Дзе мы былі два гады таму

9 жніўня 2020-га схадзілі на выбары, а затым сядзелі дома, пілі гарбату з добрым чалавекам і размаўлялі.

Бліжэй да ночы майму суразмоўцу патэлефанавала дзіця (паўналетняе), і мы паехалі ў цэнтр забіраць яго. Добра памятаю атмасферу абложанага гораду. Адключаны інтэрнэт, людзі бягуць, чуваць воплескі. Дзіця, на шчасце, забраць удалося.

Станцыя метро «Пушкінская», Менск. 10 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Затым наступіў панядзелак, і да нас у офіс пачалі прыходзіць людзі. Тэлефанавалі родныя тых, каго не маглі знайсці. Тэлефанавалі і прыходзілі дзясяткі людзей. Шакаваныя, збітыя. Мы прыязджалі ў больніцы і бачылі пакалечаных мужчынаў і жанчын. Гадзінамі запісвалі паказанні. Хтосьці з юрыстаў, наслухаўшыся апавяданняў ад тых, хто выйшаў з турмаў, плакаў, хтосьці пераставаў спаць.

Цяпер частка сям’і майго суразмоўцы зʼехала, частка рыхтуецца зʼязджаць. Мая сямʼя ды я ўжо год і 10 месяцаў жывем за паўтысячы кіламетраў на захад ад Менску. Мой маленькі лакальны бізнес скончаны, офіс зачынены, супрацоўнікі працуюць у іншых кампаніях, кліентаў кансультуюць іншыя адмыслоўцы.

Але мы цяпер бліжэй да змены ўлады, чымся два гады таму. Ігар Ільяш мае рацыю.

Рэч не ва ўзросце Пуціна, не ў памылках Лукашэнкі, не ў вайсковай сіле ЗСУ, не ў палітычных здольнасцях новага Кабінету Ціханоўскай, не ў дапамозе ЕЗ і ЗША. Хоць і ў гэтым таксама, але ўсё ж гэта не самае важнае.

Мне здаецца, самае галоўнае, што здарылася за 2 гады, – гэта тое, што змена ўлады зрабілася жыццёва важнаю для нашмат большай колькасці беларусаў, чымся да выбараў 2020-га.

Мітынг, прысвечаны другой гадавіне выбараў у Беларусі. 9 жніўня 2022 года. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

Як сказаў 9 жніўня 2022-га ў Вільні адзін разумны чалавек, мы больш за 20 гадоў маўчалі і не цікавіліся палітычным жыццём – і мы плацім цяпер за гэта. І так, плаціць даводзіцца даўжэй і даражэй, чымся разлічваў, напэўна, кожны з нас. Але, мне здаецца, самае галоўнае – мы засвоілі гэтую навуку: эканоміць на змене ўлады сабе даражэй.

Гісторыі
Два гады пасля рэвалюцыі: як склаліся лёсы ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года
2022.08.09 08:30

Міхаіл Кірылюк /MM belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў