Лукашэнка паталагічна нікому не давярае, і гэтым карыстаюцца расейцы


Галоўная праблема Аляксандра Лукашэнкі – залежнасць ад Расеі ці адсутнасць легітымнасці? Ці паспрабуе ён наладзіць дачыненні з Захадам? Ці зацягне Расея Беларусь у адкрытую вайну ў 2024 годзе? Ці зможа Украіна перамагчы? Што зменіцца для беларусаў, калі прэзідэнтам ЗША зноў выберуць Доналда Трампа? Сяргей Пеляса і Зміцер Міцкевіч у праграме «Прасвет» прагназуюць падзеі 2024 года.

Сяргей Пеляса: Як ты бачыш лёс Аляксандра Лукашэнкі і рэжыму ў новым годзе?

Зміцер Міцкевіч: Мне здаецца, не варта чакаць радыкальных зменаў, таму што цяпер шмат залежыць ад вонкавых фактараў. Мы бачым, што Лукашэнка адказвае толькі за ўнутраныя пытанні. Ні за якія сур’ёзныя вонкавыя пытанні яму адказваць не даюць. Гэта нам кажа пра тое, што ўсё залежыць ад вонкавых фактараў. Ці будзе дэстабілізацыя ў Расеі? Як будуць разгортвацца падзеі на фронце ва Украіне? Якім чынам будзе складвацца эканамічная абстаноўка? Відавочна, што Лукашэнка спрабуе ўмацавацца.

Ён кожны раз спрабуе паказаць, што ён палітычны суб’ект, а не аб’ект.

Ён спрабуе вярнуцца на міжнародную арэну. На саміце ЕАЭС спрабаваў перацягнуць на сябе парадак дня. Сустракаецца з Сі Цзінь Пінам і там спрабуе наладзіць стасункі. Ёсць спробы размоваў з Захадам, але кожны раз гэтыя спробы правальваюцца, бо ў расейцаў ёсць рычагі ўплыву. Яму не даюць карыстацца гэтымі міжнароднымі магчымасцямі.

План: Б
Што чакае беларусаў у 2024 годзе? Зоры і карты сышліся ў адным
2024.01.08 18:02

Самае іранічнае, што Лукашэнка ўспрымае нават размяшчэнне ядравай зброі таксама як доказ суб’ектнасці. Ён думае, што на Захадзе паглядзяць на тое, што ў яго ёсць ядравая зброя, значыць, з ім трэба дамаўляцца. На Захадзе ўсе разумеюць, што гэтую зброю кантралюе не ён. Фармальна, можа, недзе хтось і будзе гэта такім чынам успрымаць, але рэальна прыняцця гэтай суб’ектнасці няма і не будзе. Заходнія палітыкі пачынаюць адкрыта казаць, што няма сэнсу з ім размаўляць. Гэта не праблема адсутнасці камунікацыі, бо камунікацыя з ім падтрымліваецца і па дыпламатычнай лініі, і па лініі спецслужбаў. Калі б у яго былі прапановы ці магчымасці выхаду на дыялог, яны б даўно былі зробленыя.

Я не пагаджуся. Я лічу, што ягоная галоўная праблема не ўплыў Расеі. Галоўная праблема – ягоная легітымнасць, а дакладней, амаль поўная яе адсутнасць. Захад размаўляе з Аліевым, кіраўніком Азербайджану. Усе разумеюць, што гэта дыктатар, але бачаць, што няма пратэсту ў Азербайджане і нібыта ў яго ёсць легітымнасць. Беларусы паказалі, што Лукашэнка нелегітымны. У новым годзе будуць выбары ў гэтак званы парламент. Як думаеш, ці дадуць гэтыя выбары Лукашэнку магчымасць паказаць, што няма пратэстаў, ёсць падтрыманне, значыць, я легітымны, размаўляйце са мной?

Цікавы момант, бо адно не выключае другога. Адсутнасць легітымнасці не выключае ўплыву Расеі. Ён легітымнасць унутры краіны здабывае падтрыманнем Расеі. Груба кажучы, на расейскіх штыках ён цяпер і сядзіць. Менавіта гэтыя штыкі забяспечвалі лаяльнасць ягоных сілавікоў у 2020 годзе. Таму Расея яго на гэтым кручку трымае. Гэтыя выбары – прыклад, калі галасоў ніхто не будзе лічыць. Я прагназую, што яны нават не будуць ствараць уражання правядзення галасавання і ўсенароднай падтрымкі.

Яны пакажуць карцінку, што ўсё спакойна?

Абсалютна так можа быць. Не думаю, што будуць кампаніі для заахвочвання ўдзелу ў выбарах. Наадварот, сядзіце ўдома і нікуды не хадзіце. Можа, яны спрабуюць правесці датэрміновую выбарчую кампанію з загонам людзей на ўчасткі, але нават гэтага можа не быць. Цяпер яны паталагічна баяцца любых праяваў актыўнасці. Верагодна, яны нікога не будуць чапаць. Нават калі ніхто не прыйдзе на гэтыя ўчасткі, яны аб’явяць, што прыйшло 90 %, усе прагаласавалі як трэба.

І што – Лукашэнка ўжо ў сакавіку адчуе сябе больш упэўнена? Ці дазволіць гэта пайсці на крокі адлігі, вызвалення часткі палітвязняў?

Я не думаю, што гэта фактар, які можа на штосьці паўплываць. Тут будзе залежаць ад жаданняў Лукашэнкі і ягоных магчымасцяў лавіраваць у стасунках з Расеяй. Яму, відавочна, хочацца прадэманстраваць адрознасць ад Расеі, ён, можа, і хацеў бы гандляваць палітвязнямі, як раней. Цяпер у яго сітуацыя істотна змянілася, такой магчымасці няма. Тыя санкцыі, якія ўводзіліся супраць ягонага рэжыму, уводзіліся не праз палітвязняў і палітычныя рэпрэсіі, а за рэчы, за якія цяпер Лукашэнка не адказвае. Міграцыйны крызіс, пасадка самалёта з Пратасевічам. Фактычна гэта генерацыя пагрозаў для Захаду, быццё палігонам для расейскіх гібрыдных атак супраць заходніх краінаў. Таму я не думаю, што гэтак званыя выбары могуць стаць важным фактарам у палітычным жыцці. Яны будуць паказваць, што кантралююць сітуацыю, на ўнутрыпалітычнай арэне яны будуць ствараць карцінку, але я не ўпэўнены, што гэтая карціна будзе пераканаўчая для Захаду. Вызваленне палітвязняў таксама – не думаю, што будзе да гэтага прывязана. Гэта можа спраўдзіцца, калі меркаванні аб ультыматуме з боку Кітаю для Лукашэнкі… Калі яму трэба будзе наладзіць стасункі з Захадам, тады ён пачне разгульваць гэтую карту.

Тыдзень
Паказуха чыноўнікаў vs рэальныя прагнозы экспертаў. 2024 год: Прагнозы і чаканні. Топ-навіны за тыдзень
2024.01.08 12:11

Лукашэнка на апошніх запісах выглядае ўсё горш. Ходзіць ён даўно з праблемамі, цяпер праблемы з голасам, ён зноў пачаў сіпець. Пры кожнай нагодзе ён стараецца насіць спартовае адзенне і красоўкі. Нават на спатканні з Аліевым ён быў у спартовай куртцы. Пра што гэта сведчыць? Ці дае надзею беларусам, што ў наступным годзе можа скончыцца рэжым Лукашэнкі разам з ім? Ці Лукашэнка моцны і будзе пажыццёва кіраваць Беларуссю?

Я думаю, ён хоча кіраваць пажыццёва. Пытанне, наколькі яму дазволіць здароўе. Відавочныя ягоныя праблемы, і мы ведаем, што ён параноік. Ён вельмі імпульсіўна рэагуе на розныя падзеі і імпульсіўна прымае рашэнні. Ён паталагічна нікому не давярае. Такому чалавеку цяжка жыць, праца стрэсавая. Гэтым удала карыстаюцца расейцы. Яны любяць правакаваць яго на розныя імпульсіўныя рашэнні, а ён не мае магчымасці нічога з сабою зрабіць.

Дагэтуль Крамлю не ўдалося справакаваць Лукашэнку на адкрыты ўдзел у вайне супраць Украіны. Хоць рэжым Лукашэнкі, Беларусь лічыцца суагрэсарам у вайне. Як ты бачыш сітуацыю ў новым годзе? Ці будзе Лукашэнка спрабаваць дыстанцыявацца ад вайны, разумеючы, што гэта можа для яго азначаць? Ці будуць расейцы спрабаваць глыбей яго ўцягнуць у гэты канфлікт?

Я не думаю, што расейцы хацелі яго папросту ўцягнуць. Лукашэнка – іхны медыятар у гэтым канфлікце. Яны не будуць нівеляваць гэтай ролі і будуць падтрымліваць ягоную рыторыку, што калі будуць нейкія перамовы, то ім, відавочна, трэба будзе мець нейкага саюзніка. Нібыта нейтральнага. І гэтую ролю адводзяць Лукашэнку. У расейцаў ёсць пагарда да беларусаў, іншых народаў, менавіта таму яны не запрашалі Лукашэнку ўдзельнічаць у гэтай вайне, бо, маўляў, што бульбашы могуць наваяваць. Яны ацэньваюць сілы, якія ў яго ёсць. Яны ведаюць, што гэтыя сілы ніякім чынам сітуацыю на фронце сур’ёзна не зменяць.

Але могуць адцягнуць увагу, напрыклад, часткі ўкраінскіх сілаў ад Данбасу. Украінцам прыйдзецца перакінуць войскі на поўнач, каб бараніць Кіеў.

Яны і так на поўначы і чакаюць пэўных магчымасцяў. Яны будуюць абарончыя ўмацаванні, умацоўваюць мяжу. Удзел войскаў Лукашэнкі шмат дывідэндаў не прынясе. Важнейшыя тут палітычныя дывідэнды. Плюс Пуцін ні з кім не хацеў бы дзяліцца трафеем. Ён хоча паказаць, што сам зрабіў, а Лукашэнка – недзе на падтанцоўцы. На пачатку вайны Лукашэнку, можа, і хацелася ў чымсьці паўдзельнічаць, бо яны верылі, што зараз перамогуць. Відавочна, што цяпер для Пуціна іншыя фактары граюць ролю. Яму Лукашэнка патрэбны як незалежны актар. Яны яго прэзентуюць як незалежнага актара. Спрабуюць у сваёй прапагандзе паказаць, што нібыта Лукашэнка сам прымае рашэнні, такі незалежны саюзнік, які падтрымлівае іх з уласнай волі.

Што ты думаеш пра перспектыву вайны Расеі супраць Украіны? Ці можа Украіна яшчэ перамагчы ў гэтай вайне?

Украіна можа перамагчы ў гэтай вайне. Тут усё залежыць не толькі ад Украіны. Калі б усё залежала ад Украіны і іх волі да перамогі, то перамога была б значна больш хуткай. Ёсць шэраг праблемаў, якія істотна ўплываюць. Мы бачым, што ў самой Украіне адбываецца палітычны крызіс. Мы бачым, што ёсць пытанні да ўкраінскай карупцыі. Гэта праблема ёсць і абмяркоўваецца на Захадзе. Відавочна, што гэтыя праблемы ўплываюць на ўспрыняцце Украіны ў іншых краінах, якія гэтую дапамогу аказваюць. Фактары, якія будуць уплываць, – гэта імкненне і жаданне Расеі цалкам перайсці на ваенныя рэйкі, цалкам перабудаваць эканоміку і працягваць наступ. Пакуль страты, якія панесла Расея, менавіта ў асабовым складзе для яе не надта істотныя. Іх 140 мільёнаў.

Агляд
Дзе бабахне ў 2024 годзе? Глядзім, у якіх краінах магчымыя новыя войны
2024.01.03 08:00

Наконт стратаў. Генерал Валерый Залужны акрэсліў канцэпцыю на наступны год – задаваць расейцам страты адзін да дзесяці. За аднаго ўкраінца – дзесяць расейцаў. Ці можа гэтая канцэпцыя ўвасобіцца ў вайне супраць Расеі?

Ёсць цікавы гістарычны прыклад. Першая сусветная, бітва пад Баранавічамі. Тая ж гісторыя. Немцы страцілі забітымі, параненымі і палоннымі каля 10–11 тысяч чалавек. Расейцы страцілі 80 тысячаў.

Скончылася ўсё рэвалюцыяй у Расеі, бальшавіцкім пераваротам.

Такія страты і ўзровень стомленасці расейскага грамадства могуць прывесці да іх паразаў. Страты мусяць быць такімі. У цяперашняй расейскай гісторыі гэтая бітва падаецца як поспех. Нібыта ніводны бок не меў поспеху.

Калі Трамп пераможа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША, то нам канец, Украіне і Беларусі?

Я б не быў настолькі катэгарычны, бо якраз першая кадэнцыя Трампа паказала, што ягоныя дзеянні моцна адрозніваліся ад рыторыкі. Для нашага рэгіёну ён зрабіў шмат добрага. Перад ім такога не адбывалася. Польшча і Румынія – краіны, з якімі супадаюць нашыя стратэгічныя інтарэсы, – былі прызначаныя галоўнымі амерыканскімі проксі ў рэгіёне. Быў выціснуты з Еўропы Кітай са сваймі тэхналогіямі, якія пры дапамозе немцаў хацелі ўсім апанаваць. Таксама была падціснутая Расея. Цяпер нават калі ягоная рыторыка вельмі эпатажная, мы маем ягоны папярэдні досвед. Да таго ж рэспубліканская партыя. Важна разумець, хто яе галоўны спонсар. Галоўны спонсар рэспубліканскай партыі – амерыканскі вайскова-прамысловы комплекс. «Lockheed Martin» ды іншыя падобныя кампаніі. Яны не зацікаўленыя ў тым, каб дапамога Украіне змяншалася. Наадварот, гэта непасрэдныя інвестыцыі ў іх.

Ці прынясе нам новы год пазітыўныя падзеі, звязаныя з нашым рэгіёнам?

Рэжымы Лукашэнкі і Пуціна сваёй эскалацыяй і негатыўнымі дзеяннямі вядуць да пазітыўных вынікаў. Яны трымаюць нашую краіну на парадку дня, і гэта прыводзіць да таго, што тыя ж ЗША праводзяць з дэмакратычнымі сіламі Беларусі стратэгічны дыялог. Важна, каб стратэгічна мы былі на парадку дня і былі важнымі для ўсяго свету.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 04.01.2024

belsat.eu

Стужка навінаў