У жніўні 2020-га памочнік пракурора Першамайскага раёну Менску Яўген Бабак распачаў правяранне супраць «сілавікоў», якія збілі байкераў ва Уруччы. Амаль праз год мужчыну арыштавалі. Менскі гарадскі суд разглядаў справу супраць Бабака ў закрытым рэжыме. Суддзя Валянціна Зянькевіч прызнала мужчыну вінаватым у парушэнні «народнага» артыкулу 342 ч. 1 (групавыя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак) і 130 ч. 1 (распальванне варожасці). Бабаку прысудзілі 4 гады калоніі, паведамляе «Вясна».
Акурат Бабак у жніўні 2020 года стаў адным з нешматлікіх супрацоўнікаў пракуратуры, якія ініцыявалі правяранне па факце гвалту супраць грамадзянаў Беларусі з боку людзей у форме. 11 жніўня 2020 года ва Уруччы невядомыя ў форме супрацоўнікаў ДАІ жорстка збілі групу байкераў. Здарэнне было зафіксаванае на відэа, трапіла ў інтэрнэт і выклікала шок у грамадстве. Аднак правяранне спынілі, а Бабака прымусілі звольніцца.
Мужчына прыняў рашэнне застацца ў Беларусі. Амаль праз год пасля здарэння, 10 чэрвеня 2021 года, у кватэру Бабака ўварваліся і разграмілі яе, а былога памочніка пракурора арыштавалі. Спачатку паводле адміністратыўнай справы за «пікетаванне праз размяшчэнне на балконе бчб-сцяга», а потым і паводле крымінальнага артыкулу.
На пачатку свайго судовага паседжання Бабак іранізаваў, што незадоўга да затрымання планаваў пераехаць у Кіеў. Таму цяпер лічыць, што пакуль можна і пасядзець, бо іначай давялося б ваяваць.
ЗХ belsat.eu