Былога палітвязня знайшлі мёртвым у следчым ізалятары Варшавы


20 кастрычніка ў следчым ізалятары ў Варшаве знайшлі мёртвым беларуса і былога палітвязня Кірыла Кятурку, піша «MOST». Хлопцу было 19 гадоў. Папярэдняя версія следства: суіцыд.

Палітвязень Кірыл Кятурка, які памёр у польскім ізалятары.
Фота: mostmedia.io

У 2022 годзе Кірыл Кятурка быў прысуджаны ў Горадні да 2,5 года «хатняй хіміі» (тры месяцы правёў у гарадзенскім СІЗА). Пазней яму хацелі змяніць рэжым утрымання і перавесці ў калонію, але хлопец паспеў з’ехаць з Беларусі. З таго часу палітвязень жыў у Варшаве.

У кастрычніку 2023 года ягоныя сябры раптам згубілі з ім сувязь. Толькі праз 11 дзён пасля знікнення Кірыла яны даведаліся, што з ягонай сямʼёй у Беларусі звязалася беларускае пасольства і паведаміла, што хлопец быў знойдзены павешаным у польскай турме.

Польская паліцыя, паводле крыніцы выдання, затрымала Кірыла за махлярства ў інтэрнэце: нібыта беларус звязаўся з групай ашуканцаў, якая, магчыма, займалася крадзяжом грашовых сродкаў з банкаўскіх рахункаў.

«Кірыла затрымалі ў Варшаве 10 кастрычніка, а знайшлі павешаным праз 10 дзён. Ці палохалі яго, невядома. Можа, пагражалі высылкай у Беларусь, куды яму нельга было вяртацца ні ў якім разе… Ніхто са знаёмых і сяброў Кірыла не верыць, што ён мог сам павесіцца.

Ён прайшоў беларускую турму, дзе здзекуюцца з людзей. Яго там не зламалі. І тут, у варшаўскай турме, ён рашаецца на суіцыд?.. Цяжка паверыць. Можа, яму дапамаглі гэта зрабіць, каб нічога лішняга не сказаў? Мы нічога не ведаем. Трэба падключаць беларускіх і польскіх праваабаронцаў, праводзіць расследаванне і дабівацца праўды», – цытуе словы сябра памерлага «MOST».

Паводле папярэдняй версіі, прычынаю смерці Кірыла Кятуркі быў суіцыд. Так пазначана ў заключэнні экспертаў, якое перадалі разам з целам хлопца ягонай сямʼі. У паперы зазначаецца, што на целе не былі выяўленыя прыкметы гвалту.

Кірыла пахавалі 2 лістапада. Яму было 19 гадоў.

Hавiны
У Латвіі трагічна памёр беларускі палітвязень. Адкрыты збор на перавоз цела на радзіму
2023.11.10 17:19

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў