Ці дапаможа нам Папа рымскі?

Ці спраўдзіліся надзеі каталіцкага духавенства і вернікаў на прыезд папскага пасланца Кляўд’ё Гуджэроцці? Ціск на Касцёл узмацняўся з набліжэннем даты прыезду архібіскупа, а каментатары высоўвалі гіпотэзы, што рэпрэсіі неабходныя ўладам як разменная манета на перамовах.

 

 

Прэфект дыкастэрыі ў справах Усходніх Касцёлаў архібіскуп Кляўд’ё Гуджэроцці, спецыяльны пасланнік Папы Францішка на юбілейных урачыстасцях у гонар 25-годдзя з часу каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай. 1 ліпеня 2023 года, Будслаў, Мядзельскі раён, Менская вобласць.
Фота: catholic.by

Прэфект дыкастэрыі ў справах усходніх цэркваў Кляўд’ё Гуджэроцці не з чутак ведае сітуацыю ў Беларусі, бо з 2011 да 2015 года працаваў тут у якасці папскага нунцыя. Тое, што каталіцкія святары апынуліся ў турэмных камерах, для яго не навіна. Пры ім у 2014 годзе ў «амерыканку» трапіў каталіцкі святар Уладзіслаў Лазар паводле падазрэння ў шпіянажы на карысць Польшчы. Следства вымушанае было зняць з яго ўсе абвінавачанні з-за адсутнасці складу злачынства. Тады яшчэ не было адмашкі «не да законаў», і хоць з прабуксоўкай, але нейкія фармальнасці выконваліся.

2 ліпеня папскі пасланнік зачытаў пасланне Папы: «Заклікаю Божае дабраслаўленне на ўсіх жыхароў Беларусі!» У гэты час трэці раз запар судзілі выкладчыка катэхізісу ў архікафедральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Уладзіслава Беладзеда паводле «народнага» абвінавачання ў распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Папа Францішак на плошчы Святога Пятра, 16 красавіка 2023 года, Ватыкан.
Фота: www.vaticannews.va 

Сваякі адзначылі, што пасля 30 содняў, праведзеных у камеры Акрэсціна, на судзе ён выглядаў як чалавек, якога жорстка катавалі. Зрэшты, і без гэтага зразумела, што трэба было рабіць з чалавекам, каб ён на камеру губазікаўскага каналу сказаў, што «заклікаў у каментарах да гвалту, міжнацыянальнай варожасці, забойства працаўнікоў сілавых структураў і іхных сем’яў». Акрамя таго, ён заявіў аб сваёй гомасексуальнай арыентацыі. Здавалася б, немагчыма ў нас кагосьці ўразіць чарговым недарэчным абвінавачаннем, але, як высветлілася, першыя 15 содняў арышту Уладзіслаў атрымаў за перасылку адной з пропаведзяў… праваслаўнага патрыярха Кірыла. Вось ужо і праўда: «Шляхі Гасподнія неспавядальныя».

Hавiны
Затрыманы ксёндз Аляксандр Кулік
2023.05.25 20:27

Але не толькі Уладзіслаў Беладзед не змог прысутнічаць на будслаўскіх мерапрыемствах, у якіх браў удзел як спецпасланнік ад Папы Кляўд’ё Гуджэроцці.

Уніяцкі святар з Полацку Аляксандр Шаўцоў таксама быў у камеры ізалятару. Ён таксама адбываў трэці максімальны тэрмін запар. Шаўцова затрымалі ў канцы траўня. Спачатку далі 15 содняў, а пасля дадалі яшчэ 30, нібыта за «пікетаванне» і распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Амаль у адзін час з ім былі затрыманыя яшчэ двое каталіцкіх пробашчаў парафіяў у Віцебскай вобласці – Вячаслаў Адамовіч і Андрэй Кулік. У іх забралі гэджэты і камп’ютары. Вячаслаў Адамовіч быў арыштаваны на 7 содняў.

Уладзіслаў Беладзед.
Фота: Хрысціянская візія

Хтосьці можа запярэчыць, што ціск на царкву ахапіў у роўнай ступені ўсе канфесіі, і нават можна прывесці спіс прозвішчаў пацярпелых святароў.

Давайце зірнем. Паводле інфармацыі ТГ «Хрысціянская візія», у Беларускай праваслаўнай царкве так ці інакш рэпрэсіі зазналі 18 чалавек. З іх двое адбылі адміністратыўныя арышты, адзін – Сяргей Разановіч – атрымаў 16 гадоў заняволення ў справе Аўтуховіча, іншыя папросту пазбавіліся сваіх пастоў ці з’ехалі з краіны.

Што да святароў Рымска-каталіцкага касцёлу, то тут з рэпрэсіямі сутыкнуліся 17 чалавек, 15 з іх прайшлі праз суды. Дзевяць святароў былі кінутыя ў турмы, і не на адзін тэрмін. Толькі чацвёра з затрыманых абышліся штрафамі, а яшчэ двум прыгразілі крымінальнай справай.

75-гадовы архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ледзь трапіў на радзіму – пасля таго, як выехаў па справах у Польшчу. І тое – ужо пазней, як пайшоў на пенсію. І ў адсоткавых суадносінах каталіцкіх святароў менш, чым праваслаўных у 4,2 разы. Гэта, згодна са статыстыкаю за 2019 год, калі яшчэ не выслалі палякаў.

Тадэвуш Кандрусевіч.
Фота: catholic.by

А чаго вартая прапагандысцкая кампанія супраць каталіцкіх святароў? І гэта нават не толькі пакаянныя відэа ў кадыраўскім стылі. Маўчанне – таксама свайго роду кампанія, як ні парадаксальна гэта гучыць. Ніводнае дзяржаўнае СМІ не піша пра падзеі ў каталіцкім асяродку. Не было напісана ніводнага радка аб масавай працэсіі Божага цела ў сталіцы. Толькі самі ўдзельнікі і мінакі рабілі здымкі і выкладалі іх у сацыяльныя сеткі, каб суайчыннікі маглі ўбачыць, што вера ў гэтай краіне яшчэ не забітая.

Вера ў тое, што пераможа праўда. Але ці знойдзеш сёння праўду на прапагандысцкіх каналах? Дастаткова пачытаць, які бруд льецца на пробашча галоўнага каталіцкага храму, – Архікафедральнага сабору Найсвяцейшай Панны Марыі – Антонія Клемантовіча. У ход пайшло ўсё – ад ягонага захаплення паляваннем да падтрымкі пратэстаў у 2020 годзе. Яго нават абвінавацілі ў «зліве інфармацыі» «экстрэмісцкім каналам».

Не пашкадавалі бруду і для пробашча Чырвонага касцёлу Уладзіслава Завальнюка. Немагчыма забыць момант, як пажылы святар стаіць на каленях на ганку храму і моліцца, каб туды пусцілі вернікаў.

Касцёл, візітная картка сталіцы, які ёсць гарадской уласнасцю, спрабавалі закрыць не адзін раз. У ход ішлі нейкія камунальныя рахункі, пакуль сітуацыя не вырашылася кардынальным чынам. Нібыта ўначы здарыўся пажар, якога, дарэчы, ніхто не заўважыў, і будынак закрылі на рамонт. Мінула дзевяць месяцаў, але ніякага рамонту няма. Помста за тое, што падчас разгону дэманстрацыі людзі беглі ў храм, каб там уратавацца ад разʼюшаных сілавікоў?

Удзень 11 кастрычніка працаўнікі міліцыі спрабавалі затрымаць ксяндза Уладзіслава Завальнюка. Крыніца: christianvision/telegram

Выходзіць, што святары, якія ёсць маральнымі аўтарытэтамі, асабліва небяспечныя для ўладаў? Магчыма, таму ўсе і чакалі прыезду папскага пасланца. Была надзея.

Візіт завяршыўся, і ўжо здавалася, што безвынікова, але праз тры дні пасля адʼезду Гуджэроцці сталі вядомыя новыя кадравыя прызначэнні ў Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Пасля інцыдэнту з архібіскупам Тадэвушам Кандрусевічам шмат каму было зразумела, што ўмовай уладаў у справе Чырвонага касцёлу будзе адстаўка ксяндза Уладзіслава Завальнюка. Апасаліся, што кіраўніцтва касцёлу можа пайсці на такі крок, але Завальнюк дагэтуль застаецца пробашчам касцёлу, праўда, і касцёл застаецца па-ранейшаму закрыты

Інтэрв’ю
Ксёндз Зміцер Прыступа: «Каля труны Хрыста стаяла варта, але Ён уваскрос. Не губляйма надзеі»
2023.04.09 12:00

Тады як пробашча катэдры Антонія Клемантовіча змяніў на пасадзе ксёндз Дзмітрый Пухальскі. Ён мае аўтарытэт сярод святароў і ёсць спецыялістам у кананічным праве. Антоній Клемантовіч будзе працягваць служэнне ў іншым месцы. Гэта звычайная практыка, калі святароў каталіцкіх храмаў пераводзяць з аднаго месца на другое, і могуць нават адправіць у самую далёкую краіну. Вельмі часта святара могуць накіраваць у мястэчка, у якім мала каталікоў, а ён будзе будаваць там храм. Прынятыя і іншыя кадравыя рашэнні ў самой структуры касцёлу, якія ў большай ступені датычаць клірыкаў і не так цікавыя вернікам.

Пісаць пра палітыку ўладаў у дачыненні якіх-небудзь канфесіяў складана, бо тэма гэтая вельмі далікатная. Рэлігійныя пачуцці вернікаў не павінны быць закранутыя. Людзі не вінаватыя і не нясуць адказнасці, калі нейкі святар з таго прыходу, куды ходзіць вернік, пачне займацца не тым, чым павінен. Тым не менш, нам даводзіцца сутыкацца з такімі фактамі.

Свята-Духаў кафедральны сабор на Нямізе.
Фота: Белсат

Вось апошняя навіна: расейская манашка Яўгенія дала справаздачу аб чарговай порцыі дапамогі, дастаўленай расейскім вайскоўцам ад валанцёрскай групы пры Свята-Елісавецінскім манастыры ў Менску. Гэтая «матухна» паведаміла: «Тым часам, машына, падораная дарагімі беларусамі не менш дарагому «Беркуту», дастаўленая ў Растоў. Таксама паспелі набыць і кропкі доступу, грошы на якія таксама даслалі нам беларусы. Паклон матухне Аляксандры і ўсім, хто «працуе». Расейскае ваеннае падраздзяленне, якое атрымала аўтамабіль, на знак удзячнасці менскаму манастыру назвала УАЗ «Зубрам».

Што могуць з гэтым зрабіць праваслаўныя вернікі? Хтосьці, напэўна, прыносіў грошы, каб памаліліся святары за бацьку ці маці, ці дзіця, якое хварэе. А можа, і за таго, хто трапіў у турму за тое, што выйшаў на пратэст супраць гэтай самай вайны. Вось такая іронія лёсу. Людзі хочуць верыць, што малітва святара абавязкова дапаможа. Вядома, не выключана, што нехта ахвяраваў менавіта на вайну, і менавіта для таго, каб расейскія вайскоўцы змаглі б забіць як мага больш украінцаў, але як быць у гэтай сітуацыі вернікам, якія супраць вайны? Вось яны і ідуць да тых святароў, якія падзяляюць іхныя каштоўнасці. Але тых святароў, якія моляцца за мір, кідаюць у турмы. Ці спыняцца рэпрэсіі супраць святарства? Трэба пачакаць. Раптам больш нікога не арыштуюць?

Агляд
Забіраюць крыжык, Біблію, не пускаюць святароў. Як у беларускіх турмах парушаюць правы вернікаў
2023.04.16 07:00

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў