$ 1 000 000 і смерць: якія пакаранні чакаюць парушальнікаў каранціну


2,6 млрд чалавек – чвэрць насельніцтва планеты пайшло на каранцін: вымушанай ізаляцыі ў сувязі з пандэміяй COVID-19. У якіх краінах увялі найбольш жорсткія абмежаванні на перасоўванне і зносіны, ды як кантралююць іх выкананне?

Захады дзеля нераспаўсюду сёмага штаму каронавірусу – «Ковід-19» найбольш жорсткія для тых асобаў, якія знаходзяцца ў групе магчымага кантакту з хворымі ці хварэюць ужо, але ўдома. Рэшта насельніцтва – абмежаваныя ў перасоўванні, але маюць права пакідаць дамы – дзеля падтрымання элементарных жыццёвых патрэбаў.

Выйдзеш і заразіш – пакараюць смерцю

Жанчына праходзіць тэмпературны кантроль на польска-нямецкай мяжы пасля таго, як польскі ўрад прыняў рашэнне закрыць свае межы для замежнікаў у якасці прафілактычнай меры супраць каронавірусу.
Фота: ANNEGRET HILSE / Reuters / Forum

Найбольш жорсткае пакаранне за парушэнне хатняга каранціну – у Кітаі. За невыкананне патрабаванняў ураду там прадугледжанае нават смяротнае пакаранне – для тых, хто заразіўся, але адмовіцца ад лячэння, або пры спробе наўмысна заразіць лекара ці іншую асобу. Цалкам закрытаю на каранцін з забаронаю выходзіць на вуліцы ўсім грамадзянам некаторы час была правінцыя Ху-Бэй – адкуль пачаўся распаўсюд хваробы. Разам з сучаснымі тэхналогіямі дбаць аб выкананні правілаў там заклікалі самых людзей: яны меліся данасіць на сваіх суседзяў, калі тыя пакінуць жытло. Пазней выходзіць з дому дазволілі тым, хто не меў кантакту з інфікаванымі. На сёння ўлада рапартуе пра спад колькасці захворванняў, а новыя выпадкі называе завазнымі. У сувязі з гэтым улады заклікалі свае і замежныя авіякампаніі скараціць рэйсы ў КНР да аднаго на тыдзень.

Аб’ектыў
Каронавірус: свет працягвае змагацца
2020.03.25 22:03

Узбекістан ды Ізраіль – у нагу

Ва Узбекістане ды Ізраілі за парушэнне каранціну пагражае да дзесяці гадоў турэмнага зняволення. Сярод свежых ідэяў – накіроўваць у каранцін у гатэлі грамадзянаў, якія вяртаюцца ў краіну з «небяспечных» краінаў. Грамадзяне, якім выходзіць дазволена, не могуць адысці ад дому далей, чымся на 100 метраў, за выключэнняў паходаў у харчовыя крамы і аптэкі.

Канада: $ 1 млн за распаўсюд хваробы

А вось Канада дысцыплінуе сваіх грамадзянаў найбольш вялікімі ў свеце штрафамі. За распаўсюд хваробы спагнанні сягаюць ажно да мільёна долараў ЗША. Да $ 450 тысяч могуць аштрафаваць у Германіі, да $ 110 тысяч – у Чэхіі, да $ 20 тысяч – у Аўстраліі, па $ 10 тысяч могуць прысудзіць у Сінгапуры і ЗША.

Італія павялічыла штрафы

Узмацніў абмежаванні ад 26 сакавіка таксама ўрад Італіі. Краіна – на другім месцы ў свеце па колькасці захворванняў на COVID-19. Гэтак, штрафы за шпацыр па горадзе для парушальнікаў абавязковага каранціну выраслі з € 200 да € 4000. Асобам, што ведаюць пра свой дыягназ, але выйдуць на вуліцу, пагражае нават турэмнае зняволенне (раней – 3 месяцы, цяпер – да 5-ці гадоў). У Неапалі паліцыя патрулюе вуліцы пры дапамозе дронаў. Спыняюць таксама аўтамабілі на магістралях у кірунку Рыму і правяраюць у кіроўцаў наяўнасць дазволу на перамяшчэнне. Грамадзянам дазваляюць выйсці на закуп харчоў і лекаў, але пры гэтым варта захоўваць адлегласць адзін ад аднога не менш за адзін метр. Усе грамадскія месцы, вядома, зачыненыя.

У Індыі пад замком 1,3 млрд чалавек

У Індыі абвесцілі агульнанацыянальны каранцін на 21 дзень для ўсіх без выключэння жыхароў. Гэтак, насельніцтву, у адрозненні ад краінаў Еўропы, забаранілі пакідаць дамы наагул. Нават, каб набыць ежу або лекі. Спынілі працу амаль усе ўстановы ў краіне, паміж гарадамі прыпынілі чыгуначнае спалучэнне. Якім чынам у такіх умовах насельніцтва павінна забяспечваць сябе прадуктамі, пакуль не зразумела. За парушэнне – штрафы і турэмныя тэрміны.

Hавiны
«Мы не можам расслабіцца». У Літве да 13 красавіка працягнулі каранцін
2020.03.25 18:36

Каранцін як спраўджаны метад

Дагэтуль у свеце не было адзінага заканадаўства ў супрацьдзеянні пандэміям, ці адзінага плану дзеянняў. Увядзенне каранціну – гэта метад, які так ці інакш стрымлівае распаўсюд эпідэміі. Старшыня Сусветнай арганізацыі здароўя Тэдрас Адханам Гебрэесус заклікаў урады краінаў выкарыстаць гэтую магчымасць напоўніцу:

«Папрасіць людзей застацца ўдома і спыніць рух насельніцтва азначае атрымаць час і знізіць нагрузку на сістэму аховы здароўя. Аднак самыя па сабе гэткія захады не згасяць эпідэміі. Сэнс у тым, каб забяспечыць больш дакладныя і мэтанакіраваныя захады, каб спыніць перадачу (каронавіруса) і выратаваць жыцці».

Паводле Сусветнай арганізацыі здароўя, краінам неабходна выкананне шасці асноўных дзеянняў:

  • пераарыентаваць урад на кантроль і падаўленне COVID-19,
  • пашырыць кадравыя рэсурсы сістэмы аховы здароўя, у тым ліку – праз навучанне,
  • павялічваць вытворчасць адмысловага медычнага абсталявання і зрабіць яго больш даступным,
  • падрыхтаваць сродкі і адаптаваць месцы для ізаляцыі і лячэння пацыентаў,
  • выпрацаваць і ўжываць схему, якая магла б выяўляць усе падазроныя выпадкі на ўзроўні супольнасці,
  • распрацаваць план для каранцінных кантактаў.
Hавiны
У свеце больш за 20 тысячаў ахвяраў каронавірусу
2020.03.26 07:49

Пазіцыя Беларусі адносна каранціну

У нашай краіне ад увядзення агульнаша каранціну пакуль устрымліваюцца, спасылаючыся на эфектыўнасць працы санэпідэмслужбаў. Паводле Міністэрства аховы здароўя, такі падыход дазваляе аператыўна ізаляваць патэнцыйных носьбітаў COVID-19 яшчэ да праяўлення першых прыкметаў хваробы, што значна скарачае распаўсюд заражэння. Што праўда, цяпер, згодна з загадам Ураду, усе, хто прыязджае ў Беларусь з-за мяжы, мусяць пайсці на хатні каранцін на 14 дзён.

Пад медычным назіраннем у Беларусі, паводле афіцыйных звестак, знаходзяцца больш за 1200 чалавек, якія кантактавалі з інфікаванымі. Наяўнасць рнк-каронавіруса, паводле афіцыйных звестак Мінаховы здароўя Беларусі, пацвердзілася ў 86 асобаў.

Юлія Лабанава, Belsat.eu

Стужка навінаў