Ізраіль дасць рады. Але якім коштам?

З Менску да сталіцы Ізраілю, Тэль-Авіву, 5680 кіламетраў, а да сталіцы Нямеччыны, Берліну, – 1120. Але спытай сёння ў любога беларуса: колькі ў яго ёсць сваякоў, знаёмых ці сяброў у Нямеччыне і колькі ў Ізраілі – адказ будзе відавочны і нікога з нас не здзівіць. Тое, што адбываецца цяпер у Ізраілі, беларусы ўспрымаюць як асабістую трагедыю.

Жанчына стаіць у пашкоджаным пакоі пасля запуску ракетаў з сектару Газа. Ашкелён, Ізраіль. 7 кастрычніка 2023 года.
Фота: AMIR COHEN / Reuters / Forum

Маё пакаленне памятае ад’езд габрэяў у самым пачатку 1970-х і потым у канцы 1980-х. Былі шматлікія анекдоты пра перасадку ў Парыжы. Ён быў нязбытнай марай. Але гэта зусім не азначала, што габрэі не імкнуліся трапіць на зямлю запаветную.

У 1989-м у маім падʼездзе апусцелі адразу чатыры кватэры. Іх доўга не засялялі. Была такая практыка: кватэры былі дзяржаўнай уласнасцю, і таму яны паступалі на баланс гарадскога выканкаму і іх потым у абыход чаргі давалі «патрэбным» людзям. Людзі, якія сачылі за чаргой у райвыканкаме, уяўлення не мелі пра гэтыя «вызваленыя» кватэры. Ведаю кватэры ў самым сэрцы Менску, якія дасталіся шчасліўчыкам, маладым вайскоўцам, калі яны вярталіся ў СССР з былой ГДР. У іх было права абіраць і яны абралі сталіцу БССР.

Зʼязджалі лекары, мастацтвазнаўцы, інжынеры, архітэктары, выкладчыкі… Мая найлепшая сяброўка яшчэ з часоў школы цяпер у Ізраілі. Мы з ёю заўсёды на сувязі. Цяпер яна мяне ўвесь час супакойвае і кажа, што нават у краму схадзіла па харчы. Яна радая, што яе зяць, айцішнік, прыехаў у Ізраіль пасля прызыўнога ўзросту і ў войску не служыў. Значыць, яго не забяруць у войска. Сітуацыя сапраўды такая, што даводзіцца думаць і пра гэта.

Цяпер у першыя дні было вельмі шмат папрокаў на адрас разведкі, якая паказала, што яна неідэальная і, напэўна, не самая лепшая ў свеце. Ды і тэхніка вайсковая аказалася не самай ідэальнай. Гэта яшчэ раз пацвердзіла сцвярджэнне, што няма нічога ідэальнага ў гэтым свеце.

Шок адчулі не толькі самі ізраільцяне. Увесь свет убачыў гэтую страшную бездань, у якую ляцяць чалавечыя лёсы, калі адсутнічае нармальная адукацыя, а замест яе людзей з дня ў дзень шпігуюць прапагандай.

Пры словах «прапаганда нянавісці» мне часта ўспамінаецца хлопчык гадоў 17 у Хургадзе. Турысты, заходзячы там у крамы, не могуць не чуць пропаведзі мулы. Яна заўжды транслюецца з вельмі моцным гукам. Часам прадаўцу даводзіцца крычаць, але гучнасці не памяншаюць. Мала хто сурʼёзна звяртае на гэта ўвагу: пропаведзь і пропаведзь – мясцовы каларыт. Вельмі хочацца спадзявацца, што насамрэч гэта было чытанне святой кнігі Карану.

Інтэрв’ю
«Пачакайце, нешта нада мной бабахнула…» Беларусы распавялі, якая атмасфера пануе ў ізраільскіх гарадах
2023.10.09 19:24

Аднойчы ўвечары мы адправіліся на мясцовы рынак. На Усходзе вельмі часта рынак пачынаецца менавіта з надыходам цемры. Там цябе адразу сустракаюць пахі ўсяго – і бананаў, і мяса, і гуавы, і рыбы, і шмат яшчэ ўсякага іншага.

Людзі з вялізнымі кошыкамі, з якіх часам раздаецца кудахтанне курэй, ходзяць паміж шэрагамі. Адзін прадавец папрасіў свайго маленькага ўнука збегаць па нож на іншы канец вялікага прылаўка. Хлопчык гадоў сямі па дарозе, перш чым перадаць нож дзядулю, паспеў пагразіць ім нам, некалькім еўрапейцам, чым рассмяшыў дарослых гандляроў. Дзядулю нават прыйшлося паклікаць унука. Было адчуванне, што дай гэтаму хлопчыку волю – і невядома, чым гэта ўсё магло скончыцца. Калі ж я спытала ў хлопца гадоў 17, чым выкліканая такая агрэсія, то ён адказаў:

«Ну, вы ж з Беларусі. Вам нічога не пагражае. Не пераймайцеся. Няхай баяцца ізраільцяне, бо кожны ізраільцянін павінен быць забіты».

Толькі тады да мяне канчаткова дайшоў увесь трагізм выказвання пра Ізраіль: «Наперадзе вада, а вакол арабскі свет, які яго ненавідзіць». А цяпер і звесткі зʼявіліся аб тым, што ў Егіпце былі забітыя двое турыстаў з Ізраілю.

Што такое прапаганда, мы ўжо ўбачылі на шматлікіх прыкладах. Самы блізкі – нашыя «ябацькі». А да гэтага ў нашым слоўніку зʼявілася слова «вата». Зʼявілася яно адразу ж пасля ўварвання Расеі ва Украіну. «Вата» як прадукт прапаганды. Ізраільцянам даводзіцца жыць у асяроддзі арабскага свету, які апрацоўваецца прапагандай кожны дзень. Нянавісць і толькі нянавісць.

Нармальнаму чалавеку цяжка зразумець, як можна прымусіць чалавека так моцна ненавідзець, што ён гатовы жорстка забіваць людзей, якіх раней нават ніколі не бачыў. Нават трупы забітых не даюць ім спакою, і яны здзекуюцца нават з іх. І гэты чалавек-забойца шчыра верыць, што забівае ў імя Алаха.

Змагацца з прапагандай аказалася нашмат складаней, чым з агнястрэльнай зброяй.

Пакуль увесь свет сочыць за крывавай бойняй. Забойствы, закладнікі, крыкі, сотні відэа гвалту… Здаецца, свет становіцца іншым, і шмат якія інстытуты перастаюць спраўляцца са сваёй першапачатковай задачай. ААН не зрабіла ніякай заявы ні ў першы дзень атакі, ні ў другі. Затое выступіла з прапановай да Ізраілю, які ўзяў сектар Газа ў блакаду, вярнуць усе камунікацыі. А тут і баевікі «Хамасу» пачалі пагражаць забойствам закладнікаў, калі Ізраіль не спыніць бамбіць.

Падобна, што Ізраіль бамбаваць не спыніць і пойдзе да канца. Ва ўсякім разе вайскоўцы ўжо зрабілі справаздачу аб ліквідацыі чальцоў Палітбюро «Хамасу» Джаўада Абу Шамалі і Закарыі Абу Муамара.

Тым часам сталі паступаць трывожныя паведамленні аб нібы абезгалоўленых немаўлятах-ізраільцянах. Пакуль ніхто гэтай інфармацыі не пацвярджае афіцыйна. Можна толькі ўявіць сабе, што ўвесь гэты час адчуваюць сваякі закладнікаў, не кажучы ўжо пра саміх закладнікаў. Як жа цяжка цяпер тым, хто павінен зрабіць выбар.

Палестынцы эвакуююцца пасля ізраільскага авіяўдару па мячэці сусі ў сектары Газа. 9 кастрычніка 2023 года. Фота Mahmud HAMS / AFP

Але ізраільскія вайскоўцы ўспомнілі пра гуманізм. Ва ўсякім разе Вайскова-паветраныя сілы Ізраілю аднавілі сваю старую практыку папераджальных «стукаў» інертнымі бомбамі. Гэта бомбы, у якіх няма выбуховых рэчываў. Спачатку па цэлях, якія прызначаныя для знішчэння, скідаюць менавіта такія бомбы. Толькі праз некаторы час туды прылятаюць ужо сапраўдныя. Гэта дае шанец мірным жыхарам паспець схавацца, каб застацца ў жывых.

У апошнія гады на Блізкім Усходзе намецілася тэндэнцыя разрадкі і прымірэння. За сталом перамоваў былыя ворагі падпісвалі пагадненні аб супрацоўніцтве, дамаўляліся не ваяваць адзін з адным. Хоць гэта, праўда, было толькі на словах, але ўсё ж дамаўляліся. Іран, які выступае галоўным спонсарам і ідэйным натхняльнікам «Хамасу», таксама не быў выключэннем. Ён таксама аднавіў дыпламатычныя адносіны з Саудаўскай Аравіяй. Але, здаецца, цяпер зрабіў стаўку на барацьбу за ўплыў у рэгіёне.

Час пакажа, як будуць развівацца падзеі, а развіваюцца яны вельмі хутка.

Агляд
Што чакае мірных жыхароў сектару Газа – і колькі людзей там не падтрымліваюць тэрарыстаў
2023.10.10 19:09

belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў