9 жніўня 2020 года… Спёка днём і ўначы

Дзень 9 жніўня не мог быць іншым. Крыжалом ва ў Курапатах, эпідэмія ковіду, вялізныя чэргі падпісацца за кандыдата, арышты кандыдатаў, аўтамабільныя сігналы, прамова Святланы Ціханоўскай, масавыя затрыманні выбаршчыкаў – выспевалі гэты дзень.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Ужо былі затрыманы сотні чалавек з розных акцый на галоўным праспекце сталіцы. Людзі, якія раней ніколі не сутыкаліся з сілавікамі, былі ўзрушаныя. Самая характэрная карціна папярэдніх дзён: хлопец у судзе чакае, калі прывязуць яго сяброў. Кажа: «Па праспекце рухаліся туды-сюды аўтазакі. Я папрасіў свайго сябра забраць мяне на машыне ля цырка. Ён быў са сваёй жонкай. І вось я ўжо на мосце і тут спыніўся аўтазак. Усіх пачалі хапаць. Ня ведаю, якая сіла мне дапамагла, мусіць, адрэналін. Я ж і спортам ніколі не займаўся. Памчаўся з усіх ног у двары на плошчы Перамогі. Тэлефаную сваім і цішыня. А яны мусілі пад’ехаць у кішэньку на Янкі Купалы каля цырка за мною. Усю ноч мы іх шукалі. Сказалі, што сюды прывязуць».

Аналітыка
«Трэба гуляць па правілах, і тады можна жыць». Як змянілася Беларусь за тры гады пасля пратэстаў?
2023.08.09 08:00

У судзе дзяўчына, жонка сябра, расказала, што іх выцягнулі з машыны. Потым закінулі ў бус. Яна закрычала і ёй чалавек у масцы вывернуў руку і ўдарыў нагой у сцягно. Рука была ў павязцы, якую наклалі лекары хуткай. На рэнтген дзяўчыну не адпусцілі. Сказалі, што пасля суда будуць вырашаць гэтае пытанне. У мужа сіняк пад вокам і яшчэ адзін здаравенны на скуле. Яго судзілі першым і жонка даведалася, што ён атрымаў 10 сутак арышту. На судзе яна ўвесь час паўтарала: «Трэба прызначыць расследаванне. Яны ж білі бяззбройных людзей, якія не супраціўляліся. Разумееце? Майму мужу таксама трэба зрабіць рэнтген. Яму ж балюча адчыняць рот. Можа яму сківіцу зламалі!». Суддзя паглядзела адсутным позіркам і абвясціла, што дзяўчына караецца штрафам. «Што?!! Гэта я хуліганіла?!! Вы што тут з глузду зʼехалі?!! Гэта сон нейкі?!!», – абуралася яна.

Краіна гудзела. Ужо ўсе менчукі ведалі дзе гэты злапомны ізалятар, які атрымаў назву «Акрэсціна». Ведалі, што там людзей трымаюць на падлозе, абліваюць хлёркай, здзекуюцца.

За дзень да выбараў падавалася, што ўсё замерла. Але з раніцы 9-га людзі масава пайшлі на выбарчыя ўчасткі. Ішлі цэлымі семʼямі. На руках белыя стужачкі. Некаторыя ў кашулях з нацыянальным арнаментам. Ішлі і ішлі. А тым часам на ўездах у горад зʼявіліся блокпасты. Машыны не з менскімі нумарамі пасля праверкі дакументаў разгортваюць. У горадзе заўважаны вадамёты і вялікая колькасць ваеннай тэхнікі, грузавікі з салдатамі. Увечары людзі прыйшлі да выбарчых участкаў па вынікіі галасавання. Тым часам знікае інтэрнэт.

Сцэна каля 19-ай школы, якая знаходзіцца ў цэнтры гораду на горцы за філармоніяй. Да людзей выходзяць міліцыянты і патрабуюць, каб усе разышліся. Да школы падʼязджаюць два сінія бусы. Людзі адыходзяць. Адна група наверх на Берасцянскую, а другая ніжэй да філармоніі. «Што рабіць? Якія навіны?», – з такімі пытаннямі людзі выходзяць на вуліцы не толькі тут. У Серабранцы групы людзей з выбарчых участкаў абʼядналіся ў адну калону. Маршам пайшлі да цэнтра горада. У раёне Усходняга вакзалу каля калоны спыніліся два аўтазакі. Выскачылі сілавікі, але… Ніхто нікуды не ўцякае. Тыя хапаюць двух мужчын, якія бліжэй да бардзюра, але натоўп кідаецца ім на выручку. Двое мужчын схапілі сілавіка ў чорным. Адзін крыкнуў яму: «Ты на каго гэта тут дубінкай замахваесся, гадзяня?!! Я ўсё жыццё сумленна адпрацаваў на заводзе і зараз на пенсіі працую, каб выжыць! А ты за мае ж падаткі мяне дубасіць будзеш?!!». Натоўп кінуўся да аўтазакаў. Закінулі туды тых сілавікоў, якія адсталі. Сілавікі ад’ехалі пад свіст і апладысменты.

А тым часам з боку Палаца спорту зʼявіліся групы людзей і яны пачалі набліжацца да стэлы. З Заслаўскай ім насустрач паехала калона аўтазакаў. Сілавікі пачалі хапаць мужчын і жорстка збіваць іх. Жанчын таксама не пашкадавалі. Збіццё насіла відавочна паказальны характар. Бо можна было людзей, якія не супраціўляліся, адвесці ў аўтазак. Хутчэй за ўсё разлічвалі, што такія сцэны прымусяць людзей рэціравацца. Але рэакцыя была зваротная. Раздаліся крыкі і свіст. «Фашысты!!! Фашысты!!!», – скандаваў натоўп. Людзей ужо тысячы. З боку праспекта Пераможцаў на пратэстоўцаў пайшла тэхніка. Прагрымелі выбухі. Дым. У гэты і без таго спякотны вечар стала немагчыма дыхаць. Газ выядаў вочы, пяршыла ў горле. У ход пайшлі вадамёты. Спачатку супраць тых, якія былі на мосце, у бок вуліцы Машэрава. У нейкі момант начальнік сілавікоў, паказаўшы рукой у бок натоўпу, гучна скамандаваў: «Наперад, на ворага!». І гэта было і праўда падобна на атаку.

Экіпіраваныя дзецюкі гналіся за людзьмі, якія беглі ў падʼезды дамоў. А гэта былі жанчыны з сумачкамі, мужчыны, многія пажылога ўзросту. Я ўпершыню за ўвесь час маёй працы на вулічных акцыях вымушана была ўцякаць разам з імі. Па тэлефоне расказвала, што адбываецца. Дабегла да падʼезда і, стоячы на ганку, убачыла сілавіка, які цэліўся ў натоўп са стрэльбы. Гэта зараз усе ведаюць, што з гэтай штукі стралялі гумовымі кулямі. А тады я сказала ў жаху, што вось бачу, як сілавік цэліцца. У гэты момант ён разгарнуўся і накіраваў гэтую штуковіну на мяне. Раптам дзверы падʼезда прыадчыніліся і адтуль выцягнулася моцная мужчынская рука і ўцягнула мяне ў тамбур. Дзверы яшчэ не паспелі да канца зачыніцца, як у іх нешта моцна бахнула. Потым, калі пасля гэтага нападу, сілавікі адступілі на зыходныя пазіцыі, падлеткі ўручылі мне гэтую гільзу. З выгляду аранжавая такая міні-бомба. На жалезных дзвярах засталася ўвагнутасць. У гэты час мы ўбачылі, як бягуць з Ціміразева людзі. Там таксама быў разгон. Ніхто нават не ўяўляў сабе маштабаў тых падзеяў. Шмат хто думаў, што ўсе пратэстоўцы толькі ў гэтым месцы каля стэлы. Беглі дзве дзяўчыны: «Забілі!!! Чалавека забілі!!! Яны забілі чалавека там на «Пушкінскай»! Яму патрапілі ў грудзі. Ён упаў і не ўстаў больш. Яго забілі. Божа мой, што ж гэта робіцца?!!».

Раптам знікаюць усе сілавікі са сваёй тэхнікай. Нават даішнікі адчынілі рух. Нехта пачаў скандаваць: «Пе-ра-мо-га! Яны адступілі». І тут раптам з’явіўся аўтазак старога ўзору, серабрыстага колеру. Наперадзе машына ДАІ. Да іх адразу кінуліся людзі. Даішнікі развярнуліся на раздзяляльным газоне і з’ехалі. Аўтазак акружылі. Разʼюшаны натоўп патрабаваў, каб сілавікі выйшлі і адчынілі дзверы. Калі там затрыманыя, дык выпусціць іх неадкладна. Не ўсе разумелі, што не мог выпадкова заехаць сюды старэнькі аўтазак. Гэта было падобна на правакацыю. Неўзабаве вакол аўтазака зʼявіліся хлопцы ў масках. Адзін дастаў пісталет і пачаў ім размахваць. Да гэтага часу не магу зразумець, як я туды рынулася і пачала патрабаваць прыбраць зброю і даць яму праехаць. Мусіць, таксама на адрэналіне. Падышлі яшчэ людзі і прымусілі гэтых хлопцаў адысці. Яны дарэчы, адышлі і проста растварыліся ў натоўпе. Я магу памыляцца, але мне падаецца, што гэты аўтазак маглі «падкінуць» спецыяльна, каб паказаць потым «расправу» над безабароннымі сілавікамі. Аўтазак рэзка ірвануў. Блізу праспекта Пераможцаў ён збіў хлопца, пераехаў яму нагу.

Аналітыка
Палітычныя аналітыкі пра свае прагнозы за тры паслявыбарчыя гады: што збылося, а што – не?
2023.08.09 14:00

У гэты час на вуліцы Заслаўскай, куды заязджалі аўтазакі на затрыманне, людзі пачалі ўзводзіць барыкады са смеццевых бакаў. Разлік быў на тое, што пакуль іх будуць разбіраць, можна будзе адбегчы на бяспечную адлегласць. Убачыла, як мужчына цягне кантэйнер і адразу ўспомніла вядомую скульптуру Шадрава «Булыжнік – зброя пралетарыяту». Вось такая метамарфоза. Ужо ўсе наступныя дні менчукі назіралі ў сваіх мікрараёнах карціну, як смеццевыя бакі на ноч вывозяцца ў невядомым напрамку. Тэхналогія ўдасканальвалася з досведам. Праз пару дзён каля «Рыгі» бакі таксама пайшлі ў ход, але ў іх ужо былі адкручаны колцы, а ўнутры знаходзіліся тыя самыя камяні, якія запазычылі з суседніх кветнікаў. Сілавікі звыкла ўзяліся за бак, але… За смех натоўпу яны адпомсцілі. Людзей збівалі да стану, калі яны пераставалі ўжо рухацца.

…Усю ноч аўтамабілі сігналілі. Горад быў як адзінае поле боя. У той дзень 9 жніўня ўся краіна ўвайшла ў новую рэчаіснасць. Потым на змену белым стужачкам прыйдуць нацыянальныя сімвалы. Потым у падʼездах дамоў гараджанаў, якія блізка ад месцаў правядзення акцый, зʼявяцца бутлі з вадой і бінты. Тысячы незнаёмых людзей будуць стаяць ля турэмных сцен, каб сустрэць таго, хто выходзіць, часта без абутку, збіты, у разарванай вопратцы, каб даць яму магчымасць прыняць душ і паспаць у чыстым ложку. Шмат чаго будзе потым. А ў той дзень людзі выйшлі, каб паказаць, што жадаюць мець права выбару. Ці выйшлі б, калі б ведалі якую цану давядзецца плаціць за гэта? Далейшыя падзеі пакажуць.

Любоў Лунёва belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў