Літва і Польшча абмеркавалі ўзмацненне санкцыяў супраць Беларусі


Міністры замежных справаў Літвы і Польшчы, Габрыелюс Ландсбергіс і Радослаў Сікорскі, сустрэліся 11 студзеня, каб абмеркаваць бяспеку ў Еўропе, абаронную супрацу, падтрыманне Украіны і ўзмацненне санкцыяў супраць Беларусі і Расеі, паведамляе МЗС Літвы.

Кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс і міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі на сустрэчы 11 студзеня.
Фота: urm.lt

«Мы працягнем развіваць абаронную супрацу з Польшчай, бо Сувалкаўская лінія – гэта выразная зона агульнай адказнасці», – сказаў Габрыелюс Ландсбергіс.

Міністры надалі асаблівую ўвагу падтрыманню Украіны, яны падкрэслілі неабходнасць доўгатэрміновай фінансавай і вайсковай дапамогі краіне, што абараняецца ад агрэсіі. Ландсбергіс  зазначыў, што лідарства Польшчы, якая прытрымліваецца той жа пазіцыі, мае вызначальную вагу для дасягнення кансэнсусу ў гэтай галіне. Кіраўнік літоўскай дыпламатыі заклікаў Польшчу далучыцца да ініцыятывы балтыйскіх урадаў у адзіным рэгіянальным пільнаванні санкцыяў ЕЗ, адзначае МЗС Літвы.

«Разам з Польшчай мы будзем дбаць пра захаванне фокусу ЗША на Еўропе і пра павышэнне адказнасці Еўропы за ўласную бяспеку», – падкрэсліў Ландсбергіс.

У снежні 2023 года МУС Літвы заявіў, што спадзяецца на ўніфікацыю санкцыяў супраць беларусаў і расейцаў у сувязі з актыўнасцю спецслужбаў Беларусі. Аднак Літва пачала выдаваць беларусам гуманітарныя ВНЖ тэрмінам на тры гады, хаця раней па працяг дазволу трэба было звяртацца штогод.

Hавiны
Улады Літвы заявілі, што не здольныя правяраць кожнага беларуса, які прыязджае ў краіну
2024.01.11 19:59

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў