WSJ: Нафтавыя санкцыі ў дачыненні Расеі губляюць эфектыўнасць


Заходнія санкцыі, што ўвялі столь цэнаў для таго, каб абмежаваць даходы Расеі ад продажу нафты, усё больш страчваюць сваю эфектыўнасць. Пра гэта піша «The Wall Street Journal».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Chursaev13 / Wikimedia, CC BY 4.0

«Нафтавая столь спрацавала, як і планавалася, але цяпер састарэла», – заяўляюць апытаныя WSJ эксперты.

Паводле выдання, РФ абыходзіць эмбарга і нафтавую столь, перавозячы сырую нафту на састарэлых танкерах, на якія ўплыў санкцыяў абмежаваны. У верасні, паводле звестак Кіеўскай школы эканомікі, расейскі ценявы флот для перавозкі нафты і нафтапрадуктаў у абыход санкцыяў налічваў 180 танкераў. А больш як палова расейскага экспарту сырой нафты, паводле S&P, цяпер застрахаваная за межамі краінаў «Вялікай сямёркі» супраць 35 % у студзені.

Як вынік, паводле ацэнак «Argus Media», расейская нафта «Urals» апошнім часам каштуе каля $ 74 за барэль, што значна даражэй за столь $ 60.

Дзякуючы гэтаму ў кастрычніку падатковыя паступленні ў расейскі бюджэт ад нафты і газу больш чым падвоіліся ў параўнанні з вераснем і выраслі больш чым на чвэрць год да году, піша WSJ. Таму, на думку экспертаў, дэфіцыт бюджэту РФ па выніках года складзе планавыя 2 % замест прагназаваных яшчэ некалькі месяцаў таму 5-6 %.

Hавiны
Экспарт нафты з Расеі расце, але даходы далёкія ад леташніх
2023.05.16 12:44

У 2022 годзе краіны «Вялікай сямёркі» дамовіліся істотна абмежаваць гандаль Расеі вуглевадародамі, каб пазбавіць яе грошай на вайну з Украінай. 5 снежня набыла моц «цэнавая столь» для нафты, а 5 лютага 2023 года – і для нафтапрадуктаў. То бок Расея не можа прадаваць сыравіну за цану, большую за прызначаную мяжу.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў