Лукашэнка падпісаў новы ўказ, датычны ПВТ. Што ён дасць ці забярэ ў IT-сектару Беларусі


Новы ўказ аб развіцці Парку высокіх тэхналогіяў падпісаны. Ці дасць ён «другое дыханне» IT-галіне Беларусі – або забярэ апошняе «паветра» ў кампаніяў і праграмістаў, якія яшчэ засталіся працаваць у ПВТ?  Пра гэта «Белсат» паразмаўляў з адным з беларускіх праграмістаў-распрацоўнікаў.

Парк высокіх тэхналогіяў.
Фота: dev.by

Аляксандр Лукашэнка 12 красавіка падпісаў указ № 102 «Аб развіцці Парку высокіх тэхналогіяў». Ён цікавы ўжо тым, што цэлых шэсць пунктаў дакументу схаваныя пад грыфам «Для службовага карыстання». То бок яшчэ не ўсе «сюрпрызы» вядомыя.

Паводле ўказу, будзе рэарганізаваная структура кіравання ПВТ – замест адной адміністрацыі зʼявяцца адразу некалькі органаў кіравання. Так, будзе створана кіраўнічая кампанія ПВТ, што зоймецца «інтэнсіўным стратэгічным развіццём», будзе прадстаўляць ПВТ пры ўзаемадзеянні з замежнымі партнёрамі, аказваць рэзідэнтам Парку «спрыянне ў пашырэнні экспарту, выхадзе на новыя рынкі і прыцягненні замежных інвестыцыяў». Вызначаць кіраўнічую кампанію будзе ўрад.

Апроч таго, працягне дзейнасць створаная раней назіральны рада ПВТ, яна захавае свае паўнамоцтвы і нават пашырыць. Пры назіральнай радзе ствараецца сакратарыят, які возьме на сябе ўсе ранейшыя функцыі адміністрацыі ПВТ і некаторыя новыя. Сакратарыят будзе ўзаемадзейнічаць з вайсковымі камісарыятамі, арганізацыямі Узброеных сілаў ды іншымі вайсковымі фармаваннямі ў пытаннях прызыву на службу працаўнікоў кампаніяў – рэзідэнтаў ПВТ. Колішняя адміністрацыя ўвойдзе ў склад сакратарыяту.

Праца сакратарыяту будзе фінансавацца ў тым ліку з адлічэнняў рэзідэнтаў ПВТ. Умовы дзейнасці ў рамках Парку – прававыя, падатковыя, фінансавыя – застаюцца без змяненняў.

Беларускі распрацоўнік Аляксей Картыннік, аўтар YouTube-каналу «АйТиБорода». Скрыншот з відэа / «Белсат»

Суразмоўца «Белсату», распрацоўнік Аляксей Картыннік, кажа, што праграмісты ўвогуле мала цікавяцца такімі ўказамі, бо яны больш прызначаныя для бізнесоўцаў. Аднак тры рэчы прыцягнулі і ягоную ўвагу: павелічэнне колькасці кіраўнікоў ПВТ, незразумелы механізм узаемадзеяння новага кіраўніцтва з кампаніямі і супраца з вайсковымі камісарыятамі.

Аляксей кажа, што бачыць адзіны зразумелы вынік структурных пераўтварэнняў у кіраўніцтве ПВТ – усё гэта давядзецца камусь фінансаваць.

«Паводле ўказу, адміністрацыя будзе цяпер працаваць разам з назіральнай радай ПВТ. Я не ведаю, што гэта за назіральная рада, але я разумею, што нейкія адлічэнні з заробку праграмістаў будуць накіроўвацца цяпер на новых людзей. І, шчыра кажучы, мы не разумелі, навошта нам было колішняе кіраўніцтва ПВТ, бо кампаніі самі працавалі, а тут яшчэ зʼяўляюцца нейкія людзі, якім трэба плаціць грошы», – адзначае праграміст.

Таксама суразмоўца не бачыць нічога пазітыўнага ў стварэнні кіраўнічнай кампаніі ПВТ, бо не зразумелыя ні іх задачы, ні змест працы, ці механізм узаемадзеяння з рэзідэнтамі ПВТ.

«Як гэта будзе адбывацца? Замежныя кампаніі, якія з намі працуюць, яны цяпер мусяць праходзіць нейкія правяранні? Ці гэтыя людзі будуць прапаноўваць нашым кампаніям нейкіх замежных працаўнікоў? Няясна. Але ясна адно: усё гэта будзе накладаць усё больш і больш нейкіх грашовых надбудоваў. І гэтыя грошы, зразумела ж, будуць ісці з заробкаў тых, хто працуе ў кампаніях – рэзідэнтах ПВТ. Таму гэта ўскосна або зменшыць заробак праграмістаў, або павысіць затраты кампаніяў. І гэта будзе для нас не вельмі добра», – патлумачыў эксперт.

Паводле Аляксея, для звычайных распрацоўнікаў, якія працуюць у кампаніях ПВТ, самы цікавы пункт – пра супрацу сакратарыяту назіральнай рады з вайскоўцамі і з вайсковымі камісарыятамі.

«З аднаго боку, яны кажуць, што будуць супрацоўнічаць, каб рабіць рэзерв, рабіць адтэрмінаванні. Але ж, хутчэй за ўсё, гэта будзе працаваць у іншы бок – позвы будуць прыносіць у абавязковым парадку. Не так будзе, што табе прынеслі позву і могуць яе не аддаць. Цяпер твае дадзеныя мусяць аддаваць у вайсковыя камісарыяты. І таму гэта ўжо небяспечна для тых, хто працуе ў кампаніях ПВТ. І з гэтага пункту гледжання я, напэўна, як распрацоўнік, для асабістай бяспекі, пайшоў бы на працу ў кампанію, што не ўваходзіць у ПВТ», – робіць высновы Аляксей.

Эксперт таксама выказаў здзіўленне тым узроўнем неразумення праблемаў IT-індустрыі, які дэманструюць і аўтары ўказу, і ўвогуле дзяржаўнае кіраўніцтва.

«Гэта выглядае як нейкія танцы на костках. Можа быць, гэты ўказ быў бы яшчэ сяк-так успрыняты ў якім 2018 годзе, калі яшчэ больш-менш быў давер да таго, як працуе ПВТ, калі было зразумела, што дзяржава не робіць там нейкай бязглуздзіцы. Але калі ўжо ўсё кепскае, што толькі магла і хацела дзяржава зрабіць, яна зрабіла, то гэта выглядае як нейкія недарэчныя крокі людзей, якія не разумеюць, што адбываецца», – мяркуе праграміст.

Аляксей адзначае, што галоўная памылка дзяржавы ў гэтай сферы сёння звязаная з неразуменнем таго, на чым існаваў ранейшы давер да беларускага IT-сектару з боку замежных замоўцаў. Сёння дзяржава ўсё яшчэ думае, што «крэдыт даверу» грунтаваўся на тым, што яна нешта зрабіла. Аднак на справе давер быў таму, што ў Беларусі былі вельмі добрыя спецыялісты і было шмат кампаніяў, якія развівалі гэтую галіну.

«Але кампаніі ідуць адсюль, з розных ацэнак, больш чым палова спецыялістаў таксама пайшла. І пайшлі спецыялісты высокага ўзроўню, бо ў іх і заробак большы. І ім з гэтай прычыны было прасцей зʼехаць. Таму краіна страціла вельмі шмат добрых спецыялістаў і кампаніяў. Таму нейкія патугі дзяржавы, каб гэта ўсё зарэгуляваць і неяк аднавіць, не прынясуць нічога. Замоўцы ішлі па спецыялістаў, а спецыялісты страчаныя, іх няма».

Нагадаем, што ідэю «жорстка ўзварухнуць» Парк высокіх тэхналогіяў Лукашэнка выказаў 31 сакавіка падчас звароту да народу і Нацыянальнага сходу. У выніку ўжо 11 красавіка яму прынеслі прапановы, як рэфармаваць ПВТ. На нарадзе Лукашэнка назваў прапанаваны праект указу нестандартным, але мала крэатыўным, сказаў, што IT-сектару патрэбна «другое дыханне», загадаў развітацца з заходнімі інвестыцыямі, перакінуцца на інвестыцыі азіяцкія, у Азію ж і на ўнутраны рынак скіравацца ў пошуках замоўцаў. Пад унутраным рынкам, мабыць, маецца на ўвазе не толькі Беларусь, але і Расея, дзе праз санкцыі заходні ліцэнзійны софт не даступны.

Усё гэта адбываецца на фоне таго, што IT-сектар працягвае зніжаць эканамічныя паказнікі і цягне ўніз ВУП. З Беларусі пайшлі ў іншыя краіны большасць буйных кампаніяў і некалькі дзясяткаў тысяч спецыялістаў высокага класу. Лукашэнка думае, усё гэта таму, што замежныя ворагі робяць спробы эканамічна задушыць ПВТ, які, з ягоных словаў, раней называлі «раем для праграмістаў» і «Крэмніевай далінай Усходняй Еўропы».

Каментар
Увайсці ў IT-2: Што за «нестандартныя» падыходы для развіцця ПВТ прапанавалі Лукашэнку
2023.04.11 20:09

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў