Што рабіць, калі Telegram-бот для дапамогі беларусам сталі выкарыстоўваць сілавікі


У ліпені 2023 года гарадзенскія праваабаронцы зрабілі Telegram-бот для выдалення паведамленняў з чатаў, якія ўлады Беларусі назвалі «экстрэмісцкімі». Ды як піша выданне «Kyky», самі сілавікі сталі карыстацца гэтым ботам, каб шукаць «экстрэмізм». Што рабіць, «Белсат» спытаў у стваральніка бота, праваабаронцы і эксперта ў лічбавай бяспецы.

Telegram-бот «Мои сообщения в чатах»
Telegram-бот «Мои сообщения в чатах».
Фота: Белсат / FindMessagesBot / Telegram

Што гэта за бот

Мікалай Давідчык – прадстаўнік ініцыятывы «Суды, задержания. Гродно и область», якая і распрацавала гэты бот пошуку паведамленняў па «экстрэмісцкіх» чатах @FindMessagesBot. Давідчык расказвае «Белсату», што ідэя такога бота з’явілася ў валанцёраў у траўні 2023 года. Праграмісты зрабілі спецыяльную праграму, якая сабрала названыя «экстрэмісцкімі» чаты – за паведамленні ў гэтых чатах караюць дагэтуль, пагражае ў тым ліку крымінальны пераслед.

Спачатку пісалі ўдзельнікам чатаў, што іхныя паведамленні цяпер «экстрэмісцкія» і што іх лепей выдаліць, каб не пакаралі. Але валанцёры хацелі ахапіць як мага больш людзей і зрабіць гэта найхутчэй, таму зрабілі бот, у якім людзі самі могуць праверыць, ці няма іхных паведамленняў у «экстрэмісцкіх» чатах, і атрымаць інструкцыі. Да бота, кажа Давідчык, ужо звярнуліся 25 тысяч карыстальнікаў.

«Гэты бот мы стварылі спецыяльна для таго, каб быць на крок наперадзе сілавікоў, – тлумачыць ён. – Бо атрымалася так, што з 2020 года, калі беларусаў прыбралі з вуліц, сілавікі сталі на крок наперадзе. Пакуль беларусы чакаюць, калі штосьці здарыцца, „чорны лебедзь“ ці яшчэ нешта, сілавікі іх за гэты час затрымліваюць».

Бот нічога не выдаляе, а толькі паказвае карыстальніку, у якіх «экстрэмісцкіх» чатах (або ў каментарах да пастоў «экстрэмісцкіх» Telegram-каналаў, якія тэхнічна таксама з’яўляюцца чатамі) ёсць паведамленні гэтага карыстальніка – гэтыя паведамленні трэба выдаляць ужо самастойна паводле інструкцыяў ад бота.

Адносна паведамлення пра тое, што бот дапамагае самім сілавікам, Давідчык тлумачыць: сілавікі і так могуць адшукаць тое, што пакажа бот, але просты карыстальнік так шукаць звычайна не будзе, бо не мае зручнага інструменту. Ён дапускае, што сілавікі маглі скарыстацца замест сваіх праграмаў і ботам ягонай ініцыятывы, але лічыць, што маглі і запусціць дэзінфармацыю, «каб беларусы нічога не рабілі».

Агляд
Што ў Беларусі «экстрэмізм»: глядзім на дзівосы спісаў «матэрыялаў» і «фармаванняў»
2023.08.26 14:16

Усе «экстрэмісцкія» чаты сілавікам вядомыя, усе ідэнтыфікатары (ID) карыстальнікаў чатаў яны маюць, даводзіць Давідчык. Хіба сілавікі не заўсёды ведаюць сувязь ID і канкрэтнага чалавека, без доступу да тэлефона такое даведацца цяжка, калі карыстальнік сам не раскрыў сваё сапраўднае імя або нумар тэлефона. На думку Давідчыка, сэнс выдаляць паведамленні ёсць: сілавікі ўзроўнем вышэй, як то ГУБАЗіК, не будуць шукаць доказаў, а ўзроўнем ніжэй, як то ўчастковыя з РАУС, могуць мець цяжкасці з тым, каб даказаць віну чалавека, які свае паведамленні выдаліў.

Цяпер маштабы рэпрэсіяў не змяншаюцца, а да наступных выбараў, запланаваных на пачатак 2024 года, стануць большымі, лічыць Давідчык. Ён расказвае, што ягоная ініцыятыва правяла аналіз таго, за паведамленні ў якіх сацсетках і мэсэнджарах найбольш затрымліваюць беларусаў – аказалася, на меньшым месцы Instagram, потым Facebook, толькі за ім Telegram (каля 15 % ад затрыманняў), найменш караюць за каментары на Youtube. Пакуль распрацоўнікі толькі спрабуюць стварыць інструменты для чысткі каментароў па-за Telegram. Таму цяпер валанцёры публікуюць на сваім канале інструкцыі, як чысціць свае паведамленні не толькі ў Telegram, а і ў іншых сетках, а таксама прапануюць пытаць парады ў Telegram-акаўнта @GrodnograbSOS (гэта ўжо не бот, а жывы чалавек).

Што рабіць, каб было бяспечней

А чаму не выдалялі самі «экстрэмісцкія» чаты? Пра гэта «Белсату» расказаў праваабаронца Вячаслаў Касінераў. Справа ў тым, што не ўсе адміністратары і карыстальнікі чатаў карэктна ацэньваюць магчымасці рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і магчымасці сілавікоў.

У ГУБАЗіК і Камітэту дзяржаўнай бяспекі, на думку Касінерава, цэлыя аддзелы могуць займацца толькі пошукам каментароў, падпісак і «падабаек», за якія можна пасадзіць чалавека, дапаўняюць базы. Злавіўшы ўсіх, хто рабіў пратэставыя графіці ці ляпіў апазіцыйныя стыкеры, сілавікі прыходзяць да віртуальнага свету.

Агляд
Як бяспечна карыстацца Telegram у Беларусі? 7 пытанняў да «Кіберпартызанаў»
2023.07.11 13:00

Людзі жа (можа, у тым ліку стваральнікі чатаў) праз тры гады з пратэстаў не думаюць аб тым, што за даўнюю «падабайку» іх могуць пасадзіць. Разважаюць: раз на вуліцы выходзіла паўмільёна чалавек, усіх жа не пасадзяць.

Хоць самі чаты не выдаліш і хоць сілавікі маюць базы карыстальнікаў «экстрэмісцкіх» чатаў, Касінераў бачыць сэнс у выдаленні сваіх паведамленняў: усё ж сілавікі маюць не ўсю інфармацыю, працуюць не надта старанна, а чалавек можа простым дзеяннем зменшыць імавернасць пакарання.

«Не варта панікаваць, бо на самой справе, галоўная задача ўсіх падобных акцыяў масавых аблаваў, гэта пасяліць у людзях адчуванне „яны ўсё ведаюць, у іх усё ёсць“, – дадае Касінераў. – Вось гэта няпраўда».

Ён заклікае людзей у Беларусі сканцэнтравацца на лічбавай гігіене і інфармацыйнай бяспецы, не агаворваць сябе пры затрыманні, спакойней ставіцца да навінаў пра аблавы.

Само карыстанне ботамі нясе пагрозу

Эксперт у лічбавай бяспецы Мікалай Кванталіяні расказвае «Белсату», што стварэнне такога боту не настолькі складанае, зрабіць яго мог бы хто заўгодна. Гэта інструмент, які могуць выкарыстоўваць для дабра і для зла.

Ён засцерагае: важна давяраць распрацоўніку бота і крыніцы, якая на яго спасылаецца, а таксама сачыць за тым, ці гэта не фальшыўка, зробленая сілавікамі (а тыя раней рабілі фальшывыя боты плану «Перамога» і іншых ініцыятываў).

І бот вырашае толькі частку праблемы: існуюць вонкавыя сэрвісы, якія загадзя захоўваюць паведамленні, дасланыя ў публічныя чаты, і могуць паказаць нават выдаленыя карыстальнікам паведамленні.

Праблема яшчэ ў тым, што сляды карыстання ботам у Telegram выдаліць цяжэй, чым каментар – інструкцыя ад «Кіберпартызанаў» такая. Кванталіяні звяртае ўвагу на тое, што як толькі сам бот назавуць «экстрэмісцкім», караць будуць і за сляды карыстання ім. А сілавікі, як кажа эксперт, першым чынам пры «праверцы» тэлефона глядзяць на тое, якімі ботамі карыстаўся чалавек. Ужо потым звяраюць ID карыстальніка з вядомымі ім звесткамі – у тым ліку тым, як карыстальніка падпісвалі раней затрыманыя людзі ў сваіх адрасных кнігах.

Эксперт кажа, найлепшым рашэннем можа быць спачатку чыстка каментароў праз бота, а затым – выдаленне ўліковага запісу, з якога пакідалі каментары. Ідэальна – завесці асобны «неэкстрэмісцкі» тэлефон з новымі «неэкстрэмісцкім» акаўнтамі ў Telegram і сацсетках, бо сілавікі маюць тэхнічную магчымасць аднаўляць звесткі, выдаленыя з апаратаў (напрыклад, выдаленыя фота з пратэстаў), і мець асобны апарат для чытання навінаў, які не браць з сабой у падарожжы, пры якіх сілавікі могуць «праверыць» тэлефон.

Разбор
Як бяспечна тэлефанаваць праз інтэрнэт, каб не праслухалі сілавікі?
2023.10.03 15:41

Алесь Наваборскі, Аліна Скрабунова belsat.eu

Стужка навінаў