Кіраўнік МЗС Нямеччыны Гайка Маас выступіў з заявай у гадавіну сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў і пачатку пратэстаў у Беларусі. Пра гэта паведамляе DW.
Міністр заявіў, што выбары, якія прайшлі 9 жніўня 2020 году, «сталі паваротным пунктам».
«Мірныя пратэсты за права стаць на новы, дэмакратычны шлях, правесці сумленныя і свабодныя выбары і вызваліць палітвязняў выклікаюць па ўсім свеце пачуццё захаплення і салідарнасці, гэтаксама, як і сіла волі беларускага народу», – адзначыў Маас.
Паводле яго, сёння ўся краіна «знаходзіцца ў закладніках» у Аляксандра Лукашэнкі.
«Дзяржаўная ўлада, якая накіравана на тое, каб кінуць у турму дзясяткі тысяч уласных грамадзянаў за ўдзел у мірных пратэстах, катаваць іх і прымушаць пакінуць краіну, страчвае ўсялякую палітычную і маральную легітымнасць», – падкрэсліў ён.
Міністр замежных справаў заявіў, што Нямеччына і ЕЗ знаходзяцца на баку беларускага народа і не дапусцяць, каб беларусаў прымусілі замаўчаць.
ІІ belsat.eu