Увайсці ў IT-2: Што за «нестандартныя» падыходы для развіцця ПВТ прапанавалі Лукашэнку


«IT-краіна» перажывае не лепшы час, таму стан спраў у IT-галіне Беларусі разгледзелі на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі. Яму прапанавалі новыя рэдакцыі дакументаў па развіцці ПВТ, а ён загадаў пераарыентавацца на заказчыкаў з Азіі і на ўнутраны рынак. Расказваем, што адбываецца.

Парк высокіх тэхналогіяў. Менск, Беларусь.
Фота: usiminsk.by

Паводле аналізу даследчага цэнтру BEROC, IT-сектар у лютым чакана пацягнуў ВУП Беларусі ўніз. Дададзены кошт у сектары інфармацыі і сувязі зваліўся прыблізна на 14,8% у лютым гэтага года да лютага мінулага года. Гэта адбылося пасля зніжэння на 13,2% у студзені да паказальнікаў студзеня мінулага года. У выніку галіна ўнесла адмоўны ўклад у змену ВУП у памеры прыблізна 1,1 працэнтны пункт, што зʼяўляецца найгоршым паказальнікамі з пачатку бягучага крызісу. BEROC прагназуе, што значныя тэмпы падзення выпуску ў IT захаваюцца, як мінімум, да III квартала 2023 года.

На тле кепскіх эканамічных паказальнікаў галіны, якая зусім яшчэ нядаўна называлася ці не галоўным драйверам беларускай эканомікі, на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі разгледзелі праекты прававых актаў аб развіцці ПВТ. Лукашэнка ацаніў закладзеныя ў дакументах падыходы як нестандартныя, аднак пакрытыкаваў распрацоўшчыкаў прапаноў, найперш кіраўніцтва Парку высокіх тэхналогіяў, за недахоп крэатыўнасці.

Hавiны
Лукашэнка заклікаў «жорстка ўзварухнуць» Парк высокіх тэхналогіяў
2023.03.31 13:37

«Падыход нестандартны. Але ў гэтай сферы практычна заўсёды патрэбны нейкія крэатыўныя рашэнні», – заявіў Лукашэнка. Пры гэтым ён лічыць, што IT-галіна паказвае слабыя эканамічныя паказальнікі не з-за складанай унутранай сітуацыі, з-за якой мноства IT-кампаніяў рэлакавалі свае офісы і супрацоўнікаў у іншыя краіны, а кажа пра вонкавае супрацьдзеянне.

«Цяпер наш ПВТ, які доўгі час аўтарытэтныя спецыялізаваныя выданні называлі «раем для праграмістаў» і «Крэмніевай далінай Усходняй Еўропы», хочуць задушыць эканамічна. Такія спробы робяцца», – сказаў Лукашэнка.

Па яго словах, зараз склалася такая сітуацыя, што размова ідзе «аб другім дыханні і раней недаступных гарызонтах для парку, ды і ўсёй беларускай IT-галіны». У сувязі з гэтым ён запатрабаваў «асвоіць новыя рынкі, замясціць заходнія інвестыцыі азіяцкімі», а таксама ствараць прадукт для патрэб нацыянальнай эканомікі і экспарту. Апроч таго, па выніках нарады Лукашэнка загадаў «забяспечыць максімальна спрыяльныя ўмовы работы. Прычым не толькі для рэзідэнтаў ПВТ, але і для ўсіх айчынных IT-кампаній, наогул для ўсіх айцішнікаў».

Ён упэўнены, што названыя задачы дасягальныя, справа толькі ў стварэнні годнага прадукту: «Калі недзе ствараецца дастойны прадукт, якія б ні былі перашкоды, гэты прадукт будзе запатрабаваны, яго купяць».

Лукашэнка папярэдзіў урад і кіраўніцтва ПВТ, а таксама іншых адказных асоб: «Проста сёння недзе сядзець, прабачце за гэтае слова, пад плінтусам, адсядзецца, не атрымаецца. Патрэбны вынік. Няма выніку – ніякія тлумачэнні, ніякія размовы не прымаюцца».

Меркаванні
Гэтыя кепскія айцішнікі
2022.11.22 17:27

У сваю чаргу дырэктар Адміністрацыі ПВТ Усевалад Янчэўскі пасля нарады зазначыў, што «беларускія кампаніі заўсёды працавалі на прэміяльных і вельмі патрабавальных рынках – амерыканскім, еўрапейскім і гэтак далей». Ён лічыць, што ранейшы вопыт канкурэнцыі неяк дапаможа беларускім айцішнікам і на азіяцкіх рынках, куды галіну загадаў скіраваць Лукашэнка:

«Думаю, што і на новыя азіяцкія рынкі нашы кампаніі будуць заходзіць паспяхова, таму што ў іх ёсць вопыт работы ў такіх самых жорсткіх і цяжкіх умовах».

Здольнасці крэатыўшчыкаў ад улады добра паказвае праект стварэння «вёскі для айцішнікаў» каля Жабінкі ў Берасцейскай вобласці, дзе выдзелілі зямельны надзел плошчай 6 га. На ім могуць размясціцца каля 30 прыватных дамоў. Мясцовыя ўлады лічаць праект прывабным для інвестыцыяў, бо тут добрая экалогія.

Пры гэтым IT-галіна з лютага 2022 года устойліва зніжае эканамічныя паказальнікі, большасць буйных кампаніяў спынілі сваю дзейнасць у ПВТ, па некаторых адзнаках, з Беларусі з’ехалі не менш як 20 тысячаў айціспецыялістаў, і галоўным чынам гэта спецыялісты высокага ўзроўню. Пасля гэтага ў галіне напрыканцы года быў зафіксавана рэкордна нізкі ўзровень вакансіяў на рынку.

Яраслаў Ліхачэўскі ў эфіру «Белсату». Скрыншот з відэа.

Яраслаў Ліхачэўскі, IT-прадпрымальнік, сустваральнік «Дзіджытал Беларусь», у інтэрвʼю «Белсату» вельмі крытычна ацаніў праект у Жабінцы, бо разлік на тое, што туды прыедуць жыць высокакваліфікаваныя спецыялісты, ён лічыць неабаснаваным. Па словах Ліхачэўскага, высокакваліфікаваным спецыялістам, якія ў год зарабляюць прыблізна $ 60 тыс. кожны, апроч экалогіі патрэбен доступ да добрай адукацыі, доступ да добрай медыцыны, і патрэбна наяўнасць у дасягальнасці гадзіны язды на машыне міжнароднага аэрапорту, бо такія спецыялісты працуюць з замежнымі заказчыкамі, патрэбен высокахуткасны інтэрнэт, ды і ўвогуле патрэбна недзе проста траціць свае заробкі. Аднак галоўнае – гэта інвестыцыйны клімат, які па ўсёй Беларусі кепскі.

«Гэта выглядае як новая шарашка. Калі туды ссылаць праграмістаў, над якімі будзе стаяць таварыш маёр і будзе казаць «праграміруй», то можа там і будзе зручна назіраць за гэтымі 30 няшчаснымі айцішнікамі. Але я не ўяўляю ніводнага IT-спецыяліста ў Беларусі, які б паехаў туды жыць», – сказаў Ліхачэўскі.

Паводле суразмоўцы, пасля лютага 2022 года з Беларусі сышло «дамоваў, праектаў, кампаній амаль на 50%», гэта значыць што да 50% спецыялістаў альбо вымушаны былі зʼехаць, альбо перайшлі ў іншую сферу. Да лютага 2022 паводле эксперта, у Беларусі працавала каля 200 тысячаў IT-спецыялістаў. У большасці выпадкаў адбылася рэлакацыя з кампаніяй, прычым зʼехалі так званыя сеньёры, спецыялісты высокага ўзроўню, без якіх кампаніям не абысціся на новым месцы.

Белстат нядаўна засакрэціў звесткі па адтоку спецыялістаў з IT-галіны. Аднак, як лічыць Ліхачэўскі, ацаніць маштаб крызісу можна па тых кампаніях, якія з’ехалі, і колькі спецыялістаў яны з сабой вывезлі. Ды і праблема не ў колькасці.

«Складана ў лічбах падлічыць, колькі Беларусь страціла, але яна страціла не толькі ў грошах і ў лічбах. Краіна страціла ў чалавечым капітале. Зʼехалі людзі, старшыя ў сваіх кампаніях, якія навучаюць малодшых спецыялістаў і праз гэта кампаніі растуць. Калі самыя дасведчаныя зʼехалі, то аднавіць гэта будзе досыць складана. Зʼехалі і вялікія кампаніі, якія падтрымлівалі і фінансавалі лабараторыі ва ўніверсітэтах, рыхтавалі студэнтаў, каб потым наймаць іх да сябе на працу джуніёрамі – спецыялістамі-пачаткоўцамі. Усё гэта разбурае індустрыю ў краіне вельмі і вельмі моцна. Нават пасля таго, як зменіцца сітуацыя, і будуць больш спрыяльныя ўмовы, спатрэбіцца шмат часу, каб гэта ўсё аднавіць. І гэта вельмі сумна», – падсумаваў Яраслаў Ліхачэўскі.

Больш падрабязна размову з Яраславам у студыі «Белсату» можна паглядзець тут.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў