Іосіф Сярэдзіч пакідае пост галоўнага рэдактара «Народнай волі»


Галоўны рэдактар адной з найстарэйшых незалежных газетаў Беларусі «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч 4 жніўня апублікаваў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» развітальны ліст. «Я зыходжу» – з такіх словаў ён пачынаецца.

Галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч.
Фота: Радыё «Свабода»

Прычынай сыходу Сярэдзіч называе ўзрост.

«Праз пару месяцаў мне пойдзе 75-ы год. І хочаш не хочаш, а трэба развітвацца з цяжкай штодзённай працай – і здароўе нагадвае пра неабходнасць супыніцца, і абставіны часу не спрыяюць актыўнай дзейнасці», – напісаў галоўны рэдактар «Народнай волі».

Далей Сярэдзіч распавядае пра цяжкасці, з якімі давялося апошнім часам сутыкнуцца газеце і калектыву рэдакцыі:

«Вы, шаноўныя прыхільнікі «Народнай Волі», ведаеце, на якія ганебныя крокі пайшлі пэўныя сілы, каб нас разлучыць, – спачатку адмовілі ў друкарскіх паслугах, а нядаўна анулявалі пасведчанне аб рэгістрацыі газеты, якая на працягу больш за дзесяць апошніх гадоў не мела ніводнага папярэджання ні ад Міністэрства інфармацыі, ні ад Генеральнай пракуратуры, ні ад Адміністрацыі прэзідэнта… Без усялякіх падстаў знішчылі выданне, якое з’яўлялася ўзорам для ўсіх беларускіх CMI».

Развітальны ліст Іосіфа Сярэдзіча.
Фота: Іосіф Сярэдзіч/Facebook

Іосіф Сярэдзіч кажа, што правы на сайт nv-online.info перадаў іншай асобе, імя якой не называе, і выказвае спадзяванне, што «Народная воля» не знікне з інфармацыйнага поля і працягне «даносіць праўду да шырокай грамадскасці».

Іосіф Сярэдзіч займаў пост галоўнага рэдактара «Народнай волі» цягам 28 гадоў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў