Лепш танкеры, чым танкі. Мінфін ЗША анансаваў новыя санкцыі ў дачыненні расейскай нафты


Краіны «Вялікай сямёркі» прапрацоўваюць новыя механізмы, каб знізіць даходы Расеі ад экспарту нафты. Пра гэта 9 лістапада на канферэнцыі ў Нью-Ёрку заявіў намеснік міністра фінансаў ЗША Ўолі Адэема. Таксама ён паабяцаў новыя абмежаванні ў дачыненні палестынскага «Хамасу».

Расейскі нафтавы танкер.
Фота: P.Fisxo / Wikimedia

У снежні 2022 года краіны «Вялікай сямёркі» і Аўстралія ўвялі санкцыі, што забараняюць грузаадпраўляльнікам і страхаўнікам з сяброўскіх краінаў прапаноўваць свае паслугі для экспарту расейскай нафты, калі цана перавышае 60 долараў за барэль. Ўолі Адэема заявіў, што гэтае абмежаванне цэнаў значна павялічыла выдаткі Расеі, бо цяпер ёй давялося дастаўляць нафту на вялікія адлегласці і купляць вялікі танкерны флот. Гэта, паводле яго, скарачае прыбыткі Масквы і памяншае яе здольнасць фінансаваць вайну ва Украіне.

«Мы хочам пераканацца, што ў Расеі будзе як мага менш даходаў, якія яны могуць выкарыстоўваць для фінансавання сваёй незаконнай вайны ва Украіне», – сказаў намеснік міністра фінансаў ЗША. Ён дадаў, што цэнавая столь павялічыла выдаткі Расеі да 35 долараў за барэль і скараціла яе даходы на 40–50 %.

Hавiны
WSJ: Нафтавыя санкцыі ў дачыненні Расеі губляюць эфектыўнасць
2023.11.07 13:36

Паводле Адэемы, «выдаткоўваць грошы на танкеры было значна лепш, чым выдаткоўваць грошы на танк». Тым не менш, ён прызнаў, што цяпер Расеі мае флот, які дазваляе ёй перавозіць нафту. Пра тое, што цэнавая столь у дачыненні расейскай нафты губляе сваю эфектыўнасць, днямі пісала WSJ.

«Цяпер мы засяроджаныя на тым, каб забяспечыць выкананне цэнавага абмежавання ў тым выглядзе, у якім яно існуе, а таксама на тым, каб зрабіць дадатковыя крокі для павелічэння выдаткаў Расеі, каб гарантаваць, што ў іх будзе менш даходаў для фінансавання незаконнай вайны», – сказаў прадстаўнік амерыканскіх уладаў.

Аднак ён не ўдакладніў, якія крокі плануецца зрабіць для павелічэння выдаткаў РФ.

«Хамас» таксама пазбавяць грошай

Таксама Адэема анансаваў новыя захады для абмежавання фінансавання «Хамасу» за яго атаку на Ізраіль. Ён дадаў, што пра некаторыя з іх будзе абвешчана публічна, але некаторыя з іх людзі не ўбачаць «з пункту гледжання закрыцця дабрачынных арганізацыяў або пераследу асоб, якія могуць спрыяць аблягчэнню выплатаў «Хамасу». У прыватнасці, мяркуецца ўвядзенне абмежаванняў на выкарыстанне тэрарыстычнай арганізацыяй крыптавалюты.

Адэема сказаў, што намаганні спыніць фінансаванне «Хамасу» будуць усё больш засяроджвацца на пасярэдніках у трэціх краінах і спатрэбіцца каардынацыя дзеянняў з хаўруснікамі і партнёрамі, каб перакрыць гэтыя магчымасці.

«Я хачу, каб тыя, хто імкнецца нанесці шкоду Ізраілю, рэгіёну або нам, ведалі: мы будзем працягваць дзеяць, пакуль вы дзееце, каб перакрыць вам доступ да фінансавання», – сказаў намеснік міністра фінансаў ЗША.

Hавiны
Байдэн паабяцаў не дапусціць перамогі «Хамасу» і Пуціна
2023.10.20 08:44

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн увечары 19 кастрычніка выступіў з тэлезваротам да суграмадзянаў, у якім патлумачыў, чаму просіць Кангрэс вылучыць мільярды долараў на дапамогу Ізраілю і Украіне.

На думку Байдэна, «Хамас» і Пуцін уяўляюць сабою рознага роду пагрозы, але іх яднае тое, што яны хочуць цалкам знішчыць суседнюю дэмакратыю». І менавіта гэтага Злучаныя Штаты мусяць не дапусціць, бо яны застаюцца вялікаю нацыяй ды маяком свабоды і дэмакратыі для ўсяго свету.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў