Для фігурантаў «справы “BYPOL”» пракурор запатрабаваў ад 11 да 25 гадоў і гіганцкія штрафы


Сёння ў Менскім гарадскім судзе прайшлі спрэчкі бакоў на працэсе ў «справе “BYPOL”». Пракурор запатрабаваў для ўсіх фігурантаў справы ад 11 да 25 гадоў зняволення і гіганцкія штрафы. Удзельнікаў арганізацыі судзяць завочна.

Фігуранты «справы “BYPOL”». Крыніца: viasna96 / Telegram

Фігуранты справы – Аляксандр Азараў, Андрэй Астаповіч, Уладзімір Жыгар, Мацвей Купрэйчык, Ігар Лобан, Алег Талерчык. Іх усіх абвінавачваюць у спробе захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам.

Як паведамляе «БелТА», дзяржаўны абвінаваўца прапанаваў канчаткова вызначыць пакаранне Аляксандру Азараву ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 25 гадоў са штрафам у памеры 10 тыс. базавых велічыняў (400 тыс. рублёў), Мацвею Купрэйчыку – 12 гадоў са штрафам у памеры 5,5 тыс. базавых  велічыняў (220 тыс. рублёў), Уладзіміру Жыгару і Ігару Лобану – 12 гадоў са штрафамі ў памеры 5 тыс. базавых велічыняў (200 тыс. рублёў), Алегу Талерчыку – 12 гадоў са штрафам у памеры 1 тыс. базавых велічыняў (40 тыс. рублёў), Андрэю Астаповічу – 11 гадоў са штрафам у памеры 5 тыс. базавых велічыняў (200 тыс. рублёў).

Акрамя таго, для ўсіх абвінавачаных пракурор запатрабаваў адбыванне пакарання ва ўмовах папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Нагадаем, што ўсіх фігурантаў справы вінавацяць паводле дванаццаці артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Сярод іх: «Здрада дзяржаве», «Арганізацыя актаў тэрарызму», «Змова дзеля захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам», «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання», «Паклёп у дачыненні Лукашэнкі».

У 2020 годзе былыя сілавікі падтрымалі пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту, а пасля з’ехалі за мяжу, дзе заснавалі ініцыятыву «BYPOL». У 2023 годзе яна падзялілася на фонд «BYPOL» і аб’яднанне «BelPol».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў