«Апошні перформанс». Беларусы нясуць знічы і кветкі да муралу з выявай Алеся Пушкіна ў Варшаве


Пасля паведамлення пра смерць палітвязня Алеся Пушкіна за кратамі гарадзенскай турмы беларусы Варшавы нясуць кветкі і знічы да муралу з выявай мастака каля бару «Карма» ў польскай сталіцы. Увечары 11 ліпеня там сабраліся дзясяткі беларусаў.

Мемарыял, прысвечаны памяці Алеся Пушкіна. Варшава, Польшча. 11 ліпеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Прыйшла сюды, таму што я не магла інакш. Мне важна адчуваць нашае адзінства. У іншым выпадку я не ведаю, як мы зможам гэта перажыць… З Алесем мы былі знаёмыя праз другія рукі.

Але справа нават не ў чалавеку, а ў тым, што я не разумею, калі гэта ўсё скончыцца…» – кажа былая палітзняволеная, якая называе сябе Надзеяй.

Да муралу Алеся Пушкіна яна прынесла букет сініх валошак. Яе твар мокры ад слёзаў.

Мемарыял прысвечаны памяці Алеся Пушкіна. Варшава, Польшча. 11 ліпеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Як распавёў суўладальнік бару «Карма» Глеб Кавалёў, мурал з з мастаком Алесем Пушкіным быў створаны 10 жніўня 2022 года. Яго стварыў беларускі мастак Алекс Крам. Глеб пазнаёміўся з Пушкіным у Менску ў 2020 годзе, калі той зрабіў побач з барам «Post Bar» мурал – белая паласа з вертыкальнымі чырвонымі слядамі, пакінутымі акрываўленымі пальцамі.

«Той мурал Пушкіна наводзіў жах на камунальнікаў. Яны два разы яго замалёўвалі. Але кроў праступала. Нібыта стыгмата. Пушкін прыходзіў уначы і аднаўляў», – расказвае Глеб Кавалёў.

Мемарыял прысвечаны памяці Алеся Пушкіна. Варшава, Польшча. На здымку – Глеб Кавалёў, саўладальнік бара «Карма». 11 ліпеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Па словах Глеба, мурал каля «Кармы» ў Варшаве ствараўся з думкай пра як найхутчэйшае вызваленне палітвязня. На пытанне пра свае эмоцыі, калі даведаўся пра смерць палітвязня Алеся Пушкіна, адказвае лаканічна: «Ненавіджу мусароў».

Алесь Пушкін на мурале каля «Кармы» – у круглых акулярах і ў капелюшы, кашуля з вышыванкай. Мурал – чорна-белы. На фоне выявы мастака – калючы дрот.

Мемарыял прысвечаны памяці Алеся Пушкіна. Варшава, Польшча. 11 ліпеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Я калісьці вучыўся ў каледжы Ахрэмчыка, дзе і ён навучаўся. Ён да нас прыходзіў распавесці пра свой мастацкі шлях. Нефармальна даносіў да нас некаторыя рэчы. Вельмі цёплыя ўспаміны… Вельмі страшная навіна. Проста прыйшоў пастаяць перад ім і памаўчаць», – кажа беларус Максім Шняк, які прынёс да муралу Алеся Пушкіна букет кветак.

Да нас падыходзіць беларуская мастачка Цемра, каб прыпаліць свечку.

«Велізарны боль. І нам зараз трэба казаць пра тое, што Алесь не загінуў, а яго забілі. Яго забілі. Трэба крычаць пра тое, што ў беларускіх турмах паміраюць людзі», – кажа Цемра і схіляецца, каб паставіць запалены зніч да выявы мастака.

Мемарыял прысвечаны памяці Алеся Пушкіна. Варшава, Польшча. 11 ліпеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Беларус з ружамі ў руках, які просіць не называць свайго імя, прызнаецца, што перажыць гэтую трагедыю можна толькі ў тым выпадку, калі думаць, што смерць Пушкіна – гэта апошні яго творчы акт, апошні перформанс.

Кветкі да муралу Алеся Пушкіна ўскладае беларуская спявачка, вакалістка гурту «Shuma» Руся.

«Асабіста ведала Алеся. Бралі ўдзел у розных праектах… Я спявала, ён выстаўляўся. Гэта такі харызматычны і моцны мастак. Смелы і рашучы. Мне цяжка паверыць. Чалец маёй сям’і памёр – мне сапраўды вельмі цяжка. Дзень у слязах. Нашыя культурныя дзеячы гнояцца ў турмах, і невядома, як гэта спыніць. Я шчыра спачуваю сямʼі Алеся», – кажа Руся.

Мемарыял прысвечаны памяці Алеся Пушкіна. Варшава, Польшча. 11 ліпеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Спявачка прызнаецца, што пастанавіла трымацца і не зʼязджаць з глузду. Місія беларускіх дзеячаў мастацтва, якія зʼехалі з радзімы, на яе погляд, – «несці далей, не маўчаць, казаць», нягледзячы ні на што.

«Увесь свет бачыць гэтую ганьбу і нічога не можа зрабіць. Так што я за тое, каб мы трымаліся і працягвалі справу Алеся», – падсумавала Руся.

Прынёс кветкі да народнага мемарыялу Алеся Пушкіна ў Варшаве прэсавы сакратар Каардынацыйнай Рады Беларусі Антон Раднянкоў.

«Я не ведаў асабіста Алеся Пушкіна. Хоць ведаю, што ён геній і герой. Я нават праз фотаздымкі адчуваў ягоную дабрыню. Мы страцілі вельмі добрага чалавека. І гэта самае балючае», – сказаў Антон Раднянкоў.

Калі над Варшавай 11 ліпеня пачало заходзіць сонца, вобраз Алеся Пушкіна на сцяне перад «Кармай» робіцца ўсё больш цёплым і светлым. Жывым. Светлая памяць, Алесю!..

11 ліпеня са спасылкай на жонку мастака Яніну Дземух СМІ паведамілі пра смерць Алеся Пушкіна пры нявысветленых абставінах у рэанімацыі ўначы. Пад вечар 11 ліпеня сталі вядомыя акалічнасці смерці мастака. Высветлілася, што яго адвезлі з турмы ў Гарадзенскую лякарню хуткай медычнай дапамогі без прытомнасці на машыне экстраннай меддапамогі. Алесю спрабавалі рабіць аперацыю, падчас якой сэрца мастака спынілася.

Абноўлена
Беларусы правялі акцыі памяці Алеся Пушкіна ў Вільні і Беластоку
2023.07.11 23:12

 

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў