Пуцін заявіў пра намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у 2024 годзе


Падчас цырымоніі ў Крамлі да Дня герояў айчыны, якая прайшла 8 снежня, Уладзімір Пуцін абвесціў пра намер удзельнічаць у выбарах у 2024 годзе, паведамляе ТАСС.

Уладзімір Пуцін 22 лютага 2023 года.
Фота: Kremlin.ru

З просьбай прыняць удзел у выбарах да Пуціна нібыта звярнуўся спікер парламенту ДНР Арцём Жога, на што прэзідэнт РФ адказаў згодай.

Паўнамоцтвы Пуціна на пасту прэзідэнта сканчаюцца 7 траўня 2024 года. Прэзідэнцкія выбары прызначаныя на сакавік 2024 года. Як паведамляе расейская ЦВК, выбары прэзідэнта ўпершыню будуць шматдзённымі і пройдуць з 15 па 17 сакавіка. Галасаваць датэрмінова можна будзе з 25 лютага.

Hавiны
«Пуцін мусіць пайсці». Аляксей Навальны заклікаў прыняць удзел у прэзідэнцкіх выбарах
2023.12.07 13:48

У 2020 годзе ў Канстытуцыю РФ былі ўнесеныя папраўкі, у выніку якіх «абнуліліся» папярэднія прэзідэнцкія тэрміны і дзейсны кіраўнік дзяржавы атрымаў права зноў вылучаць сваю кандыдатуру без уліку папярэдніх тэрмінаў. Да ўнясення паправак прэзідэнт РФ мог знаходзіцца на сваім пасту толькі два тэрміны запар.

Уладзімір Пуцін займае пост прэзідэнта Расейскай Федэрацыі з 7 траўня 2012 года. У 2008 – 2012 гадах быў старшынём ураду РФ. З 7 траўня 2000 года па 7 траўня 2008 года таксама быў прэзідэнтам.

Раней у інтэрв’ю выданню «The New York Times» прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што на прэзідэнцкіх выбарах 2024 года ў Расеі пераабранне Пуціна непазбежнае: за яго прагаласуюць больш за 90 % выбарнікаў.

У жніўні выданне «Медуза» распавядала, што ў палітычным блоку Адміністрацыі прэзідэнта Расейскай Федэрацыі (АП) ужо вызначыліся са спарынг-партнёрамі, якія будуць «канкураваць» з Пуціным на прэзідэнцкіх выбарах. Адным з галоўных крытэраў адбору стаўся ўзрост: сярод зарэгістраваных кандыдатаў не павінна быць палітыкаў, маладзейшых за 50 гадоў, каб Пуцін не выглядаў старым. Паводле выдання, папярэдне ў АП разлічвалі, што на выбары, акрамя Пуціна, пойдуць прадстаўнікі трох парламенцкіх партыяў: КПРФ (Генадзій Зюганаў), ЛДПР (Леанід Слуцкі) і «Новые люди» (Аляксей Нячаеў).

У лістападзе пра свой намер балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах заявіў былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Стралкоў (Гіркін), які цяпер за кратамі.

Аналітыка
«Выбуховая сумесь». Ці могуць турбапатрыёты расхістаць рэжым Пуціна?
2023.12.01 18:23

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў