Афіцыйны Кіеў расчараваны дэкларацыяй саміту G20


Удзельнікі саміту «Вялікай дваццаткі» у Індыі ў сваёй заяве згадваюць вайну ва Украіне, але выкарыстоўваюць пры гэтым нейтральныя фармулёўкі і не называюць Расею агрэсарам.

Удзельнікі саміту «Вялікай дваццаткі» (G20) у Індыі ў сваёй дэкларацыі звярнулі ўвагу «на чалавечыя пакуты і дадатковыя негатыўныя наступствы вайны ва Украіне», аднак падкрэслілі, што ў арганізацыі існуюць розныя ацэнкі сітуацыі. У дакуменце нічога не гаворыцца аб тым, хто развязаў вайну і якое пакаранне павінен панесці агрэсар.

Замест гэтага зазначаецца, што «ўсе дзяржавы павінны дзейнічаць у адпаведнасці з мэтамі і прынцыпамі Статута ААН ва ўсёй яго паўнаце». Гэта значыць «ўстрымлівацца ад пагрозы або выкарыстання сілы для захопу тэрыторыяў, што парушае тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт або палітычную незалежнасці любой дзяржавы». «Выкарыстанне або пагроза выкарыстання ядравай зброі з’яўляецца недапушчальнай», – падкрэсліваецца таксама ў дакуменце.

Дэкларацыю саміту пракаментаваў у сваім Facebook прадстаўнік украінскага МЗС Алег Ніколенка:

«Украіна ўдзячная партнёрам, якія пастараліся ўключыць у тэкст моцныя фармулёўкі. У той жа час у частцы агрэсіі Расеі супраць Украіны «Вялікай дваццатцы» няма чым ганарыцца. Відавочна, што ўдзел украінскага боку дазволіў бы ўдзельнікам лепш зразумець сітуацыю. Прынцып «нічога пра Украіну без Украіны» застаецца ключавым як ніколі».

Спікер украінскага МЗС прапанаваў свае праўкі тэксту дэкларацыі, якія дазволілі б зрабіць дакумент больш набліжаным да рэальнасці. У прыватнасці, ён указаў, што ў дэкларацыі трэба было адзначыць, што Расея вядзе вайну супраць Украіны замест слоў аб «вайне ва Украіне». Менавіта РФ, а не «ўсе краіны», павінна ўстрымацца ад выкарыстання сілы для тэрытарыяльных набыткаў, а таксама менавіта да Крэмля мусіць быць накіраваная заўвага аб недапушчальнасці выкарыстання ядравай зброі.

Прапановы афіцыйнага Кіева па змене выніковай дэкларацыі «Вялікай дваццатцы».
Фота: Oleg Nikolenko / Facebook

З пункту гледжання Ніколенкі, удзельнікі саміту павінны былі асудзіць агрэсію РФ супраць Украіны і заклікаць Маскву неадкладна яе спыніць.

Агляд
У Індыі стартаваў саміт G20. Праз Украіну ён можа стаць самым безвыніковым і канфрантацыйным
2023.09.09 08:00

Глеб Нержын belsat.eu

 

Стужка навінаў