Жанчыны, якіх затрымалі з палкамі для скандынаўскай хады, падалі ў суд на міліцыю. Скаргі адхілілі


Жанчыны, затрыманыя падчас практыкаванняў у скандынаўскай хадзе.
Фота: @vicspring/TG

Гісторыя з віцебскімі жанчынамі, якіх у студзені затрымалі ў лесе з палкамі для скандынаўскай хады, нечакана атрымала працяг. Яны падалі ў суд на міліцыю за сваё затрыманне і ўтрыманне ў ІЧУ, паведамляе «Радыё Рацыя».

Жанчын затрымалі ў лесе пад Віцебскам 13 студзеня падчас практыкаванняў у скандынаўскай хадзе. 8 гадзін іх трымалі ў пастарунку без ежы і магчымасці прыняць лекі – нягледзячы на тое, што чатыры затрыманыя ўжо ў сталым веку. Яшчэ ноч яны правялі ў ІЧУ. Суд не знайшоў доказаў правапарушэння.

Тады жанчыны падалі ў суд Першамайскага раёну заявы на «незаконныя дзеянні міліцыянтаў».

«[Падалі ў суд] за наша затрыманне, умовы ўтрымання, накіраванне ў ІЧУ. Мы патрабавалі прызнаць гэта незаконным. Толькі прызнаць! Мы не патрабавалі ніякіх маральных ці матэрыяльных кампенсацый. Хаця Тамара Ільіна, прыкладам, на 10 дзён трапіла ў лякарню», – распавяла Таццяна Севярынец, адна з затрыманых.

Сілавікоў прадстаўляў начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Першамайскага РАУС падпалкоўнік Іван Доўгі. Прэтэнзіі жанчын ён выслухаў моўчкі, не задаў ніводнага пытання. Уласную пазіцыю патлумачыў коратка: заканадаўства дазваляе затрымаць падазраваных на 72, таму ўсё зрабілі слушна.

Суддзя Жана Васільева пагадзілася з міліцыянтам і адхіліла ўсе 6 скаргаў. Да таго ж, жанчыны цяпер маюць аплаціць судовыя выдаткі – па 4 рублі 85 капеек з кожнай.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў