У Эстоніі спадзяюцца, што Беларусь не зойме месца непастаяннага сябры Рады бяспекі ААН


Кіраўнік МЗС Эстоніі Урмас Рэйнсалу выказаў спадзеў, што рэжым Лукашэнкі не здолее заняць месца непастаяннага сябры Рады бяспекі ААН у 2024–2025 гадах. Беларусь можа зрабіць гэта «паводле квоты ўсходнееўрапейскіх краін», паведамляе тэлеграм-канал «Позірк».

Кіраўнік МЗС Эстоніі Урмас Рэйнсалу разам са Святланай Ціханоўскай.
Фота: UrmasReinsalu / Twitter

«Я спадзяюся, Лукашэнка гэтую бітву прайграе», – сказаў Урмас Рэйнсалу.

Кіраўнік эстонскага МЗС дадаў, што заяўку на непастаяннае сяброўства ў Радзе бяспекі ў 2024–2025 гадах падала таксама Славенія. «Разлічваем, што ўсе краіны падтрымаюць Славенію», – сказаў ён.

«Мы ўзнімалі гэтую тэму падчас Генасамблеі ААН, размаўлялі з пасламі дзяржаваў, якія прымаюць рашэнні. Будзе галасаванне, паглядзім, хто пераможа», – паведаміў галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Дэмакратычныя сілы Беларусі выступаюць за тое, каб афіцыйны Менск не трапіў у склад Рады Бяспекі ААН.

Заяўку на сяброўства ў Радзе Бяспекі ААН Беларусь падала ў 2007 годзе, Славенія – у снежні 2021 года. Краіны Усходняй Еўропы маюць адно месца непастаяннага сябра, у 2022–2023 гадах яго займае Албанія.

Новых прадстаўнікоў вызначаць сёлета ў чэрвені на 77-й сесіі Генасамблеі ААН.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў