news
Агляд
У Індыі стартаваў саміт G20. Праз Украіну ён можа стаць самым безвыніковым і канфрантацыйным
9 і 10 верасня ў Нью-Дэлі, сталіцы Індыі, пройдзе саміт «Вялікай дваццаткі».
09.09.202308:00

9 і 10 верасня ў Нью-Дэлі, сталіцы Індыі, пройдзе саміт «Вялікай дваццаткі», таксама вядомай як G20 – клубу найбольш развітых і ўплывовых эканомік свету. У праграме саміту ёсць шмат розных пытанняў, але не глядзячы на гэта ён рызыкуе стаць самім безвыніковым і канфрантацыйным за ўсю гісторыю. Падрабязнасці чытайце ў разборы «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэс-канферэнцыя ў Міжнародным медыяцэнтры напярэдадні саміту G20 у Нью-Дэлі, Індыя.
Фота: Dar Yasin / AP Photo / East News

«Вялікую дваццатку» стварылі ў 1999 годзе для абмеркавання і супрацы ў пытаннях сусветнай эканомікі і фінансаў. Саміты ж G20 зʼяўляюцца глабальным форумам для абмеркавання праблемаў міжнароднай фінансава-эканамічнай сістэмы.

«Мы з нецярпеннем чакаем магчымасці абмеркаваць шэраг, на нашу думку, сапраўды важных праблем, што стаяць перад усімі найбуйнейшымі эканомікамі свету. Гэта датычыць клімату, энергетычнай бяспекі, харчовай бяспекі, глабальнай макраэканамічнай стабільнасці і магчымасці надаваць грамадскія даброты людзям ва ўсім свеце праз амбіцыйныя ініцыятывы, такія як ініцыятыва рэформы Сусветнага банку, над якой працуе прэзідэнт Байдэн. Такім чынам мы думаем, што гэта будзе важны этап глабальнай супрацы ў крытычны момант», – заявіў 7 верасня дарадца прэзідэнта ЗША ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Джэк Саліван.

У G20 уваходзяць як краіны Вялікай сямёркі (G-7) – Вялікая Брытанія, ЗША, Італія, Канада, Нямеччына, Францыя, Японія і Еўрапейскі Звяз, так і іншыя дзяржавы, у тым ліку тыя, што знаходзяцца ў канфлікце з імі: Аргентына, Аўстралія, Бразілія, Індыя, Інданезія, Кітай, Мексіка, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Расея, Рэспубліка Карэя, Саудаўская Аравія і Турэччына.

У Нью-Дэлі запрошаныя таксама кіраўнікі Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Аману, Бангладэш, Егіпту, Іспаніі, Маўрыцыю, Нідэрландаў, Нігерыі, Сінгапуру і прадстаўнікі шэрагу міжнародных арганізацыяў (ААН, МВФ, Сусветны банк, СГА ды іншыя). А вось прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага на саміт не пусцілі, хоць Кіеў з саюзнікамі і дамагаліся ягонага выступу, як гэта было на леташняй сустрэчы на Балі. Тады Зяленскі прадставіў сваю «формулу міру», паводле якой павінна быць урэгуляваная вайна ва Украіне. Гэтым разам ў МЗС Індыі заявілі, што мірным урэгуляваннем павінна займацца Рада Бяспекі ААН. Тым не менш, ЗША спадзяюцца на магчымасць прэзідэнта Украіны звярнуцца да ўдзельнікаў саміту, адзначыў дарадца прэзідэнта ЗША Саліван.

Без Сі і Пуціна

Кіраўнікі РФ і КНР адмовіліся ехаць на саміт самыя. Сі Цзінь Пін афіцыйна будзе прымаць у сябе сваіх даўжнікоў – прэзідэнтаў Замбіі і Венесуэлы. Замест яго на самміце будзе прэм’ер дзяржсавету Лі Цян. Не паедзе на саміт і кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін, на якога выдадзены міжнародны ордар. Ён таксама адмовіўся звяртацца да ўдзельнікаў сустрэчы з дапамогай відэа – кіраваць дэлегацыяй даручылі міністру замежных справаў Сяргею Лаўрову.

Джош Ліпскі з вашынгтонскага аналітычнага цэнтру Atlantic Counsil лічыць, што адсутнасць кіраўніка КНР ставіць пад сумнеў «доўгатэрміновую ўстойлівую жыццяздольнасць і поспех G20». Паводле яго, гэта экзістэнцыйная пагроза для будучыні G20.

Раней Кітай мог разглядаць G20 як сродак узмацнення свайго геапалітычнага ўплыву, але цяпер у яго моцна пагоршыліся стасункі з ЗША, Японіяй, Паўднёвай Карэяй і еўрапейскімі дзяржавамі.

«За апошняе дзесяцігоддзе многія краіны, якія ўваходзяць у G20, узмацнілі жорсткасць сваёй пазіцыі ў дачыненні да Кітая. Для Сі гэта – няпростая група», – адзначае Пол Хаэнле, дырэктар аналітычнага цэнтра Carnegie China.

Магчыма, замест G20 Сі аддае цяпер перавагу БРІКС (аб’яднанню Бразіліі, Кітая, Індыі, Расеі і ПАР), на нядаўнім саміце якой было вырашана далучыць таксама Аргентыну, Егіпет, Іран, Эфіопію, Саўдаўскую Аравію і ААЭ. Паводле Сі, гэта быў гістарычны момант для буйных эканомік, якія аспрэчваюць сусветны парадак, што падтрымлівае Захад.

Разбор
Стартаваў саміт BRICS, на які не пусцілі Пуціна. Чаго там хоча дэлегацыя Беларусі?
2023.08.22 08:00

Адсутнасць Сі стане ўдарам і па Індыі, у якой з Кітаем вельмі няпростыя стасункі і якая старшынюе цяпер у G20. Ёсць меркаванне, што адмова Сі ехаць на саміт «Вялікай дваццаткі» – гэта спланаваная спроба Пекіна падарваць прэстыж клубу і Індыі.

«Рашэнне Сі не ўдзельнічаць у саміце – гэта відавочная абраза лідарства Модзі ў G20, але яно таксама падкрэслівае адсутнасць адзінства ў шэрагах БРІКС і зводзіць на нішто шуміху вакол пашырэння БРІКС», – лічыць Дэніэл Прайс, былы супрацоўнік адміністрацыі прэзідэнта ЗША Джорджа Буша-малодшага.

У сваю чаргу Хаэнле мяркуе, што няўдзел Сі ў саміце ў Дэлі нанясе самому Кітаю большую шкоду, чым краінам G20, бо «памяншае магчымасці Кітая фармаваць глабальны парадак дня».

Сама ж Індыя хоча выкарыстаць «Вялікую дваццатку» ў якасці платформы для зацвярджэння сябе ў якасці новага лідара Глабальнага Поўдня (краінаў Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амерыкі) замест Кітаю.

«Знаходзячыся ў ролі старшыні «Групы дваццаці», мы абавязаліся пашырыць глабальны дыялог, каб гарантаваць, што кожны голас будзе пачуты і што кожная краіна ўнясе свой уклад», – пісаў прэм’ер Індыі Нарэндра Модзі ў сваім прымеркаваным да саміту артыкуле.

Саміт патрэбны і самому Модзі, каб на выбарах 2024 года «прадставіць сябе сусветным дзяржаўным дзеячам, лідарам краіны, якую паважае і сурʼёзна ўспрымае міжнародная супольнасць», лічыць Хэпіман Джэйкаб, прафесар вонкавай палітыкі Універсітэту Джавахарлала Нэру ў Дэлі. Як заявіў кіраўнік індыйскага МЗС Субрахманьям Джайшанкар, «Індыя ўзяла на сябе старшынства ў G20 у той момант, калі Індыя набывае ўсё большае значэнне для свету».

Скарыстацца адсутнасцю Сі і Пуціна

Тым часам, паводле Bloomberg, Еўразвяз плануе скарыстацца адсутнасцю Сі і Пуціна, каб актывізаваць працу з краінамі Глабальнага Поўдня праз сустрэчы на высокім узроўні з афрыканскімі лідарамі. Паводле крыніц выдання, ЕЗ хоча паказаць, што сурʼёзна ставіцца да перагляду свайго партнёрства з Афрыкай, нягледзячы на цяжкую спадчыну каланіялізму.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кітайская газета з выявай Сі Цзінь Піна і Уладзіміра Пуціна ў Пекіне, Кітай. 21 сакавіка 2023 года.
Фота: The Yomiuri Shimbun / AP Images / East News

Дый дарадца Саліван казаў, што прэзідэнт ЗША разглядае саміт у Дэлі як «магчымасць для ЗША і партнёраў-аднадумцаў зрабіць каштоўную прапанову, асабліва для краін Глабальнага Поўдня». У прыватнасці, вядзецца пра рэфармаванне МВФ і Сусветнага банку. А выхад Расеі са збожжавай дамовы ў Чорным моры, што ударыў па краінах, што развіваюцца, можа паўплываць на меркаванне тых, хто адмаўляўся асудзіць вайну Расеі. Гэтак, брытанскі прэм’ер «абавязаўся падштурхнуць прагрэс з краінамі G20 у абыходзе расейскай блакады і забеспячэнні доступу ўразлівых краін да жыццёва неабходных паставак збожжа».

Таксама, піша Bloomberg, на саміце ў склад G20 могуць уключыць Афрыканскі Звяз, надаўшы яму той самы статус, што і Еўразвязу. Гэта павялічыць яго магчымасці ўплываць на сусветную палітыку, эканоміку і экалогію. За далучэнне арганізацыі сярод іншага выступаюць кіраўнікі ўрадаў Індыі, Італіі і Нямеччыны. Праўда, крыніцы Reuters адзначаюць, што прымаць АЗ у склад G20 будуць толькі ў наступным годзе.

А што з украінскім пытаннем?

Ці не найважнейшым для Еўропы пытаннем на саміце з’яўляецца абмеркаванне наступстваў вайны Расеі супраць Украіны, у тым ліку для глабальнай харчовай бяспекі. Пакуль незразумела, ці будзе прынятая супольная заява адносна вайны ва Украіне. Сама Індыя пакуль адмаўлялася асуджаць агрэсію Масквы, а таксама дапамагала Расеі з абыходам санкцыяў.

Як распавёў CNN высокапастаўлены прадстаўнік ЕЗ, праект дэкларацыі адносна Украіны, які ў якасці старшыні G20 рыхтуе Індыя, «недастатковы для G7, Еўрапейскага Звязу і нашых чальцоў, бо ён не заходзіць дастаткова далёка». Паводле яго, абмеркаванне праекту дакументу «было вельмі цяжкім».

«Цяжкасць для нас заключаецца ў тым, што Расея і Кітай адмовіліся вярнуць фармулёўку, якую мы выкарыстоўвалі на Балі, чаго мы не можам прыняць», – сказаў чыноўнік.

Аднак для Еўразвязу нават «калі мы здолеем дамагчыся суадносін 19 супраць аднаго, гэта будзе нешта». Пакуль жа ЕЗ чакае «адлюстравання нашай пазіцыі» ў канчатковым тэксце.

Тым часам Bloomberg са спасылкай на неназванага французскага чыноўніка, які распавёў некаторыя дэталі перамоваў адносна выніковага камюніке, піша, што Пекін напярэдадні саміту змякчыў сваю рыторыку ў дачыненні Кіева. Раней ён займаў «нейтральную» пазіцыю, што была выгадная РФ. Крыніца сцвярджае, што ўсе дзяржавы G20 узгаднілі агульныя фармулёўкі пра расейскую агрэсію ва Украіне, аднак, паводле яе, з РФ усё роўна трэба знайсці кампраміс.

Лаўроў жа 1 верасня папярэдзіў, што Расея не ўхваліць дэкларацыю, у якой не будзе адлюстраваная яе пазіцыя. Паводле яго, краіны Захаду ў рамках G20 рэгулярна ўздымалі тэму Украіны, хаця задачай G20 зʼяўляецца прыняцце рашэнняў для стабілізацыі сусветных фінансава-эканамічных працэсаў.

«Калі вы ўжо вырашылі перапісаць мандат «Дваццаткі», хочаце, каб яна займалася міжнародным крызісамі, – мы далі свой дакумент, дзе пералічаныя канфлікты, якія захоўваюцца дагэтуль і якія караняцца ў развязаных Захадам войнах», – сказаў Лаўроў.

У сваю чаргу Францыя ўжо адмовілася падпісаць любы выніковы дакумент, у якім не будзе пункту пра асуджэнне вайны Расеі на Украіне.

«Складана сказаць, ці здолеюць заходнія былыя партнёры за спінай Расеі і Кітаю да чаго-небудзь дамовіцца з прадстаўнікамі іншых кантынентаў. Мяркуючы са шматлікіх публікацыяў і адкрыццяў дасведчаных крыніц, прынамсі паспрабуюць гэта зрабіць», – піша палітычны аглядальнік «Ъ FM» Дзмітрый Дрызе.

Аднак, нагадвае ён, летась на Балі «таксама чакалі, спадзяваліся, але ўбачылі ў выніку толькі ўзмацненне канфрантацыі». Зараз, на яго думку, «магчымы аналагічны сцэнарый».

«Калі дамовіцца не ўдаецца, тады чакай новага вітка супрацьстаяння, які незразумела яшчэ чым скончыцца», – заявіў Дрызе.

На яго думку, таксама з’яўляецца пытаннем, ці гатовы Глабальны Поўдзень «адысці ад нейтралітэту і заняць больш актыўную пазіцыю ў дачыненні да таго, што адбываецца ў Еўропе».

«Я прысутнічаў на першых сямі самітах і ніколі не бачыў такой агалоскі, – сказаў Алак Шыл, які ўваходзіў у эканамічную кансультацыйную раду пры прэмʼер-міністру Індыі. – Але G20 больш арыентаваная на шматбаковыя вынікі, і я спадзяваўся, што гэтаму будзе надавацца больш увагі. Цяпер поспех прэзідэнцтва Індыі знаходзіцца пад пытаннем, бо гэта можа быць першы саміт, на якім не будзе дасягнутае пагадненне».

Агулам жа за час старшынства Індыі ў G20 удзельнікі міністэрскіх сустрэч ні разу не здолелі прыняць выніковы дакумент, для чаго неабходна згода ўсіх краін ва ўсіх пунктах. Гэтак і цяпер можна чакаць, што ў выніковым рэзюмэ будзе прынятае больш-менш агульнае рашэнне адносна агрэсіі Расеі, і пры гэтым, як і падчас саміту на Балі, будзе адзначана: «ёсць і іншыя меркаванні».

Аналітыка
Шматпалярная Індыя. Каго падтрымае ў глабальным супрацьстаянні Нью-Дэлі
2022.10.28 08:30

Макар Мыш belsat.eu