Новае расследаванне «BYPOL»: Як ГУБАЗіК распрацоўваў тэлеграм-канал «Водители 97»


Фальсіфікацыя абвінавачання, доказаў – усяго. Ініцыятыва былых сілавікоў «BYPOL» падзялілася вынікамі ўласнага расследавання, як працаўнікі ГУБАЗІКу пераследавалі ўдзельнікаў тэлеграм-каналу «Водители 97». У затрыманых не было радыкальных ідэяў, але гэтак званыя сілавікі выставілі іх перад судом вельмі небяспечнымі людзьмі. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Відэазапіс размовы намесніка начальніка ГУБАЗіКу Міхаіла Бедункевіча з удзельніцаю тэлеграм-каналу «Водители 97» Вікторыяй Кульшаю трапіў у рукі ініцыятывы «BYPOL». На падставе яго ды іншых сакрэтных дакументаў былыя сілавікі правялі ўласнае расследаванне – «Як знішчалі адміністратараў тэлеграм-каналу “Водители 97″».

«Насамрэч яны не блакавалі вуліцаў, каб сілавікі не праехалі, на той момант не было такой ідэі, у чатах проста ладзіліся акцыі пратэсту, там катанні аўтамабілямі па кальцу, напрыклад, гэта была акцыя шмат аўтаў», – тлумачыць кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў.

Паводле «BYPOL», улетку 2020-га сілавікі атрымалі доступ да тэлефона адной з удзельніц чату – Таццяны Шкробат. І з яе ведама пісалі ў канал, сачылі за ўдзельнікамі. У выніку акрамя Шкробат затрымалі яшчэ трох асобаў: Дзяніса Гуціна, Ганну Вішняк і Вікторыю Кульшу.

«Мне паставілі ў віну не мой акаўнт. Акаўнт, які на судзе мне кажуць: вы вінаватыя, вам у віну паставілі такі акаўнт. Я кажу: давайце паглядзім, у вас мой тэлефон, яны адчыняюць і бачаць, суддзя і ўсе бачаць, што ў тэлефоне зусім па іншаму напісаны акаўнт», – узгадвае вольная палітзняволеная Ганна Вішняк.

Усіх чацвярых судзілі за ўдзел і арганізацыю акцыяў пратэсту. Справу разглядала Жанна Хвайніцкая з суда Завадскога раёну Менску. Гуціна, Вішняк і Кульшу, якія сваёй віны не прызналі, яна пакарала двума з паловаю гадамі пазбаўлення волі, а Таццяну Шкробат, якая прызнала віну і супрацоўнічала са следствам, – трыма гадамі «хатняй хіміі». Гуцін і Вішняк ужо адбылі тэрміны і выйшлі на волю.

«Штодзень я зазнавала маральны, фізічны і іншы ціск і з боку супрацоўнікаў і з боку асуджаных якія выконвалі ўказанні гэтых працаўнікоў. У сувязі з гэтым сфальсіфікавана пакаранне, у мяне 16 спагнанняў, кожнае спагнанне – гэта новае пакаранне – асобнае ШІЗА», – дзеліцца вольная палітзняволеная Ганна Вішняк.

Вікторыя Кульша, з якою размаўляў Міхаіл Бедункевіч, на волю так і не выйшла. Ёй за нібыта зацятае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі прысудзілі яшчэ 1 год.

Александр Азаров, представитель инициативы BYPOL
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Азараў, прадстаўнік ініцыятывы «ByPol», былы кіраўнік 3-га ўпраўлення ГУБАЗіК і былы выкладчык акадэміі МУС. Варшава, Польшча. 25 кастрычніка 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар

«Гэта такі артыкул, які крытыкуецца праваабаронцамі, артыкул у крымінальным кодэксе 411, ён дазваляе ўладам працягваць тэрмін утрымання пад вартай чалавека, які ўжо асуджаны. Для таго, каб зламаць людзей, актывістаў, якія працягваюць знаходзіцца ў сваіх перакананнях», – тлумачыць праваабаронца, юрыст «Human Rights Impact» Раман Кісляк.

У расследаванні «BYPOL» гучаць наступныя імёны сілавікоў, датычных да палітычнага пераследу ўдзельнікаў тэлеграм- каналу «Водители 97»: капітан міліцыі Ігар Бушыла, генеральны пракурор Андрэй Швед, пракурор Аляксандр Кароль ды іншыя.

«Незаконнае затрыманне, прыцягванне да крымінальнай адказнасці, асуджэнне, падлог дакументаў, злоўжыванне службовым становішчам – тут артыкулаў да 10 можна сабраць. Гэтыя людзі, якія былі датычныя да прыцягвання да крымінальнай адказнасці “Водители 97”, за гэтыя злачынствы панясуць заслужаныя пакаранні», – робіць вынік кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў.

А асуджаныя, на думку Азарава, у будучым мусяць быць вызваленыя ад крымінальнай адказнасці ды атрымаць кампенсацыю за фізічныя і маральныя пакуты.

Аліна Скрабунова, «Белсат»