Каронавірус: свет працягвае змагацца


Новы рэкорд у колькасці смерцяў – у Іспаніі. За мінулыя содні там памерлі 738 чалавек. Італія ўсцяж першая ў Еўропе паводле колькасці інфікаваных. За ігнараванне каранціну італьянцаў цяпер чакае пакаранне ад штрафаў дзве тысячы еўраў да пяцігадовага турэмнага зняволення. Парушальнікаў паліцыя ловіць на вуліцах пры дапамозе дронаў.

Эпіцэнтрам хваробы ўсцяж застаецца Кітай. Нацыянальная камісія здароўя аднак рапартуе, што за апошнія содні дадатковых лакальных выпадкаў перадачы COVID-19 на мацерыковай частцы краіны не выявілі. 47 новых інфікаваных прыехалі ў Кітай з іншых краінаў.

«Былі чатыры новыя смерці ў аўторак, яшчэ 491 пацыента выпісалі са шпіталю, 1215 блізкіх кантактаў вызвалілі з-пад медычнага нагляду, а колькасць складаных выпадкаў зменшылася на 174 чалавекі», – кажа прадстаўнік Нацыянальнай камісіі здароўя Кітаю, Мі Фэ.

У Беларусі, прынамсі афіцыйна, 86 асобаў з пацверджаным рнк-каронавіруса. Паводле Міністэрства аховы здароўя, стрымаць распаўсюд удалося дзякуючы аператыўнаму выяўленню, ізаляцыі ды тэставанню яшчэ да першых прыкметаў хваробы ўсіх асобаў, якія беспасярэдне кантактавалі з інфікаваным. Цяпер пад такім наглядам больш за 1200 чалавек.

«Адзінае, чаго мы баімся, вывучаючы досвед нашых суседзяў, гэта Італія, дзе асноўнаю крыніцаю распаўсюду інфекцыі стаўся медперсанал, і распаўсюд вельмі хутка пайшоў у шпіталях, дзе і гэтак ляжалі людзі з суправаджальнаю паталогіяй», – распавёў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік.

У свеце – татальная дэзынфекцыя. Дбаць аб прафілактыцы ў нашай краіне пакуль заклікаюць перадусім самых людзей. Ці пачуваюцца беларусы бяспечна? Жыхары Менску:

«У мяне муж захварэў на працы, менавіта вірусам гэтым, ён цяпер у рэанімацыі пятай больніцы, дзіця ў мяне таксама вельмі хворае, не ведаем, як ратаваць».

«Нават бліжэйшыя краіны – Літва, Латвія – на каранціне, у іх поўная ізаляцыя, а ў нас нічога не адбываецца. Пытанне: чаму? Вядома, хваляванні ёсць».

«Мыю рукі, дэзынфекую, стараюся да твару не дакранацца, аднак гэта ўсё, мне здаецца, не абароніць нікога, калі вірус, хтосьці чхнуў, прайшоў міма».

Палова ўсіх выпадкаў захваральнасці ў свеце прыпадае на Еўропу. На барацьбу з каронавірусам Еўрапейскі Звяз паабяцаў вылучыць яшчэ 232 мільёны еўраў. Улады ж Беларусі пакуль спадзяюцца абысціся малою крывёй і выдаць на змаганне з эпідэміяй ды яе наступствамі да мільёна долараў.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum