Ноч на нейтральнай паласе. Рэпартаж аб бежанцах на літоўска-беларускай мяжы


Памежнік Эвалдас за стырном службовага джыпа падчас патрулявання мяжы з Беларуссю. 7 ліпеня 2021 года.
Фота: Віталь Бабін для «Вот так»

З пачатку 2021 года на літоўска-беларускай мяжы затрымалі 1577 мігрантаў. Гэта грамадзяне, сярод іншага, Іраку, Конга, Камеруну, Гвінеі, Ірану, якіх на наўпростае ўказанне Аляксандра Лукашэнкі прывозяць на нейтральную паласу. Паток уцекачоў вырас за апошнія месяцы ў 20 разоў, кажа літоўскі бок. У краіне абвешчаная надзвычайная сітуацыя. Карэспандэнт «Вот Так» адправіўся на Друскінінкайскую заставу, каб на ўласныя вочы пабачыць, як дзясяткі мігрантаў спрабуюць нелегальна трапіць у Еўразвяз з Беларусі.

Мы прыязджаем у Друскінінкай – невялікі літоўскі горад на поўдні Літвы, ля самай мяжы Польшчы і Беларусі. Тут, на першы погляд, нічога не выдае эмігранцкага крызісу: людзі шпацыруюць, адпачываюць, спяшаюцца ў крамы і на працу. І, здаецца, нічога не чулі аб праблеме, якая ператварыла досыць спакойную працу мясцовых памежнікаў у штодзённы квэст з пагонямі і начнымі дазорамі.

Ноч на мяжы

«Вам пашанцавала, – кажуць ужо пасля праверкі нашых журналісцкіх дакументаў на Друскінінкайскай заставе, – вы будзеце першымі журналістамі, якія выправяцца з намі ў такую начную прыгоду».

Пачалася вечаровая перазменка, на якой мы заўважаем яшчэ і нямецкіх паліцэйскіх з Frontex [агенцтва Еўрапейскага Звязу ў сферы бяспекі вонкавых межаў. – Заўв. рэдакцыі], але яны просяць іх не фатаграфаваць. Зборы – на гэта сыходзіць прыкладна каля гадзіны, і мы выпраўляемся. Нашыя праваднікі, літоўскія памежнікі Рокас і Эвалдас [прозвішчаў яны прасілі не называць. – Заўв. рэдакцыі].

Першае, што пытаемся ў нашых праваднікоў: наколькі цяжка працаваць цяпер?

«Залежыць ад сітуацыі, цяжка ці не. Бывае, проста патрулюеш, і ніякіх праблемаў. Але цяпер даводзіцца і бегаць, і затрымліваць, – адказвае Рокас. – Псіхалагічна не складана. Гэта нашая праца. Але мы ж не адны, нам дапамагаюць і ўнутраныя войскі, і паліцыя. Мы працуем разам, гэта, мабыць, не дазваляе нам раскісаць».

Памежнік Рокас з прыладаю начнога бачання падчас патрулявання мяжы з Беларуссю. 7 ліпеня 2021 года.
Фота: Віталь Бабін для «Вот так»

Першы прыпынак каля памежнага паста. Тут выбарачна спыняюць аўтамабілі, якія перасякаюць мяжу. Правезці нелегальнага мігранта гэтым шляхам – рэч практычна не магчымая: кантроль праходзяць усе фуры, запэўніваюць нашыя спадарожнікі.

«А ў вас няма больш цёмнага адзення з сабою?» – задаюць слушнае пытанне памежнікі, і ў гэты момант мы разумеем, што здзейснілі з аператарам вялікае глупства, надзеўшы белыя майку і кашулю.

«Добра, штосьці прыдумаем», – супакойваюць нас.

Ужо праз паўгадзіны мы павольна едзем ляснымі сцежкамі, якімі штодня ходзяць мігранты, пераходзячы мяжу з Беларуссю. Менавіта тут, у розны час з рознай рэгулярнасцю, адбываецца большасць затрыманняў. Некалькі дзён таму ў гэтых месцах, з жоўтымі папераджальнымі таблічкамі на дрэвах, затрымалі больш за сотню чалавек.

«Часам гэта адна невялікая група, услед за ёй звычайна адразу ідзе іншая. Потым праз гадзіну яшчэ адна. Усё залежыць ад хуткасці іхнага руху. Мы блакуем пэўны ўчастак і чакаем, калі яны прыйдуць. Агрэсія з боку няпрошаных гасцей здараецца рэдка, – кажа Эвалдас. – Часцей за ўсё яны здаюцца самі. Убачыўшы памежнікаў, людзі прысядаюць і чакаюць, пакуль да іх падыдуць. Але бывае так, што нам даводзіцца пераследаваць, лавіць іх, шукаць у лесе. А некаторыя аказваюць супраціў, таму нам нават даводзілася рабіць папераджальныя стрэлы ў паветра і задзейнічаць пярцовы газ і кайданкі».

Папераджальны знак у літоўскім лесе недалёка ад мяжы з Беларуссю. 7 ліпеня 2021 года.
Фота: Віталь Бабін для «Вот так»

Звычайна гэтыя людзі добра апранутыя, дадае Рокас, які ўжо дастаў прыладу начнога бачання і праглядае цёмныя ўчасткі ўдалечыні:

У іх дарагія рэчы, ахайны выгляд, з тэлефонаў – бываюць айфоны, праўда, я думаю, што не арыгінальныя, а хутчэй копіі.

З надыходам цемры градус трывогі паступова нарастае. Памежнікі ўважліва праглядаюць лясны гушчар цеплавізарамі, а затым знаходзяць белую куртку. Мабыць, яе пакінулі, каб не прыцягваць увагі літоўскага боку. Беларускія памежнікі прапускаюць уцекачоў без праблемаў, і на просьбы больш уважліва сачыць за мяжою ўжо не рэагуюць.

«Яшчэ зусім нядаўна дастаткова было аднаго званка, каб развязаць любое пытанне, – распавядае Рокас. – Ля самай мяжы падчас патрулявання абменьваліся нейкімі словамі, рэплікамі. Цяпер жа беларускі бок нас цалкам ігнаруе. Яны маўчаць альбо робяць выгляд, што не чуюць».

Бліжэй да паўночы ў лесе становіцца абсалютна цёмна. Нам даюць цёмныя курткі і просяць не размаўляць, не ўключаць тэлефоны і святло на камеры. Мы стараемся нават дыхаць ціха і ўслухоўваемся ў ледзь чутныя гукі, якія выдаюць прысутнасць чалавека ў лясным гушчары, – храбусценне галінак, шэпты. У нейкі момант чуем паведамленне па рацыі: затрыманыя ўцекачы з Афрыкі. Мы едзем туды.

З Афрыкі ў Друскінінкай

Імкліва ляцім па лясных горках: падчас гэтай гонкі нам паведамляюць, што дзесьці затрыманыя яшчэ чацвёра, а двое невядомых парушальнікаў пералезлі праз агароджы і папаўзлі ў гушчар. Літаральна праз дзве хвіліны мы прыязджаем на месца затрымання: чацвёра хлопцаў стаяць на каленях з паднятымі ўгару рукамі.

У аднаго з іх, маладога чалавека з татуіроўкамі, выступаюць на вачах слёзы. Стрэс, страх і доўгачаканая палёгка, што ўсё, нарэшце, скончылася, – вось што чытаецца ў яго вачах. На маё пытанне, адкуль ён прыехаў, паведамляе, што з Іраку, а квіток у Менск купіў за 600 долараў. Больш пытанняў задаваць ім нельга – гэта могуць рабіць толькі памежнікі, статус затрыманых не дазваляе мігрантам размаўляць з журналістамі.

Літоўскія памежнікі падчас патрулявання мяжы з Беларуссю. У святле фараў – памежнік Эвалдас. 7 ліпеня 2021 года.
Фота: Віталь Бабін для «Вось так»

Хлопец з татуіроўкамі адразу кажа, што ён просіць палітычнага прытулку. Трое астатніх аддаюць свае заплечнікі на праверку і прагна п’юць ваду. Паліцыя і другі экіпаж займаюцца іхным афармленнем, а мы з’язджаем шукаць астатніх.

Пошук лепшага жыцця

Дарогаю распытваем аб уцекачах нашых праваднікоў. Рокас і Эвалдас кажуць, што гісторыі самыя розныя. Адны прызнаюцца, што хочуць знайсці добрую працу, бо на радзіме гэта амаль немагчыма. Іншыя распавядаюць, што былі студэнтамі ў Горадні ці Менску, але ў нейкі момант іх выключылі з універсітэту або значна павысілі плату за навучанне, што і прывяло іх у Літву на пошукі лепшага жыцця і працягу вучобы.

Нейкі час мы патрулюем трасу. Па неасветленым участку дарогі праязджаюць рэдкія аўтамабілі, а мы зноў услухоўваемся ў звонкую цішыню. Праходзіць гадзіна, перш чым да аўтамабіля звяртаюцца Рокас і Эвалдас. Каманда: «На месцы!»

Праходзіць яшчэ пару хвілінаў, рэзка спыняемся, і мы бяжым у гушчар, дзе ўжо чуваць галасы людзей і відаць святло ліхтарыкаў. Чарговыя парушальнікі – двое хлопцаў з Афрыкі. У руках аднаго пітная вада беларускай вытворчасці. Паліцыянты і памежнікі спрабуюць задаваць пытанні па-англійску, але адзін з іх маўчыць, а другі адказвае па-французску.

Вы студэнт? Колькі вам гадоў? Адкуль вы? Што ў вас у заплечніку?

Затрыманыя літоўскімі памежнікамі людзі, якія перасеклі мяжу нелегальна. Ноч на 8 ліпеня 2021 года.
Фота: Віталь Бабін для «Вот так»

Хлопец у белай вопратцы паказвае нейкую картку, з невялікай фатаграфіяй. Разбіральніцтвы на месцы ідуць некалькі хвілінаў, пасля чаго мы рухаемся да заставы. Дарогаю робім невялікі прыпынак, паліцэйскія і памежнікі паляць, а мы бачым, як міма нас праязджае машына з затрыманымі.

Раніца на заставе

На гадзінніку 7:30 раніцы, ідзе перазменка. Камандзір заставы ў Друскінінкай Андрус Беларучкінас падводзіць вынікі мінулай ночы: затрыманыя 10 мігрантаў, якія нелегальна прайшлі беларуска-літоўскую мяжу.

«За апошнія дні патокі міграцыі крыху зменшыліся, але ўсё роўна штодня мы затрымліваем у сярэднім каля 30 чалавек – кажа Андрус Беларучкінас. – Пасля затрымання мы іх афармляем, іх размяркоўваюць у розныя месцы, дзе яны праходзяць дзесяцідзённы каранцін. А ўжо потым размяркоўваюцца ў міграцыйныя лагеры, напрыклад, у горадзе Пабрадзе, дзе ім прадстаўляецца часовае жытло да прыняцця далейшых рашэнняў. Непасрэдна на мяжы яны, як правіла, застаюцца толькі на працягу содняў».

Камандзір заставы пацвярджае нашыя здагадкі, што большасць мігрантаў перасякаюць мяжу без якіх-небудзь дакументаў. На пытанне, як ім удалося бесперашкодна прайсці беларускую мяжу, адказваюць няпэўна. Калі наогул адказваюць.

На пачатку месяца з-за наплыву мігрантаў Літва ўвяла ў краіне рэжым надзвычайнай сітуацыі. Намеснік камандзіра Службы аховы дзяржаўнай мяжы Відас Мачайціс тлумачыць нам, што гэта значыць на практыцы:

«Пасля абвяшчэння рэжыму ў нас з’явілася магчымасць прыцягваць да патрулявання мяжы ўнутраныя войскі, мотастралковыя брыгады, паліцыю, ажыццяўляць грамадскія закупы паводле спрошчанай схемы».

Салдаты літоўскага войска ўсталёўваюць калючы дрот на мяжы з Беларуссю ў Друскінінкай. 9 ліпеня 2021 года.
Фота: Janis Laizans / Reuters / Forum

За мінулы год, кажа Відас Мачайціс, затрымалі 74 чалавек, якія нелегальна перасеклі літоўскую мяжу. За гэты няпоўны год ужо больш за паўтары тысячы (паводле звестак на раніцу 10 ліпеня – 1577 чалавек, з іх 680 іракцаў, 200 жыхароў Конга, 118 – Камеруну, 82 чалавекі з Гвінеі і 68 – з Ірану).

«Таму сітуацыя застаецца складанай, – прызнаецца Мачайціс. – Мы задзейнічалі ўсе 250 месцаў у Пабрадзе [намётавы лагер у горадзе Пабрадзе, дзе размешчаны міграцыйны цэнтр. – Заўв. рэдакцыі], плюс ангары на мяжы. Пакуль мы спраўляемся. Як паказвае практыка, сярод тых, хто мігрыруе праз Літву, у нас застаюцца толькі беларусы, грамадзяне трэціх краінаў (мігранты з Афрыкі, Іраку, Ірану, Сірыі) пакідаюць нашую краіну і едуць у Еўропу далей. Мы працуем з пасольствамі дзяржаваў, адкуль прыехалі гэтыя грамадзяне, на наступным тыдні наша ўрадавая дэлегацыя адправіцца ў Турцыю, Іран, Грэцыю, каб непасрэдна на месцы абмеркаваць гэты крызіс».

На маё пытанне, калі чакаць заканчэння гэтага мігранцкага крызісу, намеснік камандзіра кажа, што калі б Літва мела нейкі кантакт з беларускага боку, – гэтае пытанне мела б сэнс.

Віталь Бабін, спецыяльна для «Вот Так»

Стужка навінаў