«Мы – сапраўдныя беларусы замежжа». Як народныя амбасады Беларусі дапамагаюць уцекачам


10 снежня праекту народных амбасадаў спаўняецца два гады. «Дзіцё падрасло», – кажуць актывісты і рыхтуюцца да больш актыўнай працы ў публічнай прасторы. Днямі народных пасольстваў стане больш – яны адкрыюцца ў Італіі ды Ізраілі. Пра гэта «Белсату» паведаміў сузаснавальнік праекту Міхаіл Рубін.

Акцыя, прысвечаная другой гадавіне выбараў у Беларусі. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Народныя амбасады пачалі адкрывацца 10 снежня 2020 года. Гэта быў адказ на тое, што «рэальныя пасольствы дэ-факта перасталі існаваць», кажа «Белсату» каардынатар і сузаснавальнік праекту Міхаіл Рубін. Дзяржаўныя дыппрадстаўніцтвы ён жартаўліва называе «пасольствамі БССР» і заўважае, што менавіта народныя амбасады – гэта сапраўдныя беларусы замежжа, а не тыя, што збіраюцца на сустрэчы ў беларускім МЗС.

Дыпламаты-дылетанты

Цяпер народныя пасольствы працуюць прыкладна ў 20 краінах. У некаторых – амаль таемна, бо асцерагаюцца пераследу мясцовых уладаў. Дзейнасць «народных дыпламатаў» у гэтых дзяржавах не афішуецца.

У бліжэйшых планах – адкрыццё амбасадаў у Італіі ды Ізраілі, а таксама – Telegram-канал, бот для сувязі і чат, распавёў Рубін.

«Дзіця падрасло, да нас далучаюцца валанцёры, у нас з’явілася магчымасць гэта ўсё весці. Ёсць парадокс: нас больш ведаюць звонку, чым знутры. І гэта акурат асноўная наша праца. Мы сябе бачым рупарам усёй дэмакратычнай Беларусі ў краінах нашага побыту», – сказаў актывіст.

Ён адзначыў, што народныя амбасады лепш ведаюць міністэрствы замежных справаў, парламенты, урады, партыі краінаў прысутнасці, а не беларусы, якія пакінулі Беларусь. Фактычна гэта праект добраахвотнікаў, якія раней да дыпламатычнай справы не мелі ніякага дачынення. Для іхнага навучання ладзяцца штотыднёвыя заняткі.

«Мы – асобы, якія ўжо даўно жывуць за межамі Беларусі. Мы ўсе жывём сваім жыццём, займаемся працай, бізнесам, нашымі штодзённымі справамі. Плюс імкнёмся рэпрэзентаваць дэмакратычную Беларусь у нашых краінах», – патлумачыў суразмоўца «Белсату».

Інфармаванне і прасоўванне санкцыяў

Асноўная місія народных амбасадаў – наладжванне кантактаў і інфармаванне пра сітуацыю ў Беларусі. Дагрукацца да чыноўнікаў і палітыкаў дазваляе легалізацыя з боку Еўрапарламенту, які прызнаў ініцыятыву і заклікаў краіны ЕЗ «падтрымліваць і развіваць дзейнасць народных пасольстваў як прадстаўніцтваў свабоднай Беларусі», падкрэсліў Рубін.

«Ва ўсіх краінах наша місія – данясенне нашага інфармацыйнага парадку дня да ўрадаў, а асабліва парламентаў, наладжванне кантактаў з грамадскімі арганізацыямі ды палітычнымі партыямі, па магчымасці – удзел у планаванні паездак Святланы Ціханоўскай і прадстаўнікоў іншых дэмакратычных цэнтраў. Удзельнічаем у падрыхтоўцы і правядзенні культурных праектаў, фактычна зʼяўляемся неаддзельнай часткай суполак беларускай дыяспары», – распавёў «народны дыпламат».

У польскай сталіцы адбылася акцыя, прысвечаная дню народзінаў Марыі Калеснікавай. Варшава, Польшча. 24 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Ён прызнае, што Беларусь паціху сыходзіць з палітычнай і інфармацыйнай прасторы Еўропы, і народныя амбасады мусяць гэта выпраўляць. Бывае, што і ўлады Беларусі дапамагаюць: праз шпіталізацыю Марыі Калеснікавай «быў вялікі ўсплёск у медыях», канстатаваў Рубін.

Таксама адна з задачаў – прасоўванне санкцыяў супраць уладаў Беларусі. Дзеля гэтага «народныя дыпламаты» выбудоўваюць ланцужкі кантактаў між лідарамі беларускай апазіцыі і ўрадамі ды парламентамі розных краінаў.

Першы пункт на шляху да дапамогі

Міхаіл Рубін канстатаваў, што ў народных амбасадаў няма паўнамоцтваў надаваць консульскія паслугі, але ёсць магчымасць дапамагаць беларусам, хаця і не наўпрост.

«Калі вельмі трэба, вельмі балюча, вельмі востра, мы імкнёмся зрабіць усё магчымае. Напрыклад, калі заканчваецца тэрмін дзеяння пашпарта, і не ўсе могуць прыйсці ў «амбасады БССР», асабліва тыя, хто ўдзельнічаў у пратэстах, – мы збіраем інфармацыю, кансультуем, дапамагаем парадамі, разбіраемся ў законах, як легалізавацца ў краіне знаходжання, імкнёмся дапамагчы, як можам», – запэўніў каардынатар праекту.

Артыкулы
Беларусы пабраліся шлюбам у Народным пасольстве Беларусі ў Швецыі
2021.10.17 13:26

Народныя амбасады маюць кантакт з рознымі фондамі і могуць накіраваць беларусаў, якія звярнуліся па дапамогу, акурат у профільную арганізацыю.

«Мы самі не можам вырашаць праблемы праз адсутнасць структур і фінансавання. Але мы не адштурхоўваемся ад праблемных пытанняў беларусаў. У нас вялікая сетка партнёрскіх арганізацый, перанакіроўваем па адрасе. Вы можаце звярнуцца да нас як у перш пункт, дзе вы можаце паведаміць аб праблеме, а мы заўсёды імкнёмся перанакіраваць яе», – паясніў Рубін.

«2020 год вярнуў мне маю радзіму»

На пытанне, навошта беларусам, якія даўно зʼехалі і не планавалі вяртацца, займацца «народнай дыпламатыяй» у свой вольны час, Міхаіл Рубін адказвае: натхніла мірная рэвалюцыя 2020 года.

«Жнівень 2020 года вярнуў мне маю радзіму, ад якой я ўжо быў вельмі далёкі. Жаданне бачыць сваю радзіму дэмакратычнай краінай, а не прыгнечанай тыранам. Гэта частка Еўропы, у якой мы жывём. Усё, што адбываецца ў Беларусі другі год, што адбываецца ва Украіне, – гэта не дзесьці там, гэта ў нас у Еўропе, гэта ў нас удома, фактычна перад нашымі ўваходнымі дзвярыма. І, як вядома, радзімы не можа быць дзве», – падсумаваў Рубін.

Што да радзімы, то яна заўважыла дзейнасць народных амбасадаў: былі заведзеныя крымінальныя справы за «самавольнае прысваенне звання або ўлады службовай асобы» і за «распальванне варожасці».

Hавiны
За межамі Беларусі з’явіцца 20 народных амбасадаў
2020.12.09 17:10

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў