Пашпарты, мяжа, сыход Сярэдзіча. Галоўныя падзеі ў малюнках


Разам з мастаком Дэ Лёс belsat.eu распавядае пра галоўныя падзеі апошніх тыдняў.

Ці здагадаецеся вы, пра што ідзе гаворка, без нашых падказак?

Галоўны рэдактар адной з найстарэйшых незалежных газетаў Беларусі «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч 4 жніўня апублікаваў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» развітальны ліст. «Я зыходжу» – з такіх словаў ён пачынаецца. Прычынай сыходу Сярэдзіч называе ўзрост.

Малюнак: Дэ лёс / Белсат

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве распавёў аб праекце новага нацыянальнага пашпарта. Праект нацыянальнага пашпарта Беларусі з’явіўся ў адказ на запыт беларусаў-эмігрантаў, якія былі вымушаныя з’ехаць з краіны праз пагрозу палітычнага пераследу, а цяпер сутыкаюцца з праблемаю страты дакументаў або завяршэння тэрміну іх дзеяння.

У выніку Абʼяднаны пераходны кабінет распрацаваў праект праязнога дакументу, які будзе выдавацца без удзелу афіцыйных органаў дзяржавы. Цягам года Святлана Ціханоўская і ейная каманда вялі перамовы і кансультацыі з кіраўніцтвам Еўракамісіі і шэрагам нацыянальных урадаў. Эскіз пашпарта прэзентаваны Камітэту праязных дакументаў Еўракамісіі, дасягнутае разуменне і станоўчае ўспрыманне праекту. Пашпарт будзе біяметрычным машыначытэльным дакументам і будзе адпавядаць усім міжнародным патрабаванням.

Малюнак: Дэ лёс / Белсат

Вільня плануе закрыць два з шасці прапускных пунктаў на мяжы з Беларуссю. Варшава не выключае поўнага закрыцця і без таго часткова закрытай мяжы. Разам з Рыгай яны выпрацавалі механізм поўнага закрыцця мяжы. А Лукашэнка гэтага не каментуе. Ідэі закрыць межы загучалі ў звязку з актыўнасцю ў Беларусі баевікоў расейскай Групы Вагнэра. Гэтым ідэям мог паспрыяць і Аляксандр Лукашэнка, які заявіў, што вагнэраўцы «просяцца ў Варшаву і Жэшаў».

Малюнак: Дэ лёс / Белсат

Мінула тры гады з пачатку паслявыбарчых пратэстаў. За гэты час у краіне і навокал яе адбылося столькі падзеяў, што наступствы ад іх будуць адгукацца яшчэ праз дзесяцігоддзі. Беларусь зрабілася іншаю краінаю, амаль адначасова страціўшы шмат з таго, што выбудоўвалася доўгі час. Што змянілася за гэтыя тры гады і па якой траекторыі рухаецца Беларусь цяпер? Мы сабралі асноўныя падзеі, якія за гэты час найбольш паўплывалі на яе цяперашні стан і будуць уплываць на будучае развіццё.

Малюнак: Дэ лёс / Белсат

З 11 ліпеня беларусаў абавязалі паведамляць уладам пра атрыманне замежнага грамадзянства, віду на жыхарства ды іншых дакументаў накшталт карты паляка. Адказнасці за адсутнасць паведамлення яшчэ не прыдумалі, але прыдумалі сайт, куды на сябе даносіць.

Малюнак: Дэ лёс / Белсат

Дэ Лёс belsat.eu

 

Стужка навінаў