«Думаць Мацкевічам». У Варшаве прэзентавалі новую кнігу філосафа і палітвязня – «Свабода і мысленне»


14 траўня, у дзень народзінаў палітзняволенага філосафа Уладзіміра Мацкевіча, у Варшаве адбылася прэзентацыя ягонай кнігі «Свабода і мысленне. Эсэ аб грамадзянскай супольнасці». Імпрэза адбылася ў беларускім «Прэс-клубе». «Сваімі кнігамі ён дае нам падказкі», – кажа былая жонка філосафа Святлана Мацкевіч.

Беларускі філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч больш за 280 дзён знаходзіцца за кратамі Валадаркі. Яго зняволілі за інтэлектуальную мужнасць. Як ён сам казаў – за «думзлачын».

«Уладзімір не толькі гаварыў пра Беларусь. Ён думаў пра яе і дзейнічаў. Дзейнічаць, адрэфлексаваць, а потым напісаць кнігу для ўсіх, якая разварочвае дыскусію ў Беларусі, – гэты ягоны стыль. Нават зараз, калі ён знаходзіцца ў турме, мы працягваем ягоныя тэксты абмяркоўваць і думаць пра гэта», – сказала на прэзентацыі кнігі «Свабода і мысленне» Святлана Мацкевіч.

На яе думку, кніжка, напісаная яшчэ да падзеяў 2020 году, актуальная і цяпер. «Сваімі кнігамі ён дае нам падказкі, як дзейнічаць», – падкрэсліла былая жонка філосафа і палітвязня.

Даведка
«Свабода і мысленне. Эсэ аб грамадзянскай супольнасці»кніга Уладзіміра Мацкевіча, у якую ўвайшлі тэксты, напісаныя ў межах кампаніі «Свежы вецер» ў снежні 2019 – студзені 2020 гадоў. Ключавое пытанне – ці здольнае беларускае грамадства супрацьстаяць сучасным выклікам і пагрозам. Адпраўным пунктам была палеміка аб тым, ці існуе грамадзянская супольнасць у Беларусі. Кніга выдадзеная ў Вільні. Рэдактары: Кірыл Мальцаў, Алесь Залесскі, Таццяна Вадалажская.

З днём народзінаў Уладзіміра Мацкевіча (яму споўнілася 66 гадоў) віншавалі вядомыя беларускія журналісты, інтэлектуалы, актывісты, выпускнікі «Лятучага ўніверсітэту». Выступоўцы шмат цытавалі і выказвалі розныя меркаванні аб новай кнізе.

«Мацкевіч – гэта зараза!»

Культурны крытык Максім Жбанкоў прызнаўся, што нічога новага са «Свабоды і мыслення» Мацкевіча не ўзяў для сябе, але зазначыў, што самая асоба Мацкевіча – большая і важнейшая за ўсе тэксты, якія ён напісаў.

«Ён праводзіць наладку твайго мыслення. І вось: да мяне звяртаюцца за каментарамі – і што я пачынаю гаварыць? Я цалкам незаўважна для сябе пачынаю казаць аб крытычным мысленні і г.д. – пачынаю думаць Мацкевічам. І тут разумею, што Мацкевіч – гэта зараза! Ягоныя здольнасці да рэзанансу інтэлектуальных высілкаў, на мой погляд, – самае галоўнае, чым цікавы і важны Мацкевіч», – сказаў Максім Жбанкоў.

Графіка: Белсат

«Рызыка быць сабой», «досвед жыцця на скразняку» і «адсутнасць страху перад ламаннем матрыц», чыстата мыслення і ўчынку – вось асноўныя рысы інтэлектуала Уладзіміра Мацкевіча, мяркуе Жбанкоў. «І гэта ўсё робіць аўтара большым за тэкст. Фактычна тэксты ператвараюцца ў прадмову да асобы. Ператвараюцца ў трамплін для персанальнага подзвігу», – дадаў выступоўца.

«Хутчэйшага асуджэння!»

Калега Мацкевіча філосаф Павел Баркоўскі зазначыў у выступе, што зараз Мацкевіч – «на сваім месцы», куды яго прывяла ягоная пазіцыя публічнага інтэлектуала.

«Таму сёння ён знаходзіцца там, дзе знаходзіцца, – як пэўны папрок таму грамадству, якое дазваляе, каб яго выбітныя прадстаўнікі, філосафы знаходзіліся ў турмах, замест таго, каб быць рупарам грамадскага сумлення», – адзначыў Павел Баркоўскі, пажадаўшы калезе «захоўваць сябе і надалей у стане прыкладу для іншых».

Бізнесмен і былы вязень Аляксандр Кныровіч зычыў Уладзіміру Мацкевічу «хутчэйшага асуджэння», бо хутчэйшага вызвалення жадаць пакуль не выпадае.

«Каб хутчэй пераехаў з СІЗА ў калонію, дзе чалавек мае магчымасць думаць, пісаць і не адрывацца на дробныя справы. Калі так складзецца, то я ўпэўнены, што гэтая кніжная палічка хутка ўзбагаціцца новымі творамі філосафа. Бо калонія – месца, каб думаць глыбока», – сказаў былы вязень Аляксандр Кныровіч.

«Чакаем на волі і ў эфіры!»

Журналіст і кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграм «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі згадаў, як Уладзімір Мацкевіч стаўся вядоўцам праграмы «Размова» на «Белсаце», як паўжартам папікаў яго за тое, што ён цягам трох хвілін задае госцю пытанне, на якое ж сам і адказвае.

«Але ў выніку і «Белсат», і гледачы вельмі шмат ад гэтага атрымалі», – прызнаўся Дзікавіцкі.

«Спадар Уладзімір сапраўды мог гаварыць з людзьмі на розных узроўнях. Размаўляць з ім было надзвычай лёгка, нібыта ён не быў фігурай такога маштабу. Вельмі чакаю спадара Уладзіміра на волі і ў нашым эфіры!» – пажадаў Аляксей Дзікавіцкі.

Графіка: Белсат

Журналіст «Еўрарадыё» Зміцер Лукашук закрануў у прамове «правакацыйную тэму»: «з’язджаць ці заставацца ў Беларусі». Згадаў у гэтым сэнсе колішнюю размову з Мацкевічам («А ён быў добрым такім правакатарам!»), які пайшоў у турму свядома. І гэта, на погляд Лукашука, прыклад таго, што кожны сам для сябе вызначае – турма ці эміграцыя.

«Гэта калі сам асэнсоўваеш, дзе ад цябе будзе больш карысці. Мацкевіч быў перакананы, што ад яго больш карысці будзе ў турме. Ён свядома пайшоў туды. Ён ведаў, што яго забяруць. І ён ведае, што там ягонае месца. Прынамсі ён сам так лічыць. Але з іншага боку, гэтая б кніга не выйшла б і не адбылося б гэтай прэзентацыі, калі б пэўныя людзі не зʼехалі і тут не зрабілі гэтую справу», – зазначыў Зміцер Лукашук.

«Выдатна, што можам працягваць ягоную справу»

Цягам імпрэзы «філосафа ў турме» павіншавалі з народзінамі каля 20 чалавек. Завяршыла імпрэзу дачка Уладзіміра Мацкевіча Надзея Лучанок.

Яна адзначыла, што новая кніга зʼявілася вельмі своечасова. Бо пасля таго, што здарылася ў 2020 годзе, гэтыя тэксты, «якія ў нейкім сэнсе аказаліся прарочымі», дапамогуць паглыбіцца і падумаць, а для многіх – вызначыцца.

Надежда Лученок, Светлана Мацкевич, в Варшаве представили электронную книгу Владимира Мацкевича «Отвечая за себя», Центр белорусской солидарности
Прэзентацыя кнігі філосафа Уладзіміра Мацкевіча «Адказваючы за сябе» у Цэнтры беларускай салідарнасці. На здымку – Надзея Лучанок і Святлана Мацкевіч, дачка і жонка філосафа. Варшава, Польшча. 16 студзеня 2021 года.
Фота: ЯМ / Белсат

«Ведаеце, улетку 2021 году ён прызнаўся: «Надзя, я ўсё сказаў». Заявіў, што яму час сыходзіць. І ён сышоў. Сышоў і пакінуў нас. І са жніўня 2021 году шмат ад каго чую словы, што нам вельмі бракуе Уладзіміра Мацкевіча: «А што б ён на гэта сказаў, што б ён падумаў?» Я ўжо не кажу як нам бракуе, як яго не хапае! Але выдатна, што мы маем магчымасць чытаць ягоныя тэксты і працягваць ягоную справу – «думаць Беларусь», – зазначыла Надзея Лучанок.

Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч утрымліваецца ў СІЗА-1 на Валадарскага. Крымінальная справа, заведзеная ў дачыненні яго, ужо перададзеная ў суд, але дата судовага працэсу яшчэ не прызначаная. Павіншаваць палітвязня з народзінамі можна, напісаўшы яму на адрас: СІЗА-1. 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2.

Артыкулы
Думаем Беларусь: топ артыкулаў і кніг філосафа Уладзіміра Мацкевіча
2022.03.15 12:30

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў