым, таму што ніхто нам другога жыцця ў мяшэчку не вышле», – падсумавала пісьменніца.

«Грудка збіваецца, але так марудна, што траціш надзею»

На думку Святланы Курс, Беларусь не мае адной перспектывы – мае іх некалькі. Ёсць перспектыва лукашэнкаўцаў, перспектыва губазікаўцаў, а ёсць перспектыва тых людзей, якія з’ехалі («нашая бел-чырвона-белая перспектыва»).

«А Беларусь нешта іншае – трэцяе. А мы яе апісваем са сваіх вузкіх перспектываў», – сцвярджае пісьменніца.

«І вось калі мы думаем, што Беларусь – гэта зямелька такая гаротная, і там нічога шчаслівага няма, то мы страшэнна памыляемся. Бо шчасце любіць цішыню! А тых губазікаўцаў на ўсіх не набярэшся, але і БЧБ на ўсіх не набярэшся. І ёсць такая беларуская глыбіня, якая будзе выпускаць розных дзяцей, пачынаючы ад такіх людзей, як Іван Кубракоў [міністр унутраных справаў РБ. – Заўв. «Белсату»] ці як той лысы і вельмі страшны [імаверна, старшыня КДБ Іван Церцель. – Заўв. «Белсату»], заканчваючы такімі светлымі людзьмі, як паэтка Таццяна Сапач ці Сяргей Дубавец ды такімі змрочнымі і загубленымі геніямі, як Анатоль Сыс», – зазначыла Святлана Курс.

Пісьменніца Святлана Курс выступае падчас сустрэчы з чытачамі ў Варшаве.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

На ейны погляд, Беларусь мела толькі «маленькі прамежак святла», у перыяд з 1991 да 1994 года, але ягоны выкід быў такі магутны, што «дзякуючы яму мы ўсё яшчэ жывыя і ўсё яшчэ радасныя». Пасля гэтага – рабілася ўсё горай і горай. І што далей – невядома.

«Мне, напрыклад, было вельмі шкада, што я не была падчас пратэстаў 2020 года ў Беларусі. А з іншага боку, калі б я там была, я думаю, – гэтага проста не перажыла б. Вось Слава Сіўчык [Вячаслаў Сіўчык, лідар руху салідарнасці «Разам». – Заўв. «Белсату»] сядзіць і можа пацвердзіць: калі чалавек з 1990-х гадоў працуе, таўчэ гэтымі лапамі малако, каб збіць масла, а яно ўсё – вада і вада, і грудка не збіваецца, то можна зняверыцца. Але грудка насамрэч збіваецца. Проста так марудна, што траціш надзею. Я думаю, многія страцілі надзею», – заўважае Святлана Курс.

«Але тых людзей, якія замерлі і страцілі надзею, я цудоўна разумею. І мне здаецца, што многія творцы – таксама ў такім стане. А іншыя – проста ў дэпрэсіі. Мы цяпер у дэпрэсіўных станах», – кажа літаратарка.

Добрай навіной, паводле яе, ёсць тое, што пасля 2020 года абавязкова будзе «дваццаць якісьці».

«Дабро прайграе і адпаўзае, а потым наступае 1000 маленькіх пераломаў»

Пісьменніца кажа, што, каб ацаніць сапраўдны маштаб «велізарнага палатна жорсткасці», якое разгортваецца перад намі, трэба верыць у Госпада і гістарычную перспектыву і ведаць, з чым маем дачыненне. А маем яго з ворагам, «які імкнецца ўсё вакол сябе растварыць у кіслаце» – з «русским миром».

«Часта пішуць, што ён вось-вось рухне, што ён такі слабы – і кашлявы, і крывы, і касы. Гэта ўсё праўда. Але ён яшчэ дастаткова каварны, моцны і подлы. І ён вельмі добра асвоіў метады гібрыднай вайны на знішчэнне, якую вядзе не апошнія гады. Гэта хітры вораг, з якім мы жывём бок у бок і ваюем з ім ужо пяць стагоддзяў», – канстатавала Святлана Курс.

Hавiны
Святлана Алексіевіч піша новую кнігу з працоўнай назвай «У чаканні варвараў»
2024.01.19 15:53

Але прызналася, што яна бачыць і прадчувае святло.

«Я ўвогуле веру ў добрае. І не таму што я ідэалістка, я якраз песімістка і сацыяпатка. Але нягледзячы на гэта – я бачу святло. Я думаю, яно нас чакае ў будучыні», – сцвердзіла аўтарка.

Святлана Курс тлумачыць, што цяпер назіраецца «сапраўдная містэрыя бітвы дабра са злом», і мы пакуль што застаемся «на этапе пройгрышу дабра».

«Гэтая містэрыя апісаная ў многіх эпасах. Дык вось, дабро прайграе, слабее, адпаўзае. А потым наступае тысяча маленькіх пераломчыкаў – і ўжо зло адпаўзае залізваць раны, а дабро раскашуе: цвітуць сады, людзі робяць новых людзей, дзяржавы падымаюцца, храмы будуюцца…

І мы цяпер на этапе пройгрышу дабра. Калі яно слабае, апартуністычнае, трошкі прадаецца злу, трошкі баіцца выступіць і гэтак далей. Але тысяча маленькіх пераломаў ужо адбываецца…» – упэўненая Курс.

Яна аднак зазначае, што ніякая перамога ўжо «не будзе чыстым святлом» – праз тыя ахвяры, без якіх перамога немагчымая.

«Рабіць добрыя катлеты – такое ж мастацтва, як кіраваць дзяржавай»

Пісьменніца прызнаецца, што была страшна расчараваная, калі даведалася, што беларусы могуць «перакрыўляць спадарыню Святлану Ціханоўскую».

«За тое, што мае прозвішча ўкраінскае, за тое, што не выгаворвае літару «р», за то, што яна робіць катлеты. Гэта такая непавага!» – кажа яна.

Пісьменніца Святлана Курс выступае падчас сустрэчы з чытачамі ў Варшаве.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Мне здаецца, што рабіць добрыя катлеты – гэта такое ж самае мастацтва, як кіраваць дзяржавай. Чалавек расце над сабой увесь час, змяняецца, чалавек годна трымаецца ў цяжкіх умовах. І тут людзі, прычым беларускамоўныя людзі… такое. Ну а што зробіш? Аказваецца, беларускамоўныя таксама могуць быць і прасталыткамі, і зладзеямі, і мярзотнікамі. Ну і дзякуй богу. Свабодны народ мусіць мець увесь спектр – ад святых да мярзотнікаў», – адзначыла Святлана Курс.

«Чалавек – троху свіння, троху воўк і троху анёл»

«Чалавек чалавеку воўк?» – пытаемся ў Святланы Курс як у адмыслоўкі ў воўчай тэматыцы.

«Воўк! Але ж ваўкі высокаарганізаваныя істоты. Ім не чужая вернасць, дабрыня, разумная жорсткасць і разумная арганізацыя супольнасці, сентыментальнасць і яе адсутнасць адначасова. Гэта не так кепска. Нават свіннёй быць не так кепска. Чалавек – троху свіння, троху воўк, і троху анёл. Троху ў ім божай іскры ёсць. Увогуле ж – агідная, але і прыўкрасная істота!» – адказала Святлана Курс.

Але Аляксандр Лукашэнка «на ваўка не цягне», мяркуе творца раману «Па што ідзеш, воўча?»

«Які ж з яго воўк, госпадзі! Уявіце, што ён страціць усе рычагі ўлады. Тады пабачыце, як будзе поўзаць на каленях, баяцца, рыдаць, прыніжацца. Такіх баязліўцаў свет не бачыў! Жалчайшая істота!» – лічыць пісьменніца.

Паводле яе, усе тыраны – «нікчэмныя як людзі», «паўгалоўкі». Нікчэмныя і з чыста чалавечых якасцяў, і з інтэлектуальных. Але маюць магутную цягу да ўлады, якая не стрымліваецца ніякімі «маральнымі тармазамі».

«Я сутыкалася з тагасветнымі праявамі, і я іх баюся»

Раман «Па што ідзеш, воўча?» перакладзены на нямецкую і чэшскую мовы. Святлана Курс, адказваючы на нашае пытанне, гаворыць, што аўтэнтычнасць голасу палескай шаптухі Дарожкі наўрад ці захаваецца ў перакладах цалкам, але набудзе новую якасць. Бо традыцыя вядзьмарак, напрыклад, у нямецкай культуры магутная і вельмі блізкая да беларускай («Па сваёй чорнасці – чыстая смала, як і беларускія казкі»).

Раман «Па што ідзеш, воўча?» на каленях у чытачкі падчас сустрэчы чытачоў з пісьменніцай Святланай Курс.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Галасы беларускіх вядзьмарак пісьменніца помніць з дзяцінства. Распавядае, што была вельмі кволенькай дзяўчынкай, хварэла на падучку, мела цэлы букет хваробаў.

«І вось мяне насілі па ўсіх шаптухах. І цяпер часамі я ўсю гэтую гадасць успамінаю. Бо насамрэч гэта не вельмі прыгожая практыка. Яны спальваюць валасы, катаюць хлебны шарык табе па жываце – і невядома адкуль у ім зʼяўляюцца чорныя валасы…» – расказвае пісьменніца.

«Памятаю, як яны гаварылі. Мне падабаюцца жаночыя старэчыя галасы. Яны такія адвечныя – ты чуеш, як бы зямля сама гаварыла.

Ці такая карцінка: старая жанчына сядзіць на беразе сажалкі і ловіць рыбу ў чорным сваім шмацці. Выцягае вялікія рыбіны – адзін, два, тры. А навокал – злобныя мужыкі ловяць маленькіх плотачак. І баяцца ж яе прагнаць, таму што можа так нашаптаць, што і мужчынамі пасля гэтага быць перастануць. То бок – я іх чула фактычна», – кажа Святлана Курс.

Яна згодная, што быць пісьменніцай – гэта быць і троху шаптухай. Але папярэджвае: лепей туды не лезці.

«Я сутыкалася з тагасветнымі праявамі, і я іх баюся, я вам шчыра скажу. Страшэнна баюся! Адчуваю, што там ёсць штосьці. І туды без асаблівага пропуску нос соваць не варта. Дый куды спяшацца? Чалавек не так доўга жыве – можна і пачакаць», – смяецца Святлана Курс.

«Я вельмі кепская маці сваім кніжкам»

Святлана Курс называе сябе «маленькай пісьменніцай» («Пісьменнікі бываюць вялізныя, як дубы, а бываюць маленькія, як фіялка. І ніхто не павінен удаваць з сябе дуб, калі ён фіялка»), якая «не зарабляе літаратурай». Прызнаецца, што «мела раскошу» пісаць апошні раман дзесяць гадоў, хоць магла б пісаць і ўсіе пяцьдзясят.

Але акурат з гэтай няспешнасці вынікае дасканаласць стылю («Ніводнага лішняга слова», – захапляўся творам Аляксей Дзікавіцкі) і сакавітасць мовы. Святлана кажа, што ў сырой версіі раману было 666 старонак – яна скараціла тэкст да 142-х.

«Па што ідзеш, воўча?» – другая кніга аўтаркі. Першая, раман «Шлях дробнай сволачы», была апублікаваная ў 2008 годзе, і яе ўжо не купіць.

«Ведаеце, я вельмі кепская маці сваім кніжкам. Яны мне не падабаюцца, мне за іх сорамна. І вось, як дзеці бегаюць смаркатыя і кепска апранутыя, так і мае кніжкі. Я іх чытаю, толькі калі добра падвыпʼю, і тое ў мяне слёзы цякуць па твары. А тут што ты нарабіла? Чаму тут не дацягнула, а тут перацягнула? А тут – нейкае свінячае самалюбаванне. І гэтак далей. Цяжка з гэтым, цяжка», – прызнавалася Святлана Курс.

«Мне падабаюцца алкаголікі, бяздомныя, злодзеі, крыклівыя бабы»

Тэма алкаголю, якая праходзіць і праз апошні раман пісьменніцы, вяртаецца ў нашай размове, калі Курс апавядае пра сваю любоў да Варшавы, у якой жыве ўжо васямнаццаты год. Прызнаецца, што нідзе не бывае такой шчаслівай, як у Варшаве («Ну, Беларусь, канечне, па-за канкурэнцыяй, але Варшава – божа мой!»).

«Я проста абажаю сваю Волю [раён Варшавы. – Заўв. «Белсату»], таму што мне падабаецца жыць сярод нізкіх сацыяльных слаёў, і я адчуваю сябе там як рыба ў вадзе. Мне падабаюцца алкаголікі, бяздомныя, злодзеі, крыклівыя бабы, сямейныя скандалы… Вось! Варшава прымае любога чалавека. Тут кожны знаходзіць сябе. І аматар начных клубаў, і касцёлаў, і могілак… Варшава – гэта горад, у якім можна пражыць усё жыццё і ніводнага дня не нудзіцца», – мяркуе літаратарка.

«Але як вы даяце сабе рады ў Варшаве зімой, калі няма белага снегу, як у Менску, і калі ўсё такое шэрае?» – прагучала пытанне з залы.

«А з гэтым я праблемаў не маю, бо мне падабаюцца ўсе станы душы, і меланхалічныя таксама.

А потым – я ж пʼю. Ну, часам кідаю, часам зноў пʼю. І пад алкаголем – усё прыўкрасна! Я вельмі люблю па парку хадзіць, трошкі выпіўшы, па лесе хадзіць, трошкі выпіўшы… Але ж гэта я вам не раю, нікому не раю», – пасміхаецца Святлана Курс.

«Але нават цвярозая калі іду і бачу гэтую шэрасць, гэтыя сацыяльныя кішкі гораду вывернутыя – хіба гэта не прыўкрасна? Гэта таксама прыўкрасна! Мне здаецца, што чалавек толькі тады чалавек, калі ён пражывае ўсе станы сваёй душы. А калі мы будзем імкнуцца толькі да адной радасці, гэта зусім не цікава», – гаворыць пісьменніца.

Святлана Курс раіць усім варшаўскім беларусам спрабаваць «сшываць горад» сваімі крокамі, як робіць гэта яна, «каралева тапаграфічных крэтынак».

«І ўспрымайце ўсіх і ўсё, што вы бачыце, як неабходную радасць для душы. Жыццё гэта кураж! А можа, вы нарачоную сустрэнеце і закахаецеся…» – дае яна парады хлопцу, які пакутуе ў бясснежнай Варшаве.

«Маё жыццё – гэта фарс-вадэвіль»

На развітанне вяртаем Святлану Курс да пачатку размовы, калі яна прызнавалася, што не вельмі ўтульна пачуваецца, калі выступае перад вялікай аўдыторыяй, бо «кожны чалавек – гэта містэрыя, спектакль», таму «фармат за столікам» з адным ці двума чалавекамі быў бы больш камфортны.

«Калі кожны чалавек – спектакль, то спектакль пад назвай «Святлана Курс» – якога жанру, хто ў ім грае галоўную ролю?» – запытваемся.

«Я ўпэўненая, што маё жыццё – гэта фарс-вадэвіль. Людзі мне гавораць: «Што ты прыбядняешся? Што ты прыдумваеш?» А з гэтага жанру я выйсці не магу», – адказвае Святлана Курс.

«І я заўважыла, што некаторыя людзі жывуць у драме – каралевы і каралі драмы! Іншыя – у круцельскім рамане жывуць, і гэта вельмі цікава. А некаторыя – у сацыяльным скандынаўскім дэтэктыве. Яшчэ адныя жывуць у трагедыі Кнута Гамсуна «Голад»: грошай не хапае, хвароба, мужы і жонкі здраджваюць, дзеці – паскуды і гэтак далей. І гэта таксама вельмі цікава. А хто грае галоўную ролю ў маім спектаклі?.. Не паверыце – мужчына», – дадае Святлана Курс.

Разнастайнасць жанраў чалавечых «спектакляў» абумоўленая самім парадкам светабудовы, мяркуе пісьменніца.

«Свет створаны шыкоўнейшым чынам, але ж ніколі чалавек у ім не можа ўладкавацца. Усё роўна што спіш пад кароткай коўдрай: на вушы нацягнеш – ногі голыя, на ногі – вушы мерзнуць. І не можа чалавек у гэтым свеце так скруціцца калачыкам, каб усюды было цёпленька. Але такое жыццё! Шчасце не было б такім прарэзліва файным, каб доўжылася больш за імгненне…» – сцвердзіла Святлана Курс.

Сустрэча з пісьменніцай адбылася ў межаў «беларускіх аўторкаў» у польскай прасторы «Witryna Domu Wschodniego» ў Варшаве (пл. Канстытуцыі, 6 – на рагу вул. Koszykowej).

Агляд
Бяляцкі, Бахарэвіч, Някляеў, Янкута… Выбралі дзесяць беларускіх кніжак 2023 года
2023.12.28 07:13

Зміцер Міраш belsat.eu