Каардынацыйная рада вызначылася з датай і сістэмай выбараў


Каардынацыйная рада большасцю галасоў зацвердзіла выбарчую сістэму, паводле якой пройдуць выбары ў КР, і паведаміла пра гэта ў сваім тэлеграм-канале. Таксама была вызначаная і дата правядзення выбараў – 25 траўня 2024 года. 

Андрэй Ягораў, спікер Каардынацыйнай рады, выступае перад чальцамі Каардынацыйнай рады і журналістамі. Варшава, Польшча. 2 кастрычніка 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

У адпаведнасці з пастановай, выбары будуць праводзіцца паводле прапарцыйнай сістэмы з закрытымі спісамі (фіксаваны парадак, кандыдаты бачныя).

Кожны выбарнік будзе мець тры галасы і зможа аддаваць не больш за адзін голас за суб’ект, пры гэтым у бюлетэні мусіць быць не менш за адзін голас.

У выбарчай сістэме будзе прадугледжаная гендарная квота ў 40 % (у кожнай пяцёрцы кандыдатаў – не менш за дзве жанчыны) з магчымасцю зніжэння квоты да 20 % пастановай выбарчай камісіі для тых выбарчых суб’ектаў, якія абʼектыўна не могуць выканаць квоту ў 40 % (арганізацыі ў сферы бяспекі, ветэранскія і інш.).

Спіс ад самавылучэнцаў не будзе прадугледжаны. Таксама не будзе квотаў для НДА.

Як адзначаецца ў паведамленні, ліст з апісаннем абранай выбарчай сістэмы будзе накіраваны ў Офіс Святланы Ціханоўскай.

Зараз у Каардынацыйнай радзе пастаўленая на галасаванне дата правядзення выбараў.

Нагадаем, што 7 лютага аб складанні паўнамоцтваў заявіла віцэ-спікерка Кааардынацыйнай рады Алена Жываглод, бо 8 лютага мусілі скончыцца паўнамоцтвы ўсёй КР. Аднак 8 лютага КР унесла змены ў Статут і працягнула свой мандат да першага дня агульнага пасяджэння наступнага складу. Ян Рудзік вырашыў, што ў такім выпадку Статут Каардынацыйнай рады робіць яго віцэ-спікерам, бо ён заняў трэцяе месца на выбарах спікера.

8 лютага каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення прыняла пастанову адклікаць з Каардынацыйнай рады свайго дэлегата Арцёма Брухана ў сувязі з завяршэннем 8 лютага паўнамоцтваў другога склікання Каардынацыйнай рады. Пры гэтым у НАУ падкрэслілі, што ўсю палітычную адказнасць за крызіс у Каардынацыйнай радзе нясе спікер КР Андрэй Ягораў.

Выбары ў КР планавалася правесці ў лютым.

Інтэрв’ю
Чаму выбары ў Каардынацыйную раду так доўга не могуць зладзіць? Тлумачыць былая віцэ-спікерка
2024.02.09 12:00

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў