Перадача «справы TUT.by» у суд і закрыццё незалежнага выдання. Хроніка рэпрэсіяў за 12 снежня


«Белсат» працягвае адсочваць факты рэпрэсіяў беларусаў рэжымам Лукашэнкі і звязаныя з гэтым працэсы і з’явы. Распавядаем пра выпадкі, пра якія стала вядома 12 снежня.

Генпракуратура перадала ў суд крымінальныя справы ў дачыненні да пяці фігурантаў «справы TUT.by». Гэта экс-гендырэктар Людміла Чэкіна, галоўны рэдактар парталу Марына Золатава, галоўны рэдактар палітыка-эканамічнага блока навінаў Вольга Лойка, журналістка Алена Талкачова і юрысконсульт Кацярына Ткачэнка.

Марына Золатава і Людміла Чэкіна. Калаж: «Зеркало» / zerkalo.io

У Беларусі 12 снежня распачаўся першы завочны суд. Па справе адміністратараў «Чорнай кнігі Беларусі» праходзяць пяць чалавек, якія знаходзяцца за мяжой. Гэта Яніна Сазановіч, Дзмітрый Навоша, Данііл Багдановіч, Валерыя Занямонская і Вольга Высоцкая. Іх абвінавачваюць у адміністраванне тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі» агулам па двух артыкулах КК: ч. 3 арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варожасці») і ч. 3 арт. 203-1 («Незаконных дзеяннях у дачыненні да персанальных дадзеных»).

Газета «Белорусы и рынок» спыняе працу па выпуску друкаванай версіі ў адпаведнасці з загадам міністра інфармацыі Уладзімірам Пярцовым, які быў падпісаны 1 снежня. На падставе загада рэдакцыя спыняе працу па выпуску друкаванай версіі газеты, якая выдавалася 32 гады, яшчэ з часоў СССР.

Рэдактар аршанскага сайта «orsha.eu» Ігар Казмярчак аб’яўлены ў міждзяржаўны вышук на тэрыторыі СНД, паведамляюць праваабаронцы. Нібыта ён схаваўся ад следства і з’яўляецца абвінавачаным у крымінальным артыкуле аб абразе прэзідэнта. Летась у лістападзе журналіст зʼехаў з Беларусі.

Журналіст Ігар Казмярчак. Вільня, Літва. 28 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

Палітзняволенага 56-гадовага мастака Івана Вярбіцкага будуць судзіць за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі па арт. 411 КК. Яго асудзілі адразу па некалькіх крымінальных артыкулах да 8 гадоў і 1 месяца калоніі. Вядома, што ў папраўчай калоніі на зняволенага аказваўся ціск: два месяцы Івана ўтрымлівалі ў ШІЗА і ПКТ. У верасні 2021 палітвязню ўзмацнілі пакаранне і этапавалі ў магілёўскую турму №4.

За ўдзел у адным маршы пратэсту 23 жніўня 2020 года Аляксандра Адашчыка асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі». Суддзя прызнаў яго вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Да вынясення прысуду мужчына знаходзіўся пад вартай, яго вызвалілі ў зале суда. Аляксандр прызнаў сваю віну.

Падчас «аблавы» ў Браславе 7 снежня ГУБАЗіК затрымаў каля 15 чалавек. Пра гэта паведаміў адзін з тых, хто выйшаў з ізалятару пасля трох содняў арышту. «Большасць былі затрыманыя па артыкуле 19.11 КаАП. Аднаго з затрыманых забралі за тое, што ў 2020 годзе перапосціў навіну з незалежнага тэлеграм-каналу ў мясцовы чат», – паведамляе на сваёй старонцы ў Facebook краязнаўца Кастусь Шыталь.

У Слоніме сілавікі затрымалі Андрэя Казялецкага. На «пакаянным» відэа мужчына кажа, што быў затрыманы з-за абразы міліцыянтаў у каментарах у інтэрнэце.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў