Святлана Ціханоўская абмяркуе эканамічныя рэформы і падтрымку беларускага бізнесу ў Давосе


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская прыме ўдзел у сусветным эканамічным форуме ў Давосе 19 студзеня, каб абмеркаваць будучыню эканамічных рэформаў у дэмакратычнай Беларусі і падтрымку прыватнага беларускага бізнесу. Аб гэтым палітык паведаміла ў сваім Twitter.

Святлана Ціханоўская возьме ўдзел у эканамічным форму ў Давосе.
Фота: старонка Святланы Ціханоўскай / Twitter / Tsihanouskaya

Святлана Ціханоўская паведаміла аб намеры 19 студзеня прыняць удзел у Сусветным эканамічным форуме ў Давосе  і абмеркаваць падтрымку беларускага бізнесу.

«Я вельмі рады далучыцца да беларускага мерапрыемства на Сусветным эканамічным форуме на наступным тыдні. Гэта важная дыскусія пра будучыню эканамічных рэформаў у дэмакратычнай Беларусі і пра тое, як падтрымаць прыватны беларускі бізнес у святле міжнародных санкцыяў і рэпрэсіяў з боку рэжыму», – гаворыцца ў паведамленні.

Сусветны эканамічны форум (СЭФ) у швейцарскім Давосе пройдзе 16-20 студзеня і збярэ рэкордную колькасць удзельнікаў, перадае агенцтва EFE. Сярод удзельнікаў чакаюцца іспанскі прэмʼер Пэдра Санчэс, канцлер Германіі Оляф Шольц, старшыня Еўракамісіі  Урзуля фон дэр Ляен і іншыя, агулам чакаецца 2700 чалавек.

На сустрэчы СЭФ запрашаюцца вядучыя кіраўнікі бізнесу, палітычныя лідары, вядомыя мысліцелі і журналісты. Прадметам абмеркавання зʼяўляюцца найбольш вострыя сусветныя праблемы, у тым ліку ахова здароўя і экалогія.

У 2022 годзе СЭФ працягваўся 22-26 траўня і ўпершыню пасля 2020 года праводзіўся ў вочным фармаце з удзелам больш за 2000 прадстаўнікоў 50 краінаў свету.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў