«Прашу вас не спыняцца!» Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларусамі Нарвегіі


Аб’яднанне беларусаў Нарвегіі «Разам» арганізавала сустрэчу ў Осла са Святланай Ціханоўскай. Абраная прэзідэнтка заклікала дыяспару не спыняцца і не даць Беларусі знікнуць з інфапрасторы.

Сустрэча Святланы Ціханоўскай з беларускай дыяспарай. Осла, Нарвегія. 11 снежня 2022 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

У Осла адбылася сустрэча Святланы Ціханоўскай з беларускай дыяспарай. Арганізацыяй займалася абʼяднанне беларусаў Нарвегіі «Разам».

У сваёй прамове абраная прэзідэнтка адзначыла, што кожнае дзеянне беларусаў, няхай і самае маленькае, – крок да агульнай перамогі, вызвалення Беларусі.

«Таму я прашу вас не спыняцца! Не дайце Беларусі знікнуць з інфапрасторы. Распаўсюджвайце навіны, пішыце ў сваіх сацыяльных сетках пра рэпрэсіі. Увесь свет павінен ведаць пра гэта. Вядзіце працу з мясцовымі дыпламатамі і парламентам. Мы павінны дабівацца слуханняў пра Беларусь у кожнай радзе. Мы будзем дабівацца павелічэння ціску на рэжым Лукашэнкі. І ў той жа час, мы не павінны дапусціць таго, каб санкцыі закранулі сумленных беларусаў», – сказала Ціханоўская.

Сустрэча Святланы Ціханоўскай з беларускай дыяспарай. Осла, Нарвегія. 11 снежня 2022 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Напярэдадні, 10 снежня, Ціханоўская прысутнічала на цырымоніі ўручэння Нобэлеўскай прэміі міру, і ў гэтай сувязі яна падкрэсліла, што дэмакратычныя сілы здолеюць вызваліць усіх палітвязняў, у тым ліку Алеся Бяляцкага – лаўрэата сёлетняй прэміі.

«Я ўпэўненая, што мы зможам перамагчы. Вызваліць Алеся, каб ён нарэшце змог прачытаць для нас усіх сваю нобэлеўскую лекцыю. Вызваліць кожную і кожнага, хто сёння пакутуе за нашую з вамі свабоду. Упэўненая, мы здабудзем гэтую свабоду для сваёй краіны. У нашых сілах наблізіць гэты доўгачаканы дзень. Галоўнае – не спыняцца», – заклікала абраная прэзідэнтка Беларусі.

Яна паабяцала разам дамагацца вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі і не дазволіць ператварыць нашую краіну ў расейскую губерню.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў